Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шуневіч пра рэстарацыю ля Курапатаў: «Буфэрам паміж бакамі ня будзем»


Намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Менаблвыканкаму Мікалай Максімовіч забірае ў абаронцаў Курапатаў намёт 6 чэрвеня
Намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Менаблвыканкаму Мікалай Максімовіч забірае ў абаронцаў Курапатаў намёт 6 чэрвеня

Міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч у размове з журналістамі 7 чэрвеня пракамэнтаваў выступы актывістаў супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим» за 50 мэтраў ад мэмарыяльнага комплексу Курапаты.

Трансьляцыю сустрэчы ў кулюарах Палаты прадстаўнікоў вяло «Эўрарадыё» — карэспандэнту ўдалося задаць некалькі вострых пытаньняў. Адно зь іх было пра тое, ці месца там (побач зь месцам забойства і пахаваньня дзясяткаў, калі ня соцень тысяч беларусаў) рэстарацыі і ці трэба складаць пратаколы на пратэстоўцаў.

Міністар паабяцаў, што сілавікі ня будуць станавіцца на бок ні ўладальнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», ні пратэстоўцаў: «Ініцыятыўна быць буфэрам між двума бакамі ня будзем».

Рэстаран ля Курапатаў запрацаваў, нягледзячы на пратэсты

Міліцыянты не далі пікетоўцам паставіць намёт каля рэстарацыі «Поедем поедим»

Паводле Ігара Шуневіча, у сілавікоў да спрэчак у Курапатах «падыход вельмі прагматычны, просты»: «Ёсьць рашэньне ўлады аб выдачы зямлі ўстанове, ёсьць сама ўстанова, ёсьць грамадзкі парадак».

Ён паабяцаў, што праваахоўнікі «будуць рэагаваць толькі на парушэньні грамадзкага парадку», калі яны будуць у любога з бакоў («частка спрабуе карміць тых, хто прыехаў, частка спрабуе не дапусьціць гэтай кармёжкі»).

На ўдакладненьне аб тым, што на акцыі днём раней затрымалі журналістку, якая ня ўдзельнічала ў ёй, Шуневіч адказаў пытаньнем: «Затрымлівалі. І?»

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня. 6 чэрвеня міліцыя не дала пікетоўцам паставіць намёт.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

«Паліцыя нораваў», вясёлкавы сьцяг, Зыбіцкая і «жэстачайшая лібэралізацыя»

Сярод іншых пытаньняў Шуневічу была просьба ўдакладніць, што значыла фраза «яны ня пройдуць» у «гамафобнай заяве» на сайце МУС. Журналістка Tut.by спытала: «Куды ня пройдуць?». Міністар адказаў: «Нікуды ня пройдуць».

Шуневіч дадаў, што журналісты «могуць думаць, што хочуць», бо Міністэрства ўнутраных справаў «ахоўвае парадак і маральнасьць нашай краіны». Насамрэч функцыі нейкай «паліцыі нораваў» у Міністэрства ўнутраных справаў няма.

Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС. Ці праўда гэта?

«Маралізатарства ня функцыя МУС», — старшыня БХК

Актывістка Віка Біран выйшла да Дому ўраду, МУС і КДБ з плякатам-адказам МУС. Яе будуць судзіць адразу ў трох судах
Актывістка Віка Біран выйшла да Дому ўраду, МУС і КДБ з плякатам-адказам МУС. Яе будуць судзіць адразу ў трох судах

Міністар таксама заявіў, што мае меркаваньне аб тым, што грамадзянская супольнасьць «не прайшла праверку» вясёлкавым сьцягам на амбасадзе Вялікай Брытаніі, бо ніводная арганізацыя не абурылася ім і не запатрабавала зьняць «гэты прадмет, які быў вывешаны ў парушэньне Венскай канвэнцыі» (ніводнай канвэнцыі, якая забараняла б вывешваць вясёлкавы сьцяг на тэрыторыі амбасадаў, знайсьці не ўдалося).

Заяву МУС ён назваў «вельмі карэктнай і дыпляматычнай», а таксама заявіў, што «мы ж дыскрымінуем злачынцаў», але наконт ЛГБТ-супольнасьці «ніякай дыскрымінацыі няма, ёсьць правілы суіснаваньня, акрамя законаў, якія павінны паважаць усе».

Нядаўнія масавыя затрыманьні на «тусовачнай» вуліцы Зыбіцкай у Менску Шуневіч назваў «некаторымі захадамі дыягностыкі ў межах паўнамоцтваў», а таксама дадаў, што не разумее фразы «брутальныя затрыманьні» – маўляў, не было такіх. На канкрэтнае пытаньне пра тое, ці можна выйсьці з бара з келіхам віна ў руках, Шуневіч адказаў, што «вы можаце як заўгодна гэтую сытуацыю разумець».

На пытаньне, ці ідзе абяцаная Шуневічам «жэстачайшая лібэралізацыя» закону аб масавых мерапрыемствах, міністар адказаў: «Ужо ідзе, хіба вы не адчуваеце?»

Што за «жэстачайшая лібэралізацыя» закону пра мітынгі? Тлумачым па пунктах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG