Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сірата з Рэчыцы выйграў суд у ліцэю, які патрабаваў грошы за навучаньне


Вячаслаў Горленка (зьлева) і яго прадстаўнік Леанід Судаленка

6 верасьня суд Рэчыцкага раёну пакінуў без задавальненьня пазоў Калінкавіцкага аграрна-тэхнічнага ліцэю да былога навучэнца Вячаслава Горленкі. Установа адукацыі спрабавала праз суд спагнаць з 23-гадовага сіраты 4188 рублёў — столькі дзяржава патраціла на яго навучаньне. Судзьдзя Алена Каліноўская вырашыла справу на карысьць навучэнца.

Жыхар Рэчыцы Вячаслаў Горленка выхоўваўся ў інтэрнаце, бо ягоныя бацькі былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. З 2010 па 2013 год малады чалавек вучыўся на электрагазазваршчыка ў аграрна-тэхнічным ліцэі ў Калінкавічах. Пасьля заканчэньня ліцэю атрымаў дыплём — кажа, што без накіраваньня на працу.

У 2018 годзе ліцэй падаў на сірату ў суд — патрабаваў вярнуць сродкі, якія дзяржава патраціла на яго навучаньне. Прадстаўнікі ліцэю сьцьвярджалі на судзе, што Вячаславу давалі накіраваньне на працу на адно зь сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і ён мусіў адпрацаваць там, або, у адваротным выпадку, аддаць дзяржаве затрачаныя на навучаньне сродкі.

«Я не атрымліваў накіраваньня на працу — шукаў яе самастойна. Ня ведаў, што мушу сплаціць грошы за навучаньне», — сказаў Горленка на судзе.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які выступіў прадстаўніком Горленкі на судзе, у судовых спрэчках акцэнтаваў увагу на двух момантах:

  • Па-першае, паводле заканадаўства пры разьмеркаваньні выпускніка-сіраты мусяць улічваць, дзе ён будзе жыць. Вячаслаў з 2003 году быў зарэгістраваны ў бацькоўскім доме, замацаваным за ім як за сіратой. У 2013 годзе маці хлопца памерла, а дом прыйшоў у непрыдатны для жыцьця стан: там пасяліліся бяздомныя, два разы дом гарэў, у ім няма ні даху, ні падлогі, ні вокнаў. Аднак ліцэй не праверыў, куды разьмяркоўваецца сірата і дзе ён будзе жыць, у якім стане дом.
    Бацькоўскі дом Вячаслава Горленкі
    Бацькоўскі дом Вячаслава Горленкі
  • Па-другое, пазоў у суд быў пададзены пазьней за вызначаны тэрмін. Установа адукацыі даведалася, што Вячаслаў не прыступіў да працы, у 2014 годзе. Спаганяць грошы, паводле заканадаўства, адміністрацыя ліцэю мусіла ў трохгадовы тэрмін.

Па выніках паседжаньня судзьдзя адхіліла пазоў ліцэю на той падставе, што выйшаў тэрмін даўнасьці.

Пытаньне наконт жытла застаецца адкрытым. У 2018 годзе Вячаслаў хацеў стаць на чаргу на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Рэчыцкія ўлады яму адмовілі, спасылаючыся на тое, што малады чалавек мае неабходныя квадратныя мэтры. Дом бяз вокнаў, дзьвярэй, падлогі, зь дзіравым дахам і пасьля двух пажараў камунальныя службы прызналі прыдатным для пражываньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG