Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паставіў задачу пастаўляць нафту празь Літву ці Латвію. Ці рэальна гэта і ці мэтазгодна?


Нафтаперапрацоўчы завод, ілюстрацыйнае фота
Нафтаперапрацоўчы завод, ілюстрацыйнае фота

Пасьля мадэрнізацыі двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў Беларусь зможа закупляць нафту ня толькі з Расеі, заявіў Лукашэнка на нарадзе аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці 10 студзеня. Свабода спытала ў эканаміста, ці мае гэта сэнс.

«Я ўжо даўно ставіў задачу, і нам трэба яе вырашыць: адкрыць альтэрнатыўную пастаўку нафты праз прыбалтыйскія парты, — казаў Аляксандар Лукашэнка. — Калі літоўцы нязгодныя, з латышамі дамовіцца і закупляць гэтую нафту. Перапрацоўваць на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе і забясьпечваць балтыйскія рэспублікі».

Гэта рэальна

Алесь Герасіменка, архіўнае фота
Алесь Герасіменка, архіўнае фота

Эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка ў камэнтары Свабодзе адзначае, што каб даць дакладны адказ на пытаньне аб мэтазгоднасьці такіх паставак, патрэбныя разьлікі з дакладнымі лічбамі. Але ён сумняецца, што такія разьлікі будуць на карысьць «балтыйскіх» паставак.

«На мой погляд, гэта, канечне, рэальна: наладзіць пастаўкі праз марскія парты, дастаўляць нафту трубаправодам ці чыгуначным транспартам, — разважае Герасіменка. — Іншая справа, як складзецца эканоміка.

Па-першае, нафту ж будуць набываць, калі што, на ўсясьветных рынках па ўсясьветных цэнах, і з улікам ускладненай лягістыкі і транспартных выдаткаў Наваполацкі НПЗ будзе прайграваць дзясяткам іншых аналягічных нафтаперапрацоўчых заводаў, якія існуюць на ўзьбярэжжах.

Так складаецца лягістыка, што найбольш выгадна будаваць НПЗ на ўзьбярэжжы. А нашыя нафтаперапрацоўчыя заводы былі збудаваныя за савецкім часам, там іншая лягістыка і іншая лёгіка працавала. Цяпер інтэграваць іх пад пастаўкі глябальнага рынку «нерасейскай» нафты будзе праблематычна».

Але балтам нявыгадна

Паводле Лукашэнкі, зь Літвой або Латвіяй «можна дамовіцца так, што гэта будзе нашая агульная нафта, якую мы перапрацуем на мадэрнізаваным Наваполацкім НПЗ», і тады балтыйскім краінам будзе таньней купляць беларускія нафтапрадукты, чым тыя, што цяпер купляюцца па ўсясьветных цэнах.

Герасіменка тут ня бачыць лёгікі: калі Беларусь (нават з удзелам Літвы або Латвіі) будзе купляць нафту па ўсясьветных цэнах, то з нафтапрадуктамі «не атрымаецца той маржы, якую можна дзяліць».

Літоўцам ці латвійцам будзе выгадней купляць нафтапрадукты зь іншых заводаў, якія купляюць нафту па тых жа ўсясьветных цэнах, але прапануюць ніжэйшыя цэны дзякуючы меншым выдаткам на дастаўку, перакананы ён.

Ёсьць іншы варыянт паставак — з Адэсы

«Мне здаецца, пастаўкі нафты на Мазырскі НПЗ праз адэскі порт і трубаправод Адэса-Броды нават больш рэалістычныя, чым пастаўкі нафты з мора на Наваполацкі НПЗ, — разважае Герасіменка. — Уся інфраструктура створаная, нават абкатаная».

Разавыя спробы паставак нафты праз Адэсу ўжо былі — трубаправод даўно дзейнічае, з Бродаў ёсьць «паварот на Беларусь», трубы ідуць праз Ровенскую і Жытомірскую вобласьці Ўкраіны ў Гомельскую вобласьць Беларусі. Ад 2010 году Беларусь спрабавала закупляць вэнэсуэльскую і азэрбайджанскую нафту, у 2017-м — іранскую, але пастаўкі не перавышалі і 1 млн тонаў (пры 24 млн тонаў на год з Расеі).

Герасіменка тлумачыць: гэта павінны быць ня разавыя пастаўкі, бо тады гэта будзе немэтазгодна. Калі танкеры з нафтай будуць прыходзіць штотыдзень або прынамсі два разы на месяц, можна і выйсьці ў нейкі плюс. Але нават тады ня будзе такіх прыбыткаў, што былі ад расейскай нафты: Расея прадае Беларусі нафту не па ўсясьветных цэнах, а па істотна ніжэйшых.

Ці мо Беларусі наагул не патрэбныя НПЗ?

«Я апошнім часам усё часьцей задаюся пытаньнем, ці патрэбная нам увогуле нафтаперапрацоўчая галіна, — расказвае Герасіменка. — Нават цяпер, атрымліваючы льготную нафту з Расеі, нафтаперапрацоўчыя заводы пэрыядычна рапартуюць пра нулявыя ці нават стратныя фінансавыя вынікі».

Паводле яго, цалкам можа скласьціся і такая сытуацыя, калі нафтаперапрацоўчая галіна стане стратнай на пастаяннай аснове — тады будзе выгадней ад яе адмовіцца.

Праца НПЗ, дадае ён, гэта ня нейкае пытаньне нацыянальнай бясьпекі, а толькі пытаньне адкрыцьця рынкаў для паставак прадуктаў з усяго сьвету. Усясьветныя цэны на нафтапрадукты могуць быць у паўтара раза вышэйшыя за сёньняшнія беларускія, але, мяркуе Герасіменка, эканоміка зможа да гэтага прыстасавацца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG