Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст


Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры

Беларусь перапрацоўвае нафту з Расеі з савецкіх часоў і ніколі ўсур’ёз не задумвалася пра тое, каб гэта зьмяніць. Так лічыць кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Што адбываецца. Сьцісла

  • 1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам праз Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • 31 сьнежня Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і задзейнічаць альтэрнатыўныя пастаўкі па магістральным нафраправодзе «Дружба».
  • Менск і Масква не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзены страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019.

Перапрацоўкаю расейскай нафты Беларусь займаецца з савецкіх часоў. У 1990-я пра тое, каб памяняць гэтую сыстэму, улады не задумваліся, але магчымасьці гэта зьмяніць былі. Аб гэтым у размове са Свабодай расказаў эканаміст Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Беларусь ня мае вялікай колькасьці сваёй нафты, але яна буйны пастаўшчык нафтапрадуктаў. Гэта адзіная такая краіна ў сьвеце, лічыць Раманчук.

«Гэта абсалютна ўнікальная сытуацыя. Пра гэта кажуць усе, хто сочыць за міжнароднай эканомікай. Беларусь цяпер буйны экспартэр нафтапрадуктаў, бюджэт на чвэрць складаецца наўпрост за нафтавых паставак. Лукашэнка стварыў на аснове расейскае нафты нафтавы эмірат», — дадае Раманчук.

З 1 студзеня спыніліся пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь, бо не падпісаныя дамовы аб гэтых пастаўках. Запасаў сыравіны на беларускіх НПЗ хопіць да сярэдзіны студзеня.

«У 1990-я гады Лукашэнка і ня думаў, што атрымае дывідэнды ад паставак нафты ў Беларусь, не думаў, што гэта павялічыць у чатыры разы даляравы ВУП Беларусі.

У 2008 годзе можна было пачаць прыватызацыю, прынамсі малую прыватызацыю. Замест гэтага ўлады ў 2005–2007 гадах вырашылі дзясяткі мільярдаў накіраваць на магутныя праекты мадэрнізацыі ў буйной прамысловасьці. Тады можна было прыватызаваць адзін з нафтаперапрацоўчых заводаў, зрабіць паўнавартасны энэргетычны рынак.

Цяпер трэба замарожваць удзел Беларусі ў інтэграцыйных праектах і пераходзіць да цывілізаваных двухбаковых адносінаў без усялякіх саюзаў», — мяркуе Яраслаў Раманчук.

За такі пераход Беларусь заплаціць фінансава, але гэта прывядзе краіну да бясьпечнай эўрапейскай эканомікі, дадае спэцыяліст.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG