Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, хто валодае рэстарацыяй «Поедем поедим» у Курапатах


Журналісты TUT. BY правялі ўласнае расьсьледаваньне вакол сытуацыі з адкрыцьцём рэстарацыі «Поедем поедим» за 50 мэтраў ад мэмарыяльнага комплексу ў Курапатах. Як высьветлілася, уладальнік —​ вядомы рэстаратар, які мае некалькі буйных рэстаранаў у сталіцы.

Паводле Tut.by, комплекс першапачаткова належаў кампаніі «БелРэстІнвэст», але ў студзені 2018 высьветлілася, што гэтая кампанія ніякага дачынення да яго ня мае. Цяпер рэклямуе ўстанову і наймае работнікаў ТАА «Амізбел», юрыдычны адрас якога супадае з адрасам рэстарана.

«Амізбел» створаны кампаніяй «Белноватэкс груп» у 2017 годзе, якая, у сваю чаргу, атрымала рэгістрацыю ў 2005-м і валодае брэндам «Наша рэстаранная група». Да гэтага брэнду адносяцца рэстараны «Гранд Кушавель» каля «Менск-Арэны» і The View, які месьціцца на апошнім паверсе хмарачоса ў цэнтры сталіцы. Таксама кампанія валодала гастрабарам Anytime, клюбам «Тусэ» і кавярняй «Дача».

На сайце рэстараннай групы можна знайсьці і старонку «Поедем поедим». Там, у прыватнасьці, сказана, што працаваць установа будзе кожны дзень з 12 да 24 гадзін, а ўсім наведнікам абяцаюць славянскую і каўказскую кухні.

Што датычыцца ўладальніка, то 32% акцый (найвялікшы пакет сярод усіх акцыянэраў. — РС.) належаць Леаніду Зайдэсу. Таксама, піша Tut.by, да ўладальнікаў належыць рэзыдэнтка Ізраілю Ала Сурыс, амэрыканская кампанія Lenton realtу LLC і зарэгістраваная на Кіпры «Белсі Інвэстмэнтс Лімітэд».

Забаўляльны комплекс, на тэрыторыі якога цяпер месьціцца рэстаран «Поедем поедим», быў збудаваны ў ахоўнай зоне Курапатаў — яе межы пасунулі ўжо пасьля пачатку будаўніцтва. Актывісты, якія пратэстуюць супраць «карчмы на костках», лічаць функцыянаваньне гэтай установы незаконным і амаральным, патрабуюць «музэй, а не „кабак“».

Рэстарацыю, нягледзячы на пратэсты, адкрылі — таемна і неўрачыста. Міліцыянты не далі пікетоўцам паставіць намёт каля яе. У час пратэсту было некалькі сутычак людзей, якія называлі сябе наведнікамі ўстановы, з пратэстоўцамі. Міністар унутраных справаў заяўляў, што сілавікі «ня будуць буфэрам паміж бакамі».

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG