Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белнафтахім» адрэагаваў на расейскую забарону на імпарт беларускага паліва


Уведзеная ў Расеі забарона на імпарт паліва не адаб'ецца на беларускай нафтаперапрацоўцы, заявіў БелаПАН прэс-сакратар канцэрну «Белнафтахім» Аляксандар Цішчанка, камэнтуючы рашэньне расейскага ўраду аб часовай забароне завозу паліва, якое ўступіла ў сілу 2 чэрвеня.

«У мэтах неабходнасьці гарантаваньня энэргетычнай бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі і стабілізацыі сытуацыі на ўнутраным рынку паліва ўрад РФ пастанаўляе: устанавіць з дня набыцьця моцы гэтай пастановы да 1 кастрычніка 2020 году часовую забарону на ўвоз у Расейскую Фэдэрацыю відаў паліва паводле пераліку ў дадатку», — гаворыцца ў рашэньні ўраду Расеі. Гаворка ідзе пра імпарт бэнзіну, дызэльнага паліва, газы, суднавага паліва і газойлю.

Паводле інфармацыі расейскіх СМІ, у красавіку продаж бэнзіну зь Беларусі ў Расею на Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы склалі 49 тысяч тон, у траўні — больш за 30 тысяч тон. Тады як за ўвесь 2019 год экспарт склаў усяго 200 тон. ТАА «Эўрапейская трэйдынгавая кампанія», якое зьяўляецца адзіным прадстаўніком у рэалізацыі нафтапрадуктаў вытворчасьці «Нафтану» і Мазырскага НПЗ у Расеі, павялічыла ў красавіку суму кантрактаў у 48 разоў — да 3,4 млрд рублёў.

Прэс-сакратар «Белнафтахіму» заявіў БелаПАН, што ўдзельная вага беларускага паліва ў расейскім імпарце быў заўсёды невялікая.

«Тое, што ў апошнія месяцы біржы хапанула з улікам патрэбаў расейскага рынку, гэта яшчэ не паказчык нашых асноўных кірункаў экспарту. Калі там пачалася забарона, у нас ёсьць іншыя кірункі, куды можна рэалізаваць наша паліва», — адзначыў Цішчанка.

Паводле апошніх зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, Беларусь у першым квартале экспартавала 1 млн 129,8 тысячы тон нафтапрадуктаў, што на 62,4% менш, чым за першы квартал 2019 году, у тым ліку ў краіны СНД — 483,2 тысячы тон (мінус 31%), краіны па-за СНД — 646,6 тысячы тон.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG