Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму французы пратэстуюць, а беларусы — не


Францускія пратэсты для беларусаў: «Нам бы так» ці «Божа барані?»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:35:19 0:00

Францускія пратэсты для беларусаў: «Нам бы так» ці «Божа барані?»

Ці стаіць за францускімі «жоўтымі камізэлькамі» «рука Масквы»? Як рэагуюць на пратэсты ў Парыжы дзяржаўныя мэдыя і Байнэт? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Каліноўскі, Наста Пілюгіна і Ганна Соўсь.

Прапануем фрагмэнт дыскусіі.

«Гэта прымальная цана за права народу на пратэст»

Ганна Соўсь: Ня першы тыдзень Францыю страсаюць маштабныя пратэсты так званых «жоўтых камізэлек». Гэтыя акцыі часам набываюць жорсткія, гвалтоўныя формы, асабліва ў Парыжы. Нагодай для пратэстаў стала падвышэньне цэнаў на паліва. У разгар пратэстаў прэзыдэнт Эманюэль Макрон пайшоў на саступкі, падвышэньне цэнаў на паліва было адмененае. Але пратэсты, так выглядае, не сьціхаюць. Якая рэакцыя ў Менску і чым яна адметная? Які асноўны мэсыдж беларускіх дзяржаўных СМІ?

Валер Каліноўскі
Валер Каліноўскі

Валер Каліноўскі: Аляксандар Лукашэнка прынамсі публічна ніяк не адрэагаваў на момант запісу нашай перадачы. У чацьвер быў брыфінг у МЗС Беларусі, і на ім таксама ніяк не адрэагавалі. Дык іх і не пыталіся. А вось дзяржаўныя СМІ актыўна выкарыстоўваюць францускую тэму. Выкарыстоўваюць своеасабліва і прадказальна. Была ў суботу перадача «Галоўны эфір» з умоўнай назвай Le Maidan. Сюжэт пра падзеі ў Францыі быў доўгім і зь лёзунгам «Жилет — лучше для Майдана нет». Нават прынесьлі шыны ў студыю. Увесь час ішло параўнаньне з Эўрамайданам у Кіеве, нават карцінкі з Кіеву і Парыжу зводзілі, прагназавалі ў Францыі чарговую каляровую рэвалюцыю.

І хвалілі беларускую стабільнасьць — нават паказалі старое выказваньне Лукашэнкі з выступу на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы ў Менску, пра тое, што «толькі стабільнасьць гарантуе правы чалавека». Беларуская прапаганда ўхапілася за падзеі ў Францыі, каб паказаць, што пратэсты і публічныя выступы — гэта кепска, а пабітыя вітрыны і згарэлыя машыны ў Парыжы павінны запалохаць беларусаў і падмацаваць палітыку Лукашэнкі, які ніякіх несанкцыянаваных вулічных выступаў не дапускае.

Мне таксама прыкра бачыць разьбітыя вітрыны на Елісейскіх палях ды разбураныя скульптуры на Трыюмфальнай арцы, але думаю, што гэта — прымальная цана за права народу на свой голас, за права на пратэст. Страхавыя кампаніі ўсё аплацяць, уласьнікі адновяць. Французы больш цэняць не мітычную стабільнасьць, а сваё права ўплываць на ўладу, і, як бачым, яны гэтага дамагаюцца. І яны гэтым правам карыстаюцца і ў гэтым стагодзьдзі, і ў папярэдніх.

«Пуціну не падабаюцца ўсе забурэньні акрамя тых, якія ён сам арганізоўвае»

Ганна Соўсь: А калі паглядзець на рэакцыю сусьветных лідэраў, як бы вы патлумачылі, чаму Ўладзімір Пуцін прыводзіць францускія пратэсты, як адмоўны прыклад, а Дональд Трамп фактычна вітае іх?

Юрый Дракахруст
Юрый Дракахруст

Юрый Дракахруст: Рэакцыя Пуціна падобная на рэакцыю ўладаў Беларусі, беларускага тэлебачаньня. Ён ня любіць забурэньняў, яму не падабаюцца забурэньні. Ён памятае 2011 год, памятае пратэст на Балотнай, памятае, як гэта бывае, і таму ён кажа: «Вы што хочаце, каб як у Парыжы?» Але варта сказаць, што яму не падабаюцца ўсе забурэньні акрамя тых, якія ён сам арганізоўвае.

Наконт парыскіх забурэньняў часам таксама гавораць, што бэнзінчыку туды Расея крышачку падліла, але на мой погляд, усё ж крышачку. Арганізаваць забурэньні такіх маштабаў немагчыма ніякаму ФСБ, ніякіх расейскім выведнікам. Спантаннасьць гэтых працэсаў проста бачная.

Што тычыцца Трампа, я думаю, што тут пэўныя рахункі да цяперашняга кіраўніцтва Францыі. Можна прыгадаць заявы Макрона пра эўрапейскае войска, Парыскае пагадненьне па клімаце і падкрэсьленая крытыка таго, што ЗША выйшлі зь яго. У прынцыпе гэты падатак быў наўпрост зьвязаны з парыскім пагадненьнем. Гэта пазыцыя Францыі па Ірану і шмат іншых. Трампу было вельмі прыемна, і ён не паленаваўся напісаць у Twitter, што у пратэстоўцаў былі і воклічы, кшталту «Даеш Трампа». Некаторыя францускія палітыкі сказалі, што гэта было на мяжы ўмяшаньня ва ўнутраныя справы. Тым ня менш, гэта, безумоўна, францускі ўнутраны працэс.

«Пратэст "жоўтых камізэлек" зацікавіў пераважна сэгмэнт Байнэту, які цікавіцца палітыкай»

Ганна Соўсь: Наста, а як на францускі пратэст рэагуюць сацыяльныя сеткі як у Беларусі, гэтак і ўва Францыі? Якія мэмы, фотажабы спарадзіў пратэст «жоўтых камізэлек»?

Анастасія Пілюгіна
Анастасія Пілюгіна

Наста Пілюгіна: У Францыі пратэсты сталі адной з галоўных тэмаў амаль усіх мэдыя, у гэтыя дні праўда ўвага адышла да страляніны ў Страсбуры. Не скажу, што цікавасьць да францускіх пратэстаў у беларускіх сетках можна параўнаць зь цікавасьцю да сёлетніх пратэстаў у Армэніі — нават праз такую блізкую цяпер беларусам праблему, як павышэньне цэнаў на паліва.

Пратэст «жоўтых камізэлек» зацікавіў пераважна сэгмэнт Байнэту, які цікавіцца палітыкай і пратэстамі. У тэлеграме напрыклад ёсьць канал — «Протесты в мире». Найбольшая цікавасьць беларусаў да францускіх пратэстаў, паводле сетачных мэтрык, зьявілася пасьля таго, як тэлеканал «Беларусь» параўнаў пратэсты «жоўтых камізэлек» з Эўрамайданам.

«Сваю частку віны Макрон прызнаў. А ці прызнаў Лукашэнка сваю віну з «дармаедзкім дэкрэтам»?

Ганна Соўсь: Летась Эманюэль Макрон атрымаў на прэзыдэнцкіх выбарах пераканаўчую перамогу. Яшчэ больш выразнай была перамога яго партыі на парлямэнцкіх выбарах. Валер, што кажуць экспэрты, ці ўтрымаецца француская ўлада, прэзыдэнт Макрон? Многія зараз прыгадваюць знакамітыя францускія пратэсты 1968 году. Тады дэ Голь утрымаўся, але быў вымушаны сысьці праз год. Пратэст «жоўтых камізэлек» — ці гэта вяртаньне ў 68-мы год?

Валер Каліноўскі: Цяжка рабіць прагнозы, але думаю, што гэта малаверагодна. Закон аб імпічмэнце прэзыдэнта ў Францыі ёсьць, ён дзейнічае з 2014 году, але імпічмэнтаў не было. Былі пагрозы імпічмэнтам на адрас папярэдніка Макрона Алянда, але яны не былі рэалізаваныя, хутчэй гэта палітычныя інструмэнты для ціску на ўлады. Працэдура ж імпічмэнту агулам складаная, трэба, каб 2/3 парлямэнту прагаласавала, а абсалютная большасьць у Нацыянальнай асамблеі цяпер у Макрона, у ягонай партыі.

Прэзыдэнты ў Францыі мяняюцца на выбарах, на гэтай пасадзе яны не заседжваюцца. Што да гэтага крызісу, то гэта ж не асабістая віна Макрона, хутчэй вынік шматгадовага разьвіцьця Францыі як краіны, як дзяржавы зь яе падаткамі, яе ролю ў Эўразьвязе і іншым. Але сваю частку віны ён прызнаў. Ці прызнаў Лукашэнка сваю віну з «дармаедзкім дэкрэтам»? Фактычна не. Хоць таксама былі масавыя і абгрунтаваныя пратэсты. Вось тут розьніца ў падыходах.

Думаю, што Макрон справіцца з гэтым крызісам. Ён чуе людзей, ідзе на саступкі, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, які заціскае зубы ў такіх выпадках, бо лічыць, што саступкі — гэта слабасьць. Саступкі Макрона, канешне, могуць выклікаць новыя патрабаваньні, але дамовіцца з грамадзтвам шанец ёсьць.

«Народ мае права выказвацца такім чынам, а ўлада мае права спыняць гэта»

Ганна Соўсь: Юры, давайце больш дэтальна паглядзім на тое, хто і як пратэстуе ва Францыі? Хто стаіць на чале пратэстаў? Хто фармулюе патрабаваньні? Ці гэта стыхійны рух альбо ён усё ж сьвядома накіроўваецца?

Юры Дракахруст: У значнай ступені ён стыхійны. Калі казаць пра яго арганізацыю, то можна правесьці аналёгію зь леташнімі антыдармаедзкімі пратэстамі, дзе ніякага штабу, цэнтру не было. Гэта быў сапраўды пратэст, у значнай ступені каардынаваны праз сеткі, праз актывістаў.

Што тычыцца Францыі, то з аднаго боку паводле апытаньня, 60% жыхароў Францыі ў цэлым ухваляюць гэты пратэст як такі. Ёсьць уласна ўся маса маніфэстантаў, іх вельмі шмат, яны па ўсёй краіне, але большасьць зь іх — мірныя пратэстоўцы. І ёсьць радыкальныя людзі, якія б’юць шыбы, паляць машыны, паграмілі Трыюмфальную арку. Ня факт, што ўсе гэтыя 60% гэта ўхваляюць. Валер казаў пра тое, што народ мае права выказацца такім чынам. Так, народ мае права, а ўлада мае права спыняць такія спробы.

«Цяпер ня варта перавышаць значнасьць сацыяльных сетак пры каардынацыі людзей»

Ганна Соўсь: У Беларусі сёлета таксама падвышалі цану на паліва, прычым у 26 разоў. І гэта публічных абурэньняў не выклікае. Наста, многія кажуць пра вялікую ролю сацыяльных сетак у каардынацыі і мабілізацыі францускіх «жоўтых камізэлек». У Беларусі між тым адноўленае дзеяньне дэкрэту аб «дармаедах». Ці фіксуеце вы ў сеціве падвышэньне пратэстнага настрою, які можа выліцца ў вулічныя акцыі?

Наста Пілюгіна: Пратэстоўцы сапраўды аб’ядналіся ў тэматычныя камьюніці, што характэрна для любых супольнасьцяў. З часоў Арабскай вясны любыя пратэстоўцы заводзяць свае суполкі ў сацыяльных сетках. Думаю, цяпер ня варта перавышаць значнасьць сацыяльных сетак пры каардынацыі людзей, бо людзі цяпер прачынаюцца і засынаюць у сетках і мэсэнджэрах. Калі ж улады блякуюць сувязь, тады на дапамогу прыходзяць адмысловыя дадаткі — Firechat, Signal ці Telegram.

Калі мы кажам пра магчымае аднаўленьне пратэстаў, то трэба пабачыць рэакцыю людзей пасьля атрыманьня жыровак 15 лютага. Але ўжо цяпер улады пайшлі на саступкі. 13 сьнежня «дармаедамі» перасталі лічыць асобныя групы насельніцтва: людзей перадпэнсійнага ўзросту, уласьнікаў маёмасьці камэрцыйных арганізацый, непаўналетніх на момант стварэньня базы. Напачатку сакавіка 2017 годзе Лукашэнка адтэрмінаваў дзеяньне дэкрэту, але пратэстаў гэта не спыніла. Людзі дамагаліся яго поўнай адмены.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG