Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы Курапатаў — у ізалятары на Акрэсьціна


Ізалятар на завулку Акрэсьціна, архіўнае фота

Вольга Мікалайчык, Леанід Кулакоў і Мая Навумава знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсьціна. Пра гэта Свабодзе паведаміў Павал Севярынец.

Паводле Севярынца, у ізалятары пацьвярджаюць знаходжаньне там абаронцаў Курапатаў, але ня кажуць, на колькі сутак хто зь іх асуджаны.

Актывістаў затрымалі сёньня а 14 гадзіне каля рэстарацыі «Гранд Кушавель», якую яны зьбіраліся пікетаваць у межах кампаніі байкоту рэстарацый бізнэсоўца Леаніда Зайдэса. Зайдэс — асноўны ўласьнік рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў, закрыцьця якой актывісты дамагаюцца другі месяц.

«Пасьпелі толькі раздаць 3 буклеты пра Курапаты. Пікету як такога і не было», — сказаў сьведка затрыманьня Ільля Дабратвор.

Вядома, што затрыманых актывістаў сьпярша павезьлі ў Цэнтральны РУУС, дзе пасьля гэтага над імі адбыўся суд, на Акрэсьціна ня кажуць.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG