Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў разгледзіць «жэстачайшую лібералізацыю» масавых мерапрыемстваў


Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка 2017 году
Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка 2017 году

Сёньня адбудзецца пленарнае пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў, на якім сярод 10 законапраектаў у другім і апошнім чытаньні дэпутаты разгледзяць зьмены і дапаўненьні ў закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

Пасьля гэтага дакумэнт паступіць у Савет Рэспублікі. Яны альбо зацьвярджаюць яго, альбо накіроўваюць назад, у Палату прадстаўнікоў, для дапрацоўкі. З верхняй палаты законапраект перадаецца на подпіс кіраўніку дзяржавы.

Шуневіч расхваліў зьмены

25 кастрычніка летась міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, які прадстаўляў зьмены ў закон у першым чытаньні, назваў іх праявай небывалай да гэтага лібэралізацыі.

Ігар Шуневіч
Ігар Шуневіч

«Надыходзіць жэстачайшая лібералізацыя гэтага закону. Мы ўводзім прынцып, які адпавядае ўсім агульнасусьветным нормам — заяўны. Чалавек можа заявіць пра сваё жаданьне правесьці масавае мерапрыемства ў вызначаным месцы, і на гэта рашэньня ўладаў не патрабуецца. Калі мерапрыемства плянуецца па-за вызначаным месцам, то згода ўладаў неабходная», — расказаў дэпутатам Шуневіч.

Ён дадаў, што цалкам адмовіцца ад дазвольнага прынцыпу адразу немагчыма.

«Мы пастараемся зрабіць так, каб было зручна ўсім: і ўладам, і тым, хто заяўляе пра мерапрыемства. Пастараемся зрабіць працэдуру максымальна зручнай і спрасьціць яе», — запэўніў міністар.

Таксама Шуневіч заявіў, што арганізатарамі масавых акцый ня змогуць выступаць грамадзяне зь нязьнятай ці непагашанай судзімасьцю за «злачынствы супраць міру і бясьпекі чалавецтва, супраць грамадзкай бясьпекі, супраць грамадзкага парадку і грамадзкай маральнасьці або супраць дзяржавы і парадку ажыцьцяўленьня ўлады і кіраваньня».

Зьмены прадугледжваюць, што нельга будзе публічна заклікаць да арганізацыі і правядзеньня масавай акцыі да атрыманьня дазволу на яе арганізацыю. Гэта значыць, нельга аб’яўляць дату, месца і час правядзеньня мерапрыемства, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай улёткі, плякаты ды іншыя матэрыялы ў СМІ, інтэрнэце і іншых інфармацыйных сетках.

У законапраекце згадваюцца і журналісты. Іх абавяжуць насіць з сабой дакумэнты: пашпарт і журналісцкае пасьведчаньне. Акрамя таго, магчыма, давядзецца насіць бэйдж на бачным месцы, прыходзіць у камізэльцы з надпісам «Прэса» або выкарыстоўваць нарукаўную павязку.

Чаго дамагаюцца праваабаронцы

Пасьля першага чытаньня, на пачатку сакавіка 2018 году, прадстаўнікі БХК, «Вясны», Беларускай асацыяцыі журналістаў, Цэнтра прававой трансфармацыі і «Прававой ініцыятывы» прынялі ўдзел у пашыраным паседжаньні рабочай групы, якая рыхтавала гэты законапраект. Тады яны зьвярталі ўвагу на тое, што прапанаваныя законатворцамі зьмены не набліжаюць закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» да міжнародных стандартаў у галіне свабоды мірных сходаў і выказваньня думак, паколькі ў ім застаюцца істотныя абмежаваньні правоў грамадзянаў Беларусі.

Віку Біран будуць судзіць за адзіночны флэшмоб каля дзяржустановах супраць дыскрымінацыі ЛГБТ-супольнасьці адразу ў трох менскіх судах
Віку Біран будуць судзіць за адзіночны флэшмоб каля дзяржустановах супраць дыскрымінацыі ЛГБТ-супольнасьці адразу ў трох менскіх судах

Асноўныя прапановы праваабаронцаў такія.

  1. Неабходна выключыць з азначэньня «іншае масавае мерапрыемства» масавыя акцыі, якія праводзяцца ў памяшканьні, а таксама ўвесьці мінімальную колькасьць удзельнікаў — 100 чалавек, пры прысутнасьці якіх мерапрыемства будзе падпадаць пад рэгуляваньне закону.
  2. Лічыць сходам прысутнасьць грамадзянаў у загадзя абумоўленым публічным месцы па-за будынкамі ці іншых месцах, куды няма вольнага доступу, у вызначаны час, якія сабраліся для калектыўнага абмеркаваньня пытаньняў, што ўяўляюць грамадзкі інтарэс.
  3. Не распаўсюджваць парадак арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства на адзіночныя пікеты.
  4. Не абцяжарваць арганізатараў сходаў, мітынгаў, вулічнага шэсьця, дэманстрацыі, пікетаваньня аплатай паслуг аховы правапарадку, мэдычнага абслугоўваньня і прыбіраньня тэрыторыі.
  5. Прызначыць сталымі месцамі для правядзеньня масавых акцый любыя прыдатныя для рэалізацыі мэтаў мірнага сходу месцы.
  6. Выключыць са сфэры дзеяньня закону правядзеньне ўстаноўчых сходаў.
  7. Даць магчымасьць асьвятляць мірныя сходы пазаштатным карэспандэнтам СМІ.
  8. Адмяніць адміністрацыйную адказнасьць за інфармаваньне грамадзкасьці аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў або за заклікі да ўдзелу ў іх.

Якія пэрспэктывы ў гэтых прапановаў?

Падчас другога чытаньня канцэптуальныя праўкі звычайна ў законапраект ня ўносяцца. Дэпутаты абмяжоўваюцца пераважна касмэтычнымі зьменамі. Таму шмат што будзе залежаць ад таго, як ацэняць прапановы праваабаронцаў (пры ўмове, што іх наагул будуць абмяркоўваць) у залі — канцэптуальнымі ці касмэтычнымі?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG