Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У дарозе да лесапавалу амаль ва ўсіх памерлі дзеці». У Менску адбылася сустрэча зь людзьмі, народжанымі ў ГУЛАГу


У Менску пачаліся жалобныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гадавіны «ночы расстраляных паэтаў», што адзначаецца 29 кастрычніка. У офісе БНФ сябры ініцыятывы «Вяртаньне памяці», грамадзкія актывісты ды іншыя праслухалі лекцыю вядомага дасьледчыка Ігара Кузьняцова пра рэпрэсіі 1937–1938 гадоў ды сустрэліся з народжанымі ў ГУЛАГУ Зінаідай Тарасевіч і Ўладзімерам Раманоўскім.

З рэпрэсіямі трэба змагацца, пакуль яны ня сталі масавымі

За адну ноч 29 кастрычніка 1937 году ў Менску былі расстраляныя больш за сто прадстаўнікоў эліты грамадзтва. Дваццаць паэтаў і пісьменьнікаў, тры былыя рэктары БДУ, былы міністар адукацыі, вядомыя журналісты, партыйныя дзеячы. Гэта для Беларусі была «ноч доўгіх нажоў», мяркуе гісторык Ігар Кузьняцоў і даводзіць у сваёй лекцыі пра рэпрэсіі 1937–1938 гадоў, што гэта ня быў разавы эпізод і што мэтанакіраванае і заплянаванае зьнішчэньне людзей як нібыта ворагаў народу пачалося пасьля перамогі бальшавікоў у 1917 годзе, а ў 1937 дасягнула піку.

Паводле дасьледчыка, у Беларусі ад рэпрэсій пацярпелі ад 1,4 да 1,6 мільёна чалавек, да 500 тысяч зь іх загінулі. 90% рэпрэсаваных былі простымі людзьмі — сялянамі і рабочымі, служачымі. Яны шчыра верылі савецкай уладзе, якая ім аддзячыла куляй у патыліцу. Гісторык высьветліў, што толькі сотыя долі працэнта спраў сапраўды тычыліся людзей, якія неяк спрабавалі супраціўляцца машыне тэрору, разгорнутай бальшавікамі.

Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў

«У той час супраціўляцца было ўжо немагчыма, дый людзі паверылі ў хімэру камунізму. А ў тое, што гэтая ўлада можа зь імі зрабіць, верыць адмаўляліся. Адзін з асноўных урокаў таго часу — той, што пазьбегнуць масавых рэпрэсій магчыма раней, калі яны яшчэ толькі пачынаюцца. Вось чаму трэба ў наш час вызначыцца з тым, што тады было, і асудзіць рэпрэсіі, прызнаць на дзяржаўным узроўні, што фактычна гэта быў масавы тэрор супроць свайго народу», — мяркуе Ігар Кузьняцоў.

Паводле дасьледчыка, у Беларусі працэс рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій замарожаны, КДБ не раскрывае архіваў, рэпрэсіі апраўдваюцца, так і ня створаная база дадзеных рэпрэсаваных грамадзян, у грамадзтве навязваецца лягерная мараль і культ «моцнай рукі».

«Праз колькі дзён, на 100-годзьдзе рэвалюцыі, камуністы зноў панясуць кветкі да помніка Леніну і да бюста Сталіна, будуць усхваляць гэтых асоб, якіх варта прызнаць злачынцамі».

Усё гэта стварае базу для новых рэпрэсій, папярэджвае гісторык.

«Мы тады будавалі сацыялізм»

Зінаіда Тарасевіч
Зінаіда Тарасевіч

Неверагодную гісторыю выжываньня ў жудасных умовах ГУЛАГу расказала народжаная ў лягеры Зінаіда Тарасевіч. Яе бабулю разам з 8 дзецьмі вывезьлі зь Беларусі ў Архангельскую вобласьць як жонку кулака, хоць гаспадарка была бедная, мела толькі аднаго каня, і жыла сямʼя ў невялікай хаце зь земляной падлогай.

«Мая маці Тацяна Зеньчык згадвала, што ў дарозе да лесапавалу амаль ва ўсіх, каго везьлі цягніком, памерлі дзеці. У Вялікім Усьцюгу іх трымалі ў царкве зімой, хто паміраў — скідвалі ў яму за могілкамі, на саміх могілках не дазвалялі хаваць.

Мужчыны амаль усе памерлі на лесапавале, бо за норму давалі толькі па 400 грамаў хлеба, а калі ня выканаў норму, дык нічога не давалі есьці. Хто не памёр, дык зварʼяцеў.

Маці выжыла цудам, але засталася безь сясьцёр і братоў. Вырашыла нарадзіць мяне ад мужчыны, зь якім там пазнаёмілася, каб было каму расказаць, што зь імі здарылася.

Казала, як выбірала мне імя, дык шукала такое, якое б не паўтарыла лёсу тых, хто там памёр. Знайшла рэдкае імя — Зінаіда, а ўсе астатнія былі ў памерлых.

У вайну бацьку забралі на фронт, ды гэта нас уратавала — маці зь лесапавалу перавялі санітаркай у мэдчастку. У 45 годзе нас вызвалілі, бацька як паранены франтавік дамогся.

Маці доўга хадзіла па вуліцах Менску не па ходніках, а па дарозе, гэтак яе запужалі, усяго баялася. А потым пачала зьбіраць грошы, і ў 68 годзе мы паехалі туды, у Архангельскую вобласьць, знайшлі тое месца, дзе быў лягер, знайшлі аднаго ахоўніка, Елісеева. Ён мой позірк на яго зразумеў і пачаў апраўдвацца. „Мы, — кажа, — будавалі сацыялізм“. Гэта пра тыя жудасныя рэчы, якія мы перажылі, пра той зьдзек над людзьмі.

А маці, як прыехалі ў Менск, ударыла кулаком па сталу і сказала: „Усё. Больш яны мяне ня будуць лічыць нечалавекам“. З таго часу хадзіла па горадзе годна і спрабавала ў судах дамагчыся, каб асудзілі тое раскулачваньне».

Пазьней Зінаіда Тарасевіч знайшла ў бібліятэцы цытаты з працаў Леніна пра тое, што трэба расстрэльваць сьвятароў ды іншых людзей, якіх рэвалюцыя залічыла ў ворагі. «Вось адкуль насамрэч пачаліся рэпрэсіі», — такую выснову Зінаіда Тарасевіч зрабіла яшчэ ў савецкія часы.

Таксама яна згадала пра тое, як адыходзіла з жыцьця маці: «Усё казала: „Божа, ну чаму ты ня бачыў гэтыя зьдзекі над намі“. Гэтак і памерла».

Маці казала: «Не шкадую, што гэтак пражыла»

Асабістым аповедам падзяліўся яшчэ адзін народжаны ў ГУЛАГу — мянчук Уладзімер Раманоўскі. Ягонае дзяцінства прайшло ў Магаданскай вобласьці.

Уладзімер Раманоўскі
Уладзімер Раманоўскі

«Мы жылі ў паселішчы, бацька і маці ўжо выйшлі зь лягера, але ня мелі права вярнуцца. Памятаю, як хлопчыкам раптам задумаўся: чаму мае бацькі аказаліся ворагамі народу, калі іх гэтак паважаюць у пасёлку?

Вось тады даведаўся, што бацьку арыштавалі пасьля таго, як на камсамольскім сходзе расказаў, што ў іх на хутары чалавек памёр ад голаду. А маці прыехала па разьмеркаваньні на Сахалін, дык яе забралі як японскую шпіёнку».

Уладзімер Раманоўскі паказаў вытрымкі з успамінаў сваёй маці, якая расказала на відэакамэру пра лягернае жыцьцё.

«Мяне больш за іншае ўражвае ў гэтых кадрах, што маці кажа, нібыта не шкадуе пра тое, як склалася яе жыцьцё. Што сустрэла шмат цікавых людзей у лягеры, шмат чаму ў іх навучылася. Гэта так, але калі глядзіш праўдзе ў вочы, задаесься пытаньнем, ці рэалізаваў гэты чалавек тое, што яму было закладзена прыродай, дык адказ — не. Гэтых ахвяраў сталінізму таксама мільёны, каго не забілі, але зламалі жыцьцё, не дазволілі рэалізаваць сябе», — кажа Ўладзімер Раманоўскі пра сваю маці.

Курапаты — дагэтуль справа палітычная

Напрыканцы імпрэзы ў офісе БНФ паказалі дакумэнтальны фільм «Курапаты — шлях сумленьня», у якім распавядаецца пра змаганьне за мэмарыял, калі яму пагражалі будаўнічыя працы, і пра спробы ўлады схаваць праўду пра сталінскія рэпрэсіі. «Курапацкая справа застаецца і цяпер палітычнай», — падсумаваў гісторык Ігар Кузьняцоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG