Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гэтым годзе ў многіх краінах адзначаецца 80-годзьдзе сталінскіх рэпрэсій. 1937 год — страшны пэрыяд у савецкай гісторыі. 80 гадоў таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га, у Менску ва ўнутранай турме НКВД расстралялі 132 дзеячаў беларускай культуры, мастацтва, навукі. Гэтая дата ўвайшла ў гісторыю як «Ноч расстраляных паэтаў».

У нармальнай дзяржаве такі трагічны юбілей адзначаўся б на дзяржаўным узроўні, з удзелам вышэйшых службовых асоб. Але Беларусь — адзіная постсавецкая краіна, у якой афіцыйна сталінскі тэрор практычна не прызнаецца.

У іншых дзяржавах, якія ўзьніклі пасьля распаду СССР, створаныя адпаведныя мэмарыялы, адзначаюцца Дні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Нават у пуцінскай Расеі, дзе ўжо пачалі будаваць помнікі Сталіну, Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій афіцыйна адзначаецца 30 кастрычніка. Учора расейскі прэзыдэнт узяў удзел у цырымоніі адкрыцьця мэмарыялу «Сьцяна смутку» ў Маскве.

Уладзімер Пуцін ускладае кветкі да «сьцяны плачу» ў Маскве
Уладзімер Пуцін ускладае кветкі да «сьцяны плачу» ў Маскве

У Беларусі няма ніводнага афіцыйнага помніка ахвярам савецкіх масавых рэпрэсій 20–50-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Затое ёсьць помнікі супрацоўнікам НКУС.

З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі быў узяты курс на замоўчваньне страшных старонак савецкай гісторыі. «Нам навязваюць, каб мы забыліся ўсё вялікае, што зрабілі Ленін і Сталін, бо гэта — сымбалі нашага народу», — заявіў беларускі лідэр у 2006 годзе. Пры Лукашэнку быў цалкам зачынены архіў КДБ, усе справы аб страшнай трагедыі 30–50-х гадоў ізноў засакрэчаныя. У школьных падручніках сталінскія рэпрэсіі былі прадстаўленыя як неабходная мера абароны савецкай улады ў той гістарычны пэрыяд. Затое школьнікаў возяць на аўтобусах на «Лінію Сталіна». Ня толькі не хаваецца, а настойліва падкрэсьліваецца гістарычная пераемнасьць цяперашніх беларускіх органаў дзяржбясьпекі зь іх злавеснымі папярэднікамі. Міністар МУС Ігар Шуневіч на сьвята нават апранаў форму камісара НКВД.

Памятны знак «Чэкістам Магілёўшчыны»
Памятны знак «Чэкістам Магілёўшчыны»

Беларускія ўлады да гэтага часу цалкам не прызналі Курапаты як мэмарыял ахвярам сталінскага тэрору. Яго наведваюць дэлегацыі розных краін, якія прыяжджаюць у Беларусь. А кіраўнік Беларусі ні разу там не пабываў (прынамсі, афіцыйна пра такое наведваньне ніколі не паведамлялася). Вельмі адметны і адначасова парадаксальны той факт, што адзіны мэмарыяльны знак тут усталяваў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

Улады нібыта пагадзіліся прызнаць Курапаты мэмарыялам ахвяр палітычных рэпрэсій, усталяваць там нейкі помнік ці памятны знак. Але тут адначасова адбываецца падмена ідэйнага, сымбалічнага зьместу мэмарыялу. Лукашэнка, разважаючы на гэтую тэму, казаў:

«Яны лічаць, што Сталін там расстрэльваў, іншыя кажуць, што і фашысты там людзей расстрэльвалі... Я мяркую, якая розьніца, хто там каго расстрэльваў...»

Міністэрства культуры ў загадзе № 69 ад 24 сакавіка 2017 году, якім зацьверджана палажэньне аб конкурсе эскізных праектаў памятнага знаку «Курапаты», зазначыла, што ён павінен увекавечыць памяць «усіх бязьвінных ахвяр ХХ стагодзьдзя ў гісторыі Беларусі». Інакш кажучы, ідэя ўладаў палягае ў тым, каб размыць, растварыць злачынствы сталінізму, схаваць іх у агульным шэрагу ўсіх нявінных ахвяр ХХ стагодзьдзя. І, дарэчы, пра сам конкурс неяк забыліся, наконт яго нічога не чуваць.

Таму трагічны юбілей адзначылі толькі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, якія правялі «Ланцуг памяці» каля будынка КДБ і акцыю «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах. Наша радыё вяло падрабязны рэпартаж з гэтых падзей.

Чаму Беларусь выпадае з агульнай тэндэнцыі стаўленьня да той гістарычнай трагедыі на постсавецкай прасторы? Найперш, такое стаўленьне беларускіх уладаў да сталінскіх рэпрэсій вынікае з унутранай сутнасьці цяперашняга рэжыму, які інтуітыўна адчувае сваё палітычнае сваяцтва з той эпохай, з савецкім мінулым.

Важную ролю адыгрываюць асабістыя погляды і каштоўнасныя ўяўленьні Аляксандра Лукашэнкі. Варта нагадаць, што фармаваньне аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі адбывалася на ідэалягічнай аснове чырвонага рэваншу, ідэі аднаўленьня СССР. На прапанову Лукашэнкі на рэфэрэндуме 1995 году вярнулі крыху зьмененую савецкую сымболіку (сьцяг, герб), аднавілі сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Быў узяты курс на інтэграцыю з Расеяй, што кіраўнік Беларусі абвясьціў крокам па рэанімацыі Савецкага Саюзу. Менавіта на гэтай ідэалягічнай глебе чырвонага рэваншу Лукашэнка марыў і разьлічваў захапіць крамлёўскі пасад.

Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка падчас падпісаньня саюзнай дамовы 2 красавіка 1996 году
Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка падчас падпісаньня саюзнай дамовы 2 красавіка 1996 году

Таму ён увесь час паўтараў, што распад СССР — гэта трагедыя, якую неабходна пераадолець. Пасьля падпісаньня дакумэнту аб стварэньні супольнасьці Беларусі і Расеі 2 красавіка 1996 году беларускі кіраўнік заявіў, што дамова «выпраўляе памылку, зробленую ў 1991 годзе». Выступаючы перад вэтэранамі з нагоды Дня Перамогі, Лукашэнка казаў:

«Мы вярнулі вам дзяржаўны сьцяг краіны, за якую вы ваявалі... Прабачце нам, што мы пакуль не змаглі вярнуць вам вашу і нашу агульную Айчыну ў шырокім і глыбокім сэнсе гэтага слова. Але я перакананы, што гэта нам пад сілу. Мы гэта зробім».

Узяўшы курс на адраджэньне савецкага праекту, цалкам лягічна было замоўчваць тыя старонкі савецкай гісторыі, якія яго азмрочваюць. То бок гэта быў рацыянальны палітычны разьлік.

Акрамя таго, Лукашэнка доўгі час прасоўваў ідэю пра асаблівы шлях постсавецкай трансфармацыі Беларусі — альтэрнатыўны тым мадэлям, што абралі ў суседніх краінах. І гэты шлях грунтаваўся на захаваньні ў значнай меры элемэнтаў савецкай сыстэмы.

З той пары прайшло шмат часу, у палітыцы многае памянялася. І нічога небясьпечнага для існага рэжыму не адбылося б, калі б улады прызналі злачынствы сталінізму, пабудавалі помнік у Курапатах, і Лукашэнка раз на год, у ноч з 29 на 30 кастрычніка, прыходзіў туды зь вянком. Як гэта робіць, напрыклад, Пуцін. Але тая псыхалягічная стрэмка ад няўдалага паходу на Крэмль пад чырвоным сьцягам, верагодна, глыбока сядзіць у ягонай душы. І Лукашэнка ніяк ня можа пераступіць праз самога сябе, хоць ад такой пазыцыі ён хутчэй палітычна страчвае.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG