Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прэмʼер-міністар Беларусі хоча абмеркаваць падчас сустрэчы з расейскім калегам


Прэм'ер-міністры Беларусі і Расеі Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў, 6 верасьня
Прэм'ер-міністры Беларусі і Расеі Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў, 6 верасьня

Прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас сказаў, на што разьлічвае падчас перамоваў 6 сьнежня з прэмʼер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым.

Інтэграцыю абмяркоўваць будуць? Беларускі бок сьцьвярджае, што будуць, расейскі — што не.Румас кажа, што краінам засталося ўзгадніць 16 пытаньняў па інтэграцыйных картах, піша БелТА.

Дамовіліся пра цэны на газ? Не. Менск разьлічвае, што газ для Беларусі будзе каштаваць гэтулькі сама, як і для Смаленскай вобласьці Расеі плюс выдаткі на транспартаваньне, піша БелТА са спасылкай на Румаса.

Што яшчэ хоча абмеркаваць Румас? Беларусь хоча дамовіцца наконт кампэнсацыі за забруджаную нафту, піша БелТА. Румас ня ведае, ці вырашыцца гэта да канца году. Кажа, што абмеркаваньне кампэнсацый не абмяркоўваецца падчас перамоваў па дарожных картах, а вырашаецца асобна, каб «не ўскладняць перамовы».

Усьлед за прэмʼерамі, 7 сьнежня, правядуць перамовы ў Сочы Пуцін і Лукашэнка. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў напярэдадні прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG