Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыжовыя шляхі, малітвы, пэтыцыі. У Менску абмеркавалі, як бараніць Курапаты далей


Грамадзкія актывісты, прадстаўнікі палітычных партый і рухаў, гісторыкі распрацавалі плян абароны народнага мэмарыялу Курапаты на бліжэйшы час: змаганьне за вяртаньне крыжоў, звароты да ўладаў, крыжовыя шляхі і малітвы.

Актывісты будуць змагацца за вяртаньне крыжоў, зьнесеных 4 і 13 красавіка. Зьміцер Дашкевіч падаў ужо заяву ў Генэральную пракуратуру адносна 70 драўляных крыжоў, Алесь Чахольскі накіраваў генэральнаму пракурору зварот аб зьнясеньні 24 мэталічных крыжоў.

Рыхтуецца зварот у Міністэрства культуры і пэтыцыя да ўладаў.

«Мы патрабуем канкрэтнага адказу, па якім праекце былі зьнесеныя крыжы, усталяваны плот і ўзьведзеныя зялёныя мэталічныя брамы, якія ніякім чынам ня ўпісваюцца ў існуючы народны мэмарыял. Мы патрабуем правесьці грамадзкае абмеркаваньне праекту, правесьці конкурс і толькі тады весьці работы па добраўпарадкаваньні. Мы хочам ведаць адказ, чый гэта праект, хто яго фінансаваў», — кажа абаронца народнага мэмарыялу Ганна Шапуцька.

У мэмарыяле будуць працягвацца і штодзённыя малітвы.

21 красавіка, у каталіцкі Вялікдзень і праваслаўную Вербную нядзелю, а 14 гадзіне па пэрымэтры мэмарыялу пройдуць крыжовым шляхам.

1 траўня — 30 гадоў, як адбылася першая шматканфэсійная малітва ў Курапатах. У гэты дзень а 14-й гадзіне таксама плянуецца малітва з запрашэньнем сьвятароў розных канфэсій.

На Радаўніцу, 7 траўня, ужо пададзена заяўка на правядзеньне крыжовага шэсьця ад царквы Ўваскрасеньня Хрыстовага, што на вуліцы Гамарніка, у Курапаты.

Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць

Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка
Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка

У Курапатах 4 красавіка ​зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.​

Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.

Што такое Курапаты?

Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG