Беларусь ня мае доўгу перад «Газпромам» за газ, гаворыцца ў заяве Міністэрства энэргетыкі.
«Міністэрства энэргетыкі інфармуе, што Рэспубліка Беларусь ня мае запазычанасьці за імпартаваны прыродны газ», — сказана ў паведамленьні ведамства.
У Мінэнэрга падкрэсьліваюць, што беларускія газазабесьпячальныя арганізацыі ажыцьцяўляюць разьлікі з беларускай «дачкой» «Газпрома» «ў адпаведнасьці з заключанымі дамовамі».
Таксама ў заяве адзначаецца, што цяпер «паміж суб’ектамі гаспадараньня існуюць рознагалосьсі па вызначэньні кошту пастаўлянага прыроднага газу з улікам яго калярыйнасьці», і іх урэгуляваньне знаходзіцца ў кампэтэнцыі гаспадарчых субʼектаў.
Раней 29 траўня старшыня праўленьня расейскай кампаніі «Газпром» Аляксей Мілер заявіў, што запазычанасьць Беларусі за газ перад кампаніяй складае 165,57 млн даляраў і што«Газпром» гатовы пачаць перамовы аб пастаўках газу ў 2021 годзе толькі пасьля сплаты гэтай запазычанасьці. Ліст пра гэта і пра памер запазычанасьці высланы беларускаму Міністэрству энэргетыкі.
Два дні таму прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі праводзілі тэлефонныя перамовы, расейскі прэм’ер нагадаў беларускаму пра «важнасьць выразнага выкананьня двухбаковых дамоўленасьцей, якія вызначаюць парамэтры ўзаемадзеяньня ў нафтагазавай сфэры». Сума прэтэнзіяў тады не называлася публічна.
На 2020 год Беларусь дамовілася купляць расейскі газ па цане 2019 году — 127 даляраў за 1000 м³. Беларускі бок настойваў на зьніжках (бо Нямеччына атрымлівае тысячу кубамэтраў за 70 даляраў), але Ўладзімір Пуцін публічна адмовіў Аляксандру Лукашэнку.