Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зайдэс адмовіўся закрыць «Поедем поедим», прапанаваў грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў


Леанід Зайдэс
Леанід Зайдэс

Сузаснавальнік рэстарацыі «Поедем поедим» Леанід Зайдэс 20 ліпеня выступіў з заявай для СМІ. Уклаўся з прамовай у 10 хвілін, на пытаньні журналістаў не адказваў.

Абноўлена. Пасьля прэс-канфэрэнцыі была затрыманая карэспандэнтка «Белсату» Кацярына Андрэева, яе вінавацяць у «незаконным вырабе прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 КаАП РБ). Андрэева вяла стрым зь міліцэйскай машыны.

Абаронцы Курапатаў адказалі на прапановы ўласьнікаў рэстарацыі «Поедем поедим»

«Доўгі час мы разглядалі канфлікт як непаразуменьне бакоў, — пачаў Леанід Зайдэс свой выступ. — Мы трывалі і былі гатовыя сесьці за круглы стол зь людзьмі, якія пікетавалі рэстарацыю. Але стала зразумела, што вырашэньне пытаньня для пікетоўцаў ня важнае, ім патрэбен уласна шум вакол Курапатаў. Са мной пачалі гаварыць на ўзроўні шантажу. А з шантажыстамі, як вядома, перамоваў не вядуць».

Зайдэс раскрытыкаваў прапанову актывістаў арганізаваць перанос рэстарацыі ў іншае месца.

«Гэта не вытрымлівае ніякай крытыкі найперш з тэхнічнага гледзішча, — адзначыў ён. — Адразу відаць, што такое прапануюць дылетанты. Таму яшчэ раз паўтару: з тымі, хто кідаецца пад машыны, мы размаўляць больш не зьбіраемся. Але будзем кантактаваць з партыямі і арганізацыямі, гатовымі ўшаноўваць памяць ахвяраў у Курапатах».

Зайдэс, як і раней дырэктарка Сьвятлана Дубкова, падкрэсьліў, што гэта сямейная рэстарацыя, а не забаўляльны комплекс. Ён гарантуе, што тут ня будзе гучнай музыкі, фэстываляў, салютаў у фэервэркаў. Толькі спартовыя перадачы, дадаў ён.

Бізнэсовец нагадаў, што ў лістападзе 2012 году сузаснавальнікі зьвярнуліся ў Міністэрства культуры з прапановай фінансаваньня распрацоўкі канцэпцыі архітэктурнага рашэньня мэмарыяльнага комплексу. Агулам — больш за 10 пунктаў. Але рэалізаваць праект так не ўдалося — «не па нашай віне», сказаў ён.

Паводле аднаго з гаспадароў рэстарацыі «Поедем поедим», ягоныя калегі гатовыя да перамоваў з «адэкватным» грамадзкімі арганізацыямі аб стварэньні музэю і добраўпарадкаваньні тэрыторыі Курапатаў.
Таксама ён адзначыў, што комплекс — гэта 80 працоўных месцаў, якіх сёньня так не хапае Менску.

Пратэст супраць рэстарацыі «Поедем поедим», архіўнае фота
Пратэст супраць рэстарацыі «Поедем поедим», архіўнае фота

У момант, калі праводзілася прэс-канфэрэнцыя Зайдэса, абаронцы Курапатаў Вольга Мікалайчык, Леанід Кулакоў і Мая Навумава знаходзіліся за кратамі — яны былі арыштаваныя пасьля спробы правесьці акцыю пратэсту пад іншай рэстарацыяй Зайдэса, «Гранд Кушавэль» у цэнтры Менску.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG