Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон аб масавых акцыях: «жэстачайшая лібэралізацыя» як муляж дэмакратыі


Ігар Шуневіч
Ігар Шуневіч

Нават фармальнае юрыдычнае замацаваньне свабодаў — гэта і праўда станоўчы крок, прынамсі ў пэрспэктыве.

На вызначэньні, якое прагучала з вуснаў кіраўніка МУС Ігара Шуневіча, не адтаптаўся, напэўна, толькі лянівы. Але і сапраўды, відаць, мэм году. Тэатар абсурду па-беларуску ўвасобіўся ў адной ёмкай формуле.

І гэта ня проста аксюмаран, кшталту сухой вады ці драўлянага жалеза. Гэта ў нечым дакладнае апісаньне ўнутрана супярэчлівай рэальнасьці. Калі «жэстачайшэ» спрабуюць рабіць усё, то чаму б гэтак жа не рабіць і лібэралізацыю?

Цалкам відавочны адрасат новай рэдакцыі закону аб масавых акцыях — Эўропа, Захад. Вы з намі па-добраму, мы — з вамі. Запрасілі ў Брусэль — і мы пойдзем насустрач. Прычым так, як вы, Захад, разумееце. Мяняем не практыку, а закон.

Можна напісаць ва ўсіх справаздачах, ва ўсіх сьпісах паляпшэньняў у сфэры правоў — Беларусь зрабіла крок у накірунку цывілізаваных стандартаў.

Архітэктура «пацёмкінскіх вёсак»

Прыгадваецца багаты досьвед. У свой час Бюро правоў чалавека АБСЭ вельмі настойліва дамагалася, каб у выбарчых камісіях у Беларусі было належнае прадстаўніцтва грамадзкіх і палітычных арганізацыяў. Да не пытаньне, адказаў тады Менск. Калі ласка, камісіі поўныя прадстаўнікамі «Белай Русі» і ФПБ. Гэта ж грамадзкія арганізацыі. А вы якіх хацелі? Апазыцыйных? А як гэта юрыдычна вызначыць, у якіх заходніх краінах заканадаўча абумоўлены ўдзел у выбарчых камісіях менавіта апазыцыі?

Тое ж і з цяперашнімі «жэстачайшымі» папраўкамі ў закон аб масавых акцыях. Так, уводзіцца заяўны прынцып, дазволу не патрабуецца. Як бы. Але толькі ў вызначаных месцах. Дык у Менску і раней на масавыя акцыі на плошчы Дружбы народаў (яна ж Бангалор) дазвол, як правіла, даваўся. Што мяняе, лібэралізуе скасаваньне неабходнасьці атрымліваць дазвол на мітынгі ў гэтым і толькі ў гэтым гэта месцы?

Хаця нават і тут ёсьць падводныя камяні, стопары на ўсялякі выпадак. Дазволу ня трэба, але забараніць акцыю нават на тым жа Бангалоры ўсё ж можна — калі іншыя раней заплянавалі акцыю там жа і ў той жа час і калі «заяўка не адпавядае заканадаўству».

Але ж хіба ня можа, скажам, ФПБ раптам захацець правесьці сваю акцыю менавіта там і тады, дзе і калі захацела памітынгаваць апазыцыя. Ну а неадпаведнасьць заканадаўству — фармулёўка надзвычай гумовая. Дарэчы, раней ёй карысталіся, абгрунтоўваючы адмовы. Хто перашкодзіць карыстацца ёй ужо пры новым парадку для забароны акцыяў, на якія цяпер непатрэбны дазвол?

Памаўчы — потым памітынгуеш

Але паколькі даецца такая «вольніца», то ў нечым іншым умовы правядзеньня акцыяў робяцца сапраўды больш «жэстачайшымі», чым нават тыя, якія існавалі да сёньняшняга дня. Так, дазволу ня трэба, адно паведамленьне ўладам. Але да тэрміну, пакуль улада ня вырашыць, ці варта акцыю забараніць, словам, за 5 дзён да акцыі — арганізатарам маўчок, нікому ні слова — ні ў СМІ, ні ў сацыяльныя сеткі.

Гэта як? Акцыя публічная, але яе трэба трымаць у сакрэце. Зразумей хто можа. Дазволу ня трэба, але дачакацца, забароняць акцыю ці не, трэба. Што ёсьць псэўданім дазволу.

А калі арганізатары акцыі ўсё ж аскаромяцца і паведамяць, хаця б інтэрнэце, гэта можа разглядацца як парушэньне заканадаўства? Напэўна, так. Як парушэньне вось менавіта гэтага пункту новага закону.

Раней, здаецца, на падставе таго, што пра заплянаваную акцыю пайшла пагалоска, не адмаўлялі ў дазволе на яе. Зараз зьявілася яшчэ адна «жэстачайшая» магчымасьць.

Паўтаруся, размова толькі пра Бангалор, пра дазв..., вось чорт, звычка. Ну вы зразумелі, пра што.

Але Захаду спадабаецца. Фармальна кажучы, Беларусь новым законам і праўда фармальна набліжаецца да сусьветных стандартаў свабоды сходаў. Новы квартал у «пацёмкінскай вёсцы» урачыста здадзены пад ключ.

У законе напісаныя словы Статкевіча

Пэўна, што ў гэтым пытаньні, як і шмат у якіх іншых, у Беларусі, важны ня тэкст, у дадзеным выпадку, закону, а кантэкст. Магчыма, што папраўкі ў закон, якія насамрэч нічога не мяняюць — гэта пэўны сыгнал, знак таго, што пэўныя паслабленьні ў справе правядзеньня масавых акцыяў адбудуцца. У тым ліку і адносна акцыяў, якія ладзяцца ня толькі на «бангалорах» у сталіцы і іншых гарадах краіны.

У 2015 годзе, пасьля вызваленьня ўсіх палітвязьняў уключна з Міколам Статкевічам, ведамства Шуневіча перастала хапаць удзельнікаў нават і недазволеных акцыяў, налягаючы на штрафы. Гэтак і зараз могуць зрабіць новы крок. Зразумела, літара закону да такой перамены ня будзе мець ніякага дачыненьня. Ну а дух, сапраўды новы прынцып можа і мець.

Хіба ня ўпершыню заканадаўча дэкляруецца прынцып, што канстытуцыйная норма аб свабодзе сходаў мае наўпроставае дзеяньне. Мікола Статкевіч, ладзячы свае акцыі, кіраваўся менавіта такім падыходам — нашае, маё права мірна зьбірацца і выказваць свае погляды не патрабуе нічыёй ухвалы. Цяпер гэта напісана ў законе.

Імітацыя — гэта не заўсёды нішто, пустата. Імітацыя — гэта прызнаньне, што норма існуе, і рэчаіснасьць ёй не адпавядае. Што гэта мяняе? Часам сёе-тое і мяняе.

У савецкія часы існаваў такі муляж дэмакратыі, як саветы, пятае кола ў вазку рэальнай улады партыі. Але ў часы перабудовы гэты муляж ажыў, стаў мэханізмам перахопу (прычым перахопу мірнага) рэальнай улады. А не было б тых саветаў, была б канстытуцыйна замацаваная ўлада партыйных камітэтаў — наколькі больш крыві спатрэбілася б для зьменаў?

Так што нават фармальнае юрыдычнае замацаваньне свабодаў — гэта і праўда станоўчы крок, прынамсі ў пэрспэктыве.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG