Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палаце прадстаўнікоў лічаць, што паўмільёна чалавек у «сьпісе дармаедаў» — гэта зашмат


Свабода распытала дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пра іх стаўленьне да новага сьпісу «дармаедаў», у які, паводле міністаркі працы Ірыны Касьцевіч, уключаныя каля 500 тысяч чалавек.

Яшчэ вясной Палата прадстаўнікоў падтрымала новую рэдакцыю дэкрэту № 3. А 17 траўня яна прыняла пастанову «Аб Дэкрэце прэзыдэнта ад 25.01.2018 № 1 „Аб зьмяненьні дэкрэта прэзыдэнта РБ“». Менавіта гэты дакумэнт замяніў першапачатковы дэкрэт «аб дармаедах», супраць якога ў 2017 годзе пратэставалі тысячы людзей па ўсёй Беларусі. Тады ў Палаце прадстаўнікоў за пастанову прагаласавалі ўсе дэпутаты, апроч дзьвюх — Ганны Канапацкай і Алены Анісім.

Барадзеня: Сьпіс будзе скарачацца

Валер Барадзеня
Валер Барадзеня

Дэпутат Валер Барадзеня лічыць, што сьпіс «дармаедаў» занадта вялікі.

«Справа ў тым, што ёсьць шмат заблытаных сытуацый. Я, напрыклад, дакладна ведаю, што зь Берасьцейскай вобласьці апошнім часам шмат кіроўцаў аўтамабіляў, асабліва цяжкагрузных, пераехалі на працу ў Польшчу. Але далёка ня ўсе, — а я думаю, нават і бальшыня, — аформілі адпаведныя дакумэнты. А калі і аформілі, то не перадалі зьвесткі ў адпаведныя службы. Таму яны і трапілі ў гэты сьпіс».

Дэпутат Барадзеня ўпэўнены, што частка людзей, якіх унесьлі ў сьпіс, змогуць пераканаўча даказаць, што яны не дармаеды.

«Хачу сказаць, што ў гэтай сытуацыі трэба разьбірацца. А ініцыятыву трэба праяўляць абодвум бакам — і чыноўнікам, і тым, хто трапіў у сьпіс. Я ўпэўнены, частка з паўмільённай колькасьці так званых „дармаедаў“ хутка з гэтага сьпісу зьнікне», — сказаў дэпутат.

Анісім: Людзей застрашваюць

Алена Анісім
Алена Анісім

Дэпутатка Алена Анісім кажа, што ўлады Беларусі не паказваюць рэальную карціну беспрацоўя.

«У нас увесь час ідзе нейкае застрашваньне людзей, якія ня могуць або ня хочуць працаўладкавацца. Атмасфэра застрашваньня і запалохваньня — вельмі і вельмі нядобрая. Яна не спрыяе разьвіцьцю краіны, кансалідацыі грамадзтва. Яна толькі заганяе праблему ўглыб», — упэўненая дэпутатка.

Анісім кажа, што стварэньне сьпісу дармаедаў — гэта «адлюстраваньне мысьленьня чыноўнікаў»:

«Яны, напрыклад, не бяруць пад увагу тое, што людзі могуць працаваць, але іхныя працадаўцы не заўсёды зацікаўленыя афармляць іх, як кажуць, легальна. І людзі вымушаныя падстройвацца пад гэта. Бо інакш яны могуць наагул стаць беспрацоўнымі. Атрымліваецца, што наколькі лічба дармаедаў рэальная — гэта вялікае пытаньне».

Улаховіч: Палова сьпісу — ніякія не дармаеды

Мікалай Улаховіч
Мікалай Улаховіч

Дэпутат Мікалай Улаховіч кажа Свабодзе, што паўмільённую колькасьць так званых дармаедаў ён першым агучыў падчас аднаго з «ток-шоў» на тэлебачаньні:

«Тады мне ўсе казалі: „Мікалай Дзьмітрыевіч, ну вы і загнулі“. А я браў лічбу не са столі. Я доўгі час кіраваў Цэнтрам рэгістрацыі нерухомасьці. Натуральна, я меў інфармацыю пра прапіску людзей, пра месца іх працы. Гэта і стала крыніцай маіх прагнозаў».

Дэпутат Улаховіч кажа, што лічбу 500 тысяч трэба абавязкова падзяліць на дзьве прыкладна роўныя часткі.

«Палова зь іх — гэта ніякія не дармаеды. Гэта беларусы, якія працуюць за мяжой, пераважна ў Расеі. Гэта нафтавікі, будаўнікі, кіроўцы аўтамабіляў... Спачатку туды едзе адзін чалавек. Паступова за ім цягнуцца іншыя. Хтосьці перавозіць усю сям’ю, хтосьці пакідае сям’ю ў Беларусі. На гэтым разломе і атрымліваецца лічба ў паўмільёна», — тлумачыць дэпутат.

Выйсьце з сытуацыі Мікалай Улаховіч бачыць у паляпшэньні ўмоў працы ў Беларусі:

«Дзяржаўным людзям, да ліку якіх я адношу і парлямэнтароў, трэба стварыць такія ўмовы ў Беларусі, каб людзі адсюль нікуды ня ехалі працаваць».

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • Паводле пастановы Савету міністраў, у «базу дармаедаў» занесьлі каля 500 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG