Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва сьледам за Латвіяй заявіла аб гатоўнасьці вазіць нафту для Беларусі


Сьцяг Літвы ©Shutterstock

На год Літва можа перавозіць для Беларусі да 3 млн тонаў нафты на год. Гэта адна шостая частка таго, што Беларусь звычайна купляла ў Расеі для ўласных патрэбаў.

Кіраўнік транспартнай кампаніі LG Cargo, што належыць Літоўскай чыгунцы (Lietuvos gelezinkeliai), Эгідыюс Лазаўскас 3 студзеня заявіў журналістам, што Літва можа прапанаваць Беларусі інфраструктуру для паставак сырой нафты ў аб’ёме да 3 млн тонаў на год, паведамляе ТАСС.

Ён адзначыў, што адна Літва ня зможа перавезьці ўсе 18 млн тонаў сырой нафты, што Беларусь звычайна купляла ў Расеі для ўласных патрэбаў (агулам Расея прадавала Беларусі каля 24 млн тонаў на год, рэшта ішла на «перамытненьне»).

Каб запусьціць пастаўкі нафты зь Літвы, спатрэбіцца «адзін-два тыдні» пасьля таго, як беларускі бок прышле заяўку і вагоны. Пакуль гэтага не адбылося, адзначыў Лазаўскас.

Паводле яго, Літва можа ня проста перавозіць нафту для Беларусі чыгункай, але і задзейнічаць марскі порт у горадзе Клайпеда і нафтавую кампанію Klaipedos nafta, што мае тэрмінал прыёму сыравіны.

Раней пра магчымасьць вазіць нафту ў Беларусь казалі ў Латвіі. Паведамлялася, што «пытаньні дадзенай супрацы раней абмяркоўваліся зь беларускім бокам», але дакладныя аб’ёмы і даты не ўдакладняліся.

***

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь зь 1 студзеня. Масква і Менск дагэтуль не дамовіліся па ключавых пытаньнях адносна цаны на нафту, тарыфу на транзыт праз тэрыторыю Беларусі, а таксама аб кампэнсацыі за пагаршэньне эканомікі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў пасьля так званага падатковага манэўру ў Расеі.

Беларускія НПЗ пакуль працуюць на леташніх запасах, аб’ёму якіх хопіць прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыніла.

Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.

Аляксандар Лукашэнка яшчэ 31 сьнежня даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і задзейнічаць альтэрнатыўныя пастаўкі па магістральным нафраправодзе «Дружба». Але пра канкрэтныя дамовы не паведамлялася.

Падобнае даручэньне — адкрыць альтэрнатыўную пастаўку нафты праз прыбалтыйскія парты — ён даваў і год таму. Тады экспэрты адзначалі, што альтэрнатыўныя пастаўкі можна ладзіць ня толькі праз балтыйскія парты, але і праз украінскую Адэсу.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG