Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба пачытаць і паглядзець пра Курапаты, дзе ўлады зносяць крыжы. Сьпіс фільмаў і кніг


Курапаты
Курапаты

У аглядзе Свабоды — кнігі і фільмы пра ўрочышча Курапаты, дзе на загад уладаў зранку 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў.​

​Пасьля адкрыцьця трагедыі ў Курапатах пасьпела вырасьці цэлае пакаленьне беларусаў, якія нічога ці амаль нічога ня ведаюць пра жудасныя падзеі ў гэтым урочышчы і не разумеюць, супраць чаго і за што доўжыцца змаганьне за кальцавой дарогай на поўнач ад Менску.

Зянон Пазьняк, Яўген Шмыгалёў, Мікола Крывальцэвіч, Алег Іоў. «Курапаты». Менск: «Тэхналёгія», 1994

Гэтая кніга распавядае пра падзеі 30-х — 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя, пра якія беларускае грамадзтва даведалася толькі ў 1988-м. Група беларускіх навукоўцаў, абапіраючыся на ўспаміны жыхароў ваколіц ляснога ўрочышча Курапаты пад Менскам, правяла там археалягічныя раскопкі і дасьледаваньні, вынікам чаго сталі зьвесткі пра масавыя расстрэлы сотняў тысяч людзей, нечуванае злачынства савецкай улады.

У кнізе зьмешчаныя справаздачы з дасьледаваньняў, з раскопак, якія вяліся ва ўрочышчы; зьвесткі пра тое, якім рэхам справа Курапатаў адбілася ў беларускім грамадзтве. Чытач знойдзе ў кнізе і творы мастацкай літаратуры, прысьвечаныя Курапатам і ахвярам злачынства.

Георгий Тарнавский, Валерий Соболев, Евгений Горелик. Куропаты: следствие продолжается. Москва: Юридическая литература, 1990

Пракурор БССР Георгі Тарнаўскі быў першым намесьнікам старшыні ўрадавай камісіі дасьледаваньня Курапацкай справы; начальнік сьледчага аддзелу Пракуратуры Валеры Собалеў каардынаваў дзейнасьць усіх службаў, улучаных у сьледзтва. Літаратурную працу на аснове матэрыялаў сьледзтва і ўласных апытаньняў сьведкаў зрабіў журналіст, тады галоўны рэдактар агенцтва БелТА Яўген Гарэлік.

Гэта першая савецкая кніга, якая апісвае расьсьледаваньне злачынстваў савецкага ж камунізму. Юрыдычна дакладна аналізуюцца шматлікія дакумэнты, сьведчаньні, экспэртызы, лісты былых лягерных вязьняў. Шмат ілюстрацыяў. Кніга адказвае на пытаньні, хто ляжыць у курапацкіх ямах і хто страляў ім у патыліцу. Выснова адназначная: Курапаты — злачынства НКВД. Кніга выйшла ў маскоўскім выдавецтве 100-тысячным накладам, яе суаўтары працавалі ў дзяржаўнай сыстэме БССР, што само сабою адпрэчвае ўсякія спробы абвясьціць сьледзтва «тэндэнцыйным» і рэвізаваць яго.

Зянон Пазьняк, Валеры Буйвал. «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял». Варшава — Нью-Ёрк — Вільня: «Беларускія ведамасьці», Таварыства беларускай культуры ў Літве, 2012

Пасьля прыходу да ўлады ідэйных спадкаемцаў савецкіх злачынцаў праўду пра Курапаты ўсяляк стараюцца схаваць. Публікуюцца фальшывыя артыкулы, апаганьваюцца магілы забітых. Першая афіцыйная спроба масавага зьнішчэньня могільніка ахвяраў камуністычных рэпрэсій пачалася ўвосень 2001-га пракладваньнем аўтадарогі праз курапацкае ўрочышча. Грамадзтва паўстала супраць бульдозэраў.

Гэтая кніга распавядае пра тыя падзеі. У ёй — збор аўтарскіх артыкулаў, успамінаў, матэрыялаў, фатаздымкаў і перадрукаў, прысьвечаных тэме абароны Курапатаў. Разглядаецца пэрыяд ад адкрыцьця месца расстрэлаў і пахаваньняў і да ўзьнікненьня народнага мэмарыялу, калі там быў утвораны «Лес крыжоў». У кнізе апісаная дзейнасьць энтузіястаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ у будаўніцтве мэмарыялу і ў падтрыманьні народнай памяці пра рэпрэсаваных.

Уладзімер Кармілкін. «Курапаты, абарона». Фотаальбом. Менск: Архіў ГА «Дыярыуш», 2001-2002

​Фатакамэра знанага хранікёра найноўшага беларускага Адраджэньня Ўладзімера Кармілкіна зафіксавала і спробы ўлады зьнішчыць месца памяці рэпрэсаваных савецкай уладай, і ахвярныя дзеяньні купкі людзей у абароне Курапатаў падчас будаваньня Менскай кальцавой дарогі. Храналёгія падзеяў бяз слоў распавядае пра супрацьстаяньне сілаў маны і праўды.

«Дарога праз Курапаты». Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе», 2002

Гісторыі безразважнай абароны месца масавых расстрэлаў і пахаваньняў ахвяраў камунізму падчас будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі прысьвечаная і гэтая кніга. Яна ўнікальная ў гісторыі журналістыкі. Дакумэнт штодзённага рэпартажу з аднаго месца на працягу 8 месяцаў. Кніга абароненай годнасьці.

Дарогу праз магілы ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў вяла лукашэнкаўская ўлада, узброеная спэцтэхнікай, судамі, амонам. Абарону трымалі маладыя грамадзяне — дзяўчаты і хлопцы, а таксама вязьні ГУЛАГаў і іхныя дзеці і ўнукі, сьвятары, археолягі, палітыкі, замежныя госьці. Увесь час над лягерам валянтэраў лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, ладзілі талокі, ставілі крыжы. Улада адступіла.

Курапаты: Зборнік матэрыялаў. Аўт.: Вяргей В., Гаравы М., Іоў А. і інш.; Склад.: Арэшка В. і інш./Грамадзкая ініцыятыва «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты". — Менск: ГА «Дыярыуш», 2002

У зборніку публікуюцца артыкулы археолягаў Міколы Крывальцэвіча «Адкрыцьцё Курапатаў» пра раскопкі 1988 г. і Алега Іова «Асноўныя вынікі раскопак 1997–1998 гг.» з статыстыкай і апісаньнем знойдзеных артэфактаў — сьведчаньняў злачынства НКВД.

Зьмешчаныя хранікальныя і канцэптуальныя тэксты Паўла Севярынца, Марата Гаравога, Сяргея Сахарава, Валянціны Трыгубовіч, гістарычныя дасьледаваньні Ігара Кузьняцова, апісаньне стану мэмарыялізацыі памяці пра ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў, якое выканалі Валянціна Вяргей, Мая Кляшторная і Зінаіда Тарасевіч.

«Дарога на Курапаты». «Беларусьфільм», 1990

Дакумэнтальны фільм «Дарога на Курапаты» быў зьняты на кінастудыі «Беларусьфільм» неўзабаве пасьля адкрыцьця месца масавых злачынстваў у 1930-1950-х гадах пад Менскам. Рэжысэрам фільму быў Міхаіл Жданоўскі, аўтарам сцэнару — Аляксандар Лукашук, апэратарам — Сяргей Пятроўскі.

Фільм атрымаў Дзяржаўную прэмію. На пачатку 1990-х фільм «Дарога на Курапаты» дэманстравалі па ўсім Савецкім Саюзе. А ў 2017-м забаранілі. Але ў эпоху інтэрнэту гэтая забарона выглядае бессэнсоўнай.

«Жоўты пясочак». Аўтарская кінастужка рэжысэра Аляксея Туровіча. Менск, 2017

«Жоўты пясочак» зьняты паводле апавяданьня Васіля Быкава. Гэта першая мастацкая стужка, прысьвечаная тэме расстрэлаў у Курапатах. Экранізацыю зрабіў рэжысэр Аляксей Туровіч на ўласныя грошы. Стужка здымалася ўсяго за пяць дзён у Ратамцы, ролі выканалі акторы беларускіх тэатраў.

Фільм «Жоўты пясочак» адзіны зь Беларусі апынуўся сёлета ў шорт-лісьце міжнароднага кінафэстывалю дэтэктыўных фільмаў і тэлепраграм праваахоўнай тэматыкі DetectiveFEST у Маскве, дзе змагаліся прадстаўнікі 70 краін сьвету. «За актуальнасьць тэмы» беларускі фільм быў уганараваны спэцыяльным прызам.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Упершыню тэкст быў апублікаваны на сайце Свабоды 23 чэрвеня 2018 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG