Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэнзін патаньнеў на капейку-дзьве. За мінулы год падаражэў больш як на 20%


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Упершыню ў 2019 годзе ў Беларусі зьмяніліся цэны на паліва — і, у адрозьненьне ад 2018 году, яны зьменшыліся, а не павялічыліся.

Паводле сайту «Беларуснафты», на 3 студзеня цэны за 1 літар такія:

  • АІ-98 — 1,63 рубля (было 1,65);
  • АІ-95 — 1,52 рубля (было 1,54);
  • BN-92 — 1,41 рубля (было 1,43);
  • дызэльнае паліва — 1,53 рубля (было 1,54).

За мінулы год паліва падаражэла на 24–27 капеек — больш як на 20%. Падаражаньне адбывалася паступова: цэны расьлі на капейку-дзьве, але 27 разоў за год. Цяпер бэнзін патаньнеў менш як на 1,5%.

У красавіку 2018 году дызэльнае паліва двойчы таньнела на капейку (у траўні зноў падаражэла). Але што тычыцца бэнзіну, то цяперашняе падзеньне ў цане — першае з 2011 году. Тады цэны зьніжалі на загад Аляксандра Лукашэнкі пасьля рэзкага падвышэньня і масавых акцыяў пратэсту «стоп-бэнзін».

Пра тое, што бэнзін патаньнее ў пачатку 2019 году, хадзілі чуткі і раней, але называлася крыху іншая дата — ад 2 студзеня. «Белнафтахім» пацьвердзіў Свабодзе, што зьмены цэнаў будуць абмяркоўвацца, але якраз гэтае абмеркаваньне (а ня зьмена цаны) будзе адбывацца 2–3 студзеня. Кіраўніцтва канцэрну «Белнафтахім» унесла прапановы аб зьніжэньні цэнаў на маторнае паліва на ўнутраным рынку яшчэ 30 сьнежня.

«Калі фактычная цана барэля нафты ў студзені 2019 году будзе захоўвацца ў дыяпазоне 52-55 даляраў, разглядаецца зьніжэньне цаны на 1 капейку для дызэльнага паліва і на 2 капейкі для бэнзіну. Таксама прадугледжваецца сьвяточная зьніжкавая кампанія», — казаў раней старшыня «Белнафтахіму» Андрэй Рыбакоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG