Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Форум грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства»: Расея прымушае Беларусь адмовіцца ад сувэрэнітэту


Ілюстрацыйнае фота. Дзяржаўныя сьцягі Беларусі і Расеі

Кіроўны камітэт Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» заклікаў улады Расеі і Беларусі «забясьпечыць празрыстасьць і інклюзіўнасьць працэсу перамоваў аб паглыбленай інтэграцыі і паўнавартасны ўлік думкі грамадзян Беларусі і Расеі», піша БелаПАН.

«Зьвяртаем увагу, што актуальны працэс паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй мае прыкметы прымусу Беларусі да адмовы ад сувэрэнітэту і абапіраецца на інструмэнты эканамічнага шантажу з боку Расеі», — гаворыцца ў заяве камітэту, апублікаванай 4 сьнежня.

Аўтары заявы адзначаюць, што працэс паглыбленьня інтэграцыі «выклікае глыбокую занепакоенасьць з боку грамадзянскай супольнасьці Беларусі ды іншых краін» і «можа паставіць пад пагрозу сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь і захаваньне правоў яе грамадзян», бо:

  • няма празрыстасьці, усе перамовы аб паглыбленьні інтэграцыі праходзяць у закрытым рэжыме, доступ да дакумэнтаў для грамадзкасьці абмежаваны, яны засакрэчаныя;
  • няма інклюзіўнасьці і грамадзянскага кантролю: ніякія грамадзкія арганізацыі, супольнасьці, суб’екты прыватнага бізнэсу, прафэсійныя саюзы Беларусі ня ўключаныя ў працэс абмеркаваньня і падрыхтоўкі дакумэнтаў;
  • у хадзе міждзяржаўных перамоваў аб паглыбленьні інтэграцыі ёсьць відавочная няроўнасьць бакоў і залежнасьць Беларусі ад Расеі.

У заяве ёсьць заклік да прадстаўнікоў краінаў Эўразьвязу ўлічыць, што з вышэйназваных прычынаў, а таксама «з прычыны адсутнасьці ў Беларусі мэханізмаў дэмакратычнага прадстаўніцтва і захаваньня правоў чалавека рашэньні яе ўладаў не адлюстроўваюць думкі грамадзянскай супольнасьці і народу Беларусі што да інтэграцыі з Расеяй».

«Падкрэсьліваем, што ў наяўных умовах ніякія інтэграцыйныя дамоўленасьці Беларусі і Расеі не павінны прызнавацца міжнароднай супольнасьцю легітымнымі», — сьцьвярджаецца ў заяве.

Форум грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» — плятформа ўзаемадзеяньня паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» і Эўразьвязу з мэтай спрыяць рэформам у краінах — усходніх партнэрах Эўразьвязу (Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна).

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG