Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прапрацоўвае пытаньне паставак нафты ў Беларусь незалежнымі пастаўшчыкамі


Нафтаправод «Дружба».
Нафтаправод «Дружба».

Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоў, паведаміла агенцтву «Інтэрфакс» крыніца ў галіне. Таксама пра гэта піша і расейскае агенцтва ТАСС.

«Гэты варыянт апэратыўна прапрацоўваецца, разьлічваем на фіналізацыю дамоўленасьцей па ім у найбліжэйшы час», — сказала крыніца «Інтэрфаксу».

Пастаўка нафты на Беларускія НПЗ з 1 студзеня 2020 году не ажыцьцяўляецца з прычыны адсутнасьці на дадзены момант ўзгодненых цэнаў. Адпаведна няма і падпісаных кантрактаў паміж расейскімі прадаўцамі і беларускімі пакупнікамі.

Крыніца «Інтэрфаксу» сьцьвярджае, што гэты стан захоўваецца, нягледзячы на прапанову расейскіх кампаній захаваць ўмовы 2019 году.

«Пры гэтым на НПЗ Рэспублікі Беларусь маюцца запасы нафты, якія дазваляюць працягваць працу ў рэжыме паніжанай загрузкі, пакуль вядуцца перамовы», — падкрэсьліла крыніца.

Транзыт нафты праз Рэспубліку Беларусь адбываецца ў нармальным рэжыме.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь зь 1 студзеня. Масква і Менск дагэтуль не дамовіліся па ключавых пытаньнях адносна цаны на нафту, тарыфу на транзыт праз тэрыторыю Беларусі, а таксама аб кампэнсацыі за пагаршэньне эканомікі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў пасьля так званага падатковага манэўру ў Расеі.

Беларускія НПЗ пакуль працуюць на леташніх запасах, аб’ёму якіх хопіць прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыніла.

Аляксандар Лукашэнка яшчэ 31 сьнежня даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і задзейнічаць альтэрнатыўныя пастаўкі па магістральным нафраправодзе «Дружба». Але пра канкрэтныя дамовы не паведамлялася.

Падобнае даручэньне — адкрыць альтэрнатыўную пастаўку нафты праз прыбалтыйскія парты — ён даваў і год таму. Тады экспэрты адзначалі, што альтэрнатыўныя пастаўкі можна ладзіць ня толькі праз балтыйскія парты, але і праз украінскую Адэсу.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG