Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат «дармаедаў» атрымаў францускую прэмію за абарону правоў чалавека


Праваабаронца Леанід Судаленка

Леанід Судаленка стаў першым беларускім праваабаронцам, які атрымаў францускую прэмію «Свабода-Роўнасьць-Братэрства». 10 сьнежня адвакат «дармаедаў» будзе на цырымоніі ўзнагароджаньня ў Парыжы. Прэмію ён атрымае ад міністра юстыцыі Францыі. Пасьля вяртаньня на Радзіму праваабаронцу чакае прыём у францускага амбасадара.

6 сьнежня, пасьля атрыманьня зьвесткі з Парыжу, Леанід Судаленка своеасабліва адсьвяткаваў прэмію. Зранку прыняў людзей, якія шукалі юрыдычнай дапамогі. Пасьля абеду ўдзельнічаў у судзе, дзе абараняў былых працаўніц Гомельскага лікёра-гарэлачнага заводу, якіх прадпрыемства, абвінавачвае ў недастачы.

З такіх справаў складаюцца дні праваабаронцы. Рабочаму адарвала руку на прадпрыемстве, і кіраўніцтва адмовілася аплаціць шкоду. Іншы праз вытворчую траўму зрабіўся інвалідам — заводу няма справы да гэтага. Наймальнік робіць адказнымі за сотні тысячаў рублёў недастачы прадаўшчыц ці кладаўшчыц. Чалавеку несправядліва налічылі пэнсію, звольнілі з працы, парушылі правы. Ідуць да «народнага адваката».

«Зараз прыходзяць па дапамогу цэлымі заводамі»

«Раней людзі прыходзілі індывідуальна, а зараз пайшлі цэлымі заводамі, — жартуе праваабаронца. — Малочны завод "Мілкавіта" спрабаваў спагнаць сотні тысяч за малако, якое недзе падзелася, з рабацяг. Адбіліся праз суд. Кіраўніцтва тлушчавага камбінату знайшло крайніх у недастачы, тыя прыйшлі да нас па абарону. Зараз Гомельскі гарэлачны завод "шукае" 47 тысяч бутэлек гарэлкі, якія недзе зьніклі. Мяркуюць, што іх кладаўшчыцы і грузчыкі мабыць, выпілі».

Займаўся Леанід Судаленка і гучнай справай «француза з патронам» Жалана Віё. Праваабаронца прааналізаваў умовы яго ўтрыманьня, парушэньні з боку беларускіх уладаў, падрыхтаваў праваабарончы даклад, сачыў за судовым працэсам.

За мяжой — у пашане, для ўлады — вораг

За 18 гадоў працы Леанід Судаленка мае безьліч перамог у беларускіх судах і Камітэце ААН па правах чалавека. Кожная трэцяя скарга з Беларусі ў КПЧ падрыхтаваная гомельскім праваабаронцам. Яго праца прызнаная і заўважаная на міжнародным узроўні. У Беларусі юрысту ўдзячныя многія людзі, якім ён дапамог дабіцца справядлівасьці ў судах. Улада таксама заўважае працу Леаніда Судаленкі. Рэагуе па-свойму — ціскам праз падатковую, падазрэньнямі ў злачынствах, вобшукамі, пагрозамі.

«Калі афіцыйная ўлада не павіншавала з Нобэлеўскай прэміяй Святлану Алексіевіч, то пра што гаварыць? Прызнаньне беларускай улады мне не патрэбнае», — зазначыў праваабаронца ў камэнтары Свабодзе.

«Прэмія даецца праваабаронцам, якія працуюць у агрэсіўным асяродку»

Прэмія «Свабода-Роўнасьць-Братэрства» заснаваная ў 1988 годзе. Яна прысуджаецца штогод Францускай Рэспублікай асобным людзям ці арганізацыям за ўнёсак у абарону правоў чалавека. З постсавецкай прасторы прэмію атрымлівалі праваабаронцы з Чачні і Таджыкістану. Яе ляўрэатамі станавіліся асобныя людзі і арганізацыі з краін, дзе правы чалавека знаходзяцца ў крытычным стане.

«Прэмію давалі праваабаронцам з такіх краін, дзе яшчэ розгі прымяняюць як пакараньне для чалавека. Напэўна, праваабаронца зь Нямеччыны не атрымае гэтую прэмію. Бо ва ўмовах атрыманьня ўзнагароды — ня толькі пасьпяховая праваабарончая дзейнасьць, але і праца ў агрэсіўным асяродку, які ўяўляе пагрозу», — патлумачыў Леанід Судаленка.

«Я чалавек, а не Тэрмінатар»

Агрэсіўны асяродак яго дзейнасьці — нападкі і ціск, інсьпіраваныя ўладамі праз падатковую, няўцямныя падазрэньні на зьдзяйсьненьне злачынстваў. Міліцыя падазравала праваабаронцу ў распаўсюджваньні парнаграфіі, памежныя органы здымалі зь цягніка з прымяненьнем фізычнай сілы. Удалося давесьці сваю рацыю.

Пасьля выбарчых кампаній праваабаронцу чакалі вобшукі на працы і дома. За тое, што абараняў «дармаедаў» узімку 2017 году — прайшоў праз суд па адміністрацыйным артыкуле. Абараняў правы Аляксандра Грунова, прысуджанага да расстрэлу, і яго маці — атрымаў пагрозы. «Ці будзеш ты абараняць забойцаў свайго сына, калі яго знойдуць з сотняй раненьняў пад пад’ездам?», — пісалі Леаніду Судаленку «добразычліўцы». Яму дасылалі відэа з месца забойства Барыса Нямцова з прыпіскай «Ну як табе? Падабаецца?»

«Здароўя гэта не дадае. Я ж чалавек з плоці і крыві, а не Тэрмінатар. Тым ня менш, нягледзячы на ўсе небясьпекі, я працую ўжо амаль дваццаць гадоў праваабаронцам. Наша праца — бо я не адзін, носіць сыстэматычны характар. Гэта прэмія ня толькі для мяне — для ўсіх маіх беларускіх калег», — кажа Леанід Судаленка.

Асаблівую пашану ён мае да Барыса Звозскага, імя якога зараз носіць Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні. «Я прысьвячаю гэтую прэмію Барысу — майму сябру і настаўніку. Мы 15 гадоў былі знаёмыя. Да сустрэчы зь ім я быў юрыстам, пасьля — праваабаронцам. Дзякуючы яму атрымаў неабходныя веды», — падкрэсьліў праваабаронца.

Што Судаленка скажа ў Парыжы?

Выстава "Лісты палітвязьняў ад 1996 года да нашых дзён", Паліна Сьцепаненка, Алесь Бяляцкі, Леанід Судаленка
Выстава "Лісты палітвязьняў ад 1996 года да нашых дзён", Паліна Сьцепаненка, Алесь Бяляцкі, Леанід Судаленка

«Скажу, што правы чалавека — гэта ня тое, што мы павінны прасіць у дзяржавы, а тое, што належыць нам ад нараджэньня. Я буду заклікаць разам абараняць правы кожнага. І тады наша грамадзтва будзе больш добрым, талерантным, без агрэсіі, гвалту, канфліктаў — калі мы будзем паважаць адзін аднаго. Гэта важнае», — патлумачыў суразмоўца.

Беларускіх праваабаронцаў Леанід Судаленка называе «вартавымі сабакамі». «Колькі б дзяржава не парушала правы чалавека — мы будзем нястомна пра гэта казаць на ўсіх узроўнях, "гаўкаць". Скаргі ў Камітэт ААН рыхтуюцца індывідуальныя. Але ў сваіх рашэньнях Камітэт піша беларускім уладам, каб прывялі нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасьць з міжнародным — у галіне мірных сходаў, праве на асацыяцыі», — кажа праваабаронца.

  • Чым ён ганарыцца?

  • Дапамогай бацькам загінуўшай на ўборцы бульбы Вікі Папчэні з Маладзечанскага раёна. Леанід Судаленка дапамог сямʼі школьніцы на ўсіх этапах судоў, у тым ліку дабіўся спагнаньня маральнай шкоды. Зараз справу Вікі Папчэні будзе разглядаць Камітэт ААН па правах чалавека. «Мне казалі — я спэкулюю на гэтай трагедыі. Гэта ня так — я дапамагаў не толькі бацькам Вікі, але і ўсім, чыіх дзяцей замест заняткаў у школе гоняць на ўборку бульбы. І калі рашэньне Камітэту ААН будзе вісець у кожнай школе — дзяцей перастануць вазіць на прымусовыя працы», — пракамэнтаваў праваабаронца.
  • Справай «Гены з лесапілкі». Жыхару Рэчыцы Генадзю Літвінаву на прадпрыемстве адарвала пальцы. Наймальнік адмовіўся прызнаваць работніка «сваім», як і прызнаваць траўму вытворчай. Некалькі судовых працэсаў, у якіх удзельнічаў як прадстаўнік пацярпелага Леанід Судаленка, прывялі да прызнаньня рацыі за былым работнікам і спагнаньня маральнай шкоды з прадпрыемства.
  • Справай рабочага з хімзаводу Аляксандра Клімава. Пасьля вытворчай траўмы мужчыну «выкінулі як кацяня» на вуліцу і пакінулі бяз сродкаў для існаваньня. Судовыя працэсы былі складанымі і доўгімі. Каб дабіцца справядлівасьці, спатрэбілася чатыры гады. Увесь час былому рабочаму юрыдычна дапамагаў Леанід Судаленка. У выніку Аляксандр Клімаў атрымаў страхавыя выплаты.
  • Справамі ў Камітэце ААН па правах чалавека. У 2008 годзе з дапамогай Леаніда Судаленкі Камітэт упершыню прызнаў дыскрымінацыю па палітычных матывах у дачыненьні Аляксандра Мілінкевіча і Віктара Карнеенкі. Ад свайго імя супраць дзяржавы праваабаронца падаваў дзесяць скаргаў. Па ўсіх Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў: дзяржава парушыла правы Леаніда Судаленкі на мірныя сходы, свабоду асацыяцый, права выбіраць і быць выбраным.

«Пры новай уладзе я хацеў бы быць адвакатам»

Леанід Судаленка.
Леанід Судаленка.

«І сацыяльна-эканамічнымі, і палітычнымі, і грамадзянскімі справамі мы рэфармуем дзяржаву. Некалі ўлада зьменіцца. І пры новай уладзе я хацеў бы быць адвакатам — атрымаць адпаведную ліцэнзію, каб удзельнічаць і ў крымінальных справах. Менавіта для таго, каб абараняць людзей, прымяняючы стандарты правоў чалавека. Зараз я пазбаўлены такой магчымасьці. Мне сказалі, што калі я нават зьмяню прозьвішча — усё роўна не атрымаю ліцэнзію адваката пры сёньняшняй уладзе», — зазначыў Леанід Судаленка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG