Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд аштрафаваў Дашкевіча за Курапаты на 1275 рублёў


Архіўнае фота. Зьміцер Дашкевіч падчас зносу крыжоў у Курапатах, 4 красавіка 2019 году

Суд Менскага раёну 18 красавіка аштрафаваў актывіста Зьмітра Дашкевіча на 1275 беларускіх рублёў (50 базавых велічынь). Такое рашэньне вынес судзьдзя Аляксей Кропачаў, паведамляе БелаПАН.

Дашкевіч прызнаны вінаватым па двух артыкулах КаАП: 23.4 (непадпарадкаваньне патрабаваньню службовай асобы) і 17.1 (дробнае хуліганства). У прыватнасьці, яго абвінавацілі ў прерашкаджэньні правядзеньню работ ва ўрочышчы Курапаты 4 красавіка.

Раней за перашкоду правядзеньню работ у Курапатах суд Менскага раёну аштрафаваў на 1020 рублёў актывіста Піліпа Шаўрова, на 255 рублёў Міхася Сабалеўскага, на 153 рублі Валера Рабцава.

Таксама на сёньня прызначаны разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненьні да Віталя Трыгубава, Валянціны Яроменак, Дзяніса Ўрбановіча, Паўла Севярынца.

Працэс над актывісткай Нінай Багінскай, якая закрывала сабой крыжы, каб абараніць іх ад зносу, перанесьлі на 26 красавіка.

4 красавіка ў Курапатах было зьнесена больш за 70 высокіх крыжоў, якія стаялі па пэрымэтры мэмарыялу. На барону курапацкіх крыжоў прыйшла група актывістаў, 10 чалавек затрымалі.

Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць

Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка
Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка

У Курапатах 4 красавіка ​зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.​

Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.

Што такое Курапаты?

Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG