Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМАП разагнаў пікет ля рэстарацыі Зайдэса «Гранд Кушавель»


Адна з затрыманых — Вольга Мікалайчык. Архіўнае фота
Адна з затрыманых — Вольга Мікалайчык. Архіўнае фота

Супрацоўнікі менскага АМАПу затрымалі Вольгу Мікалайчык, Маю Навумаву і Леаніда Кулакова, а таксама яшчэ аднаго актывіста, якія прыйшлі на пікет ля рэстарацыі «Гранд Кушавель», што належыць саўладальніку забаўляльнага комлексу «Поедем поедим» ля Курапатаў.

Затрыманых вязуць у Цэнтральны РАУС, паведаміў Свабодзе Леанід Кулакоў зь «сіняга буса».

Акцыя доўжылася некалькі хвілінаў. Удзельнікаў папярэдзілі, што іхная акцыя несанкцыянаваная, а потым забралі ў мікрааўтобус. Актывісты не змаглі раздаць свае ўлёткі з асуджэньнем дзейнасьці бізнэсоўца Леаніда Зайдэса, які ня хоча згортваць рэстарацыю ля Курапатаў.

Абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў Зайдэса

Адзін з ініцыятараў пратэсту ў Курапатах Павал Севярынец заявіў 18 ліпеня пра байкот менскіх рэстарацыяў Зайдэса пасьля зрыву перамоваў. Акрамя акцыяў пратэсту, будуць накіраваныя лісты да асноўных пастаўшчыкоў харчоў і напояў з прапановай спыніць падтрымку «бізнэсу на касьцях». Калі гэтыя звароты праігнаруюць, распачнецца кампанія закліку да байкоту праз сацыяльныя сеткі.

Таксама абаронцы Курапатаў зьбіраюцца прасіць замежныя амбасады не даваць візы ўласьнікам рэстаранаў, ахоўнікам, службоўцам, якія пішуць даносы і ажыцьцяўляюць рэпрэсіі ў дачыненьні абаронцаў Курапатаў; тым, хто наяжджае на людзей альбо ўдзельнічае ў гэтым бізнэсе; і самым актыўным наведнікам. У прэзыдэнцкую адміністрацыю рыхтуюць заяву з патрабаваньнем правесьці праверку і перагледзець ранейшы дазвол на дзейнасьць рэстарацыі побач зь месцам расстрэлаў.

Дзяніс Івашын: «Сьляды з рэстарацыі „Поедем поедим“ вядуць у хакейную каманду Лукашэнкі?»

Напярэдадні старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што справа з арганізацыяй перамоваў паміж прадстаўнікамі грамадзкасьці і ўладальнікамі рэстарацыі «Поедем поедим» зайшла ў тупік.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG