Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра беларускі пратэст: «Хамэлеон паўзе павольна, але дапаўзае да вяршыні баабаба»


«Пратэст недармаедаў», Гомель, 19 лютага 2017
«Пратэст недармаедаў», Гомель, 19 лютага 2017

З 1 сьнежня аднаўляецца дзеяньне дэкрэту аб дармаедах. Ці спародзіць гэта пратэсты? Які ўплыў на беларусаў робяць пратэсты ў суседзяў — ва Ўкраіне і ў Расеі? Якой будзе рэакцыя на рэгістрацыю наведнікаў інтэрнэт-форумаў?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць рэдактарка Радыё Свабода Аляксандра Дынько, сацыёляг Сяргей Нікалюк і праваабаронца Леанід Судаленка. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.

«Нашыя людзі „зьядуць“ і гэты адноўлены дэкрэт»

Дракахруст: З 1 сьнежня ў Беларусі будзе адкрыты доступ да электроннай базы не занятых у эканоміцы, да базы так званых «дармаедаў». Не занятыя ў эканоміцы павінны з 1 студзеня 2019 году па поўным кошце аплачваць выдаткі за гарачую ваду, а з 1 кастрычніка 2019 году — за газ і цеплазабесьпячэньне. Летась спроба абавязаць людзей плаціць збор на незанятых у эканоміцы спарадзіла надзвычай моцныя і маштабныя пратэсты, якія літаральна ахапілі ўсю краіну. Новая рэдакцыя, трактоўка дэкрэту прадугледжвае для незанятых толькі падвышэньне коштаў «камуналкі» ці яшчэ нешта іншае?

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Судаленка: Перапрацаваны дэкрэт № 3 не закранае вялікую колькасьць насельніцтва. Нашыя людзі спакойна «зьелі» падвышэньне пэнсійнага ўзроўню, «зьядуць» і гэты адноўлены дэкрэт. Ён закранае толькі дзьве катэгорыі — незанятых у эканоміцы і тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцьця.

Незанятыя ў эканоміцы могуць і надалей працягваць жыць так, як яны жывуць і яго новы варыянт не закране, калі толькі ён не зьяўляецца ўласьнікам жытла. Але калі нават ён і мае ва ўласнасьці, скажам, кватэру, стан незанятага ў эканоміцы вельмі проста зьмяніць — сплаціць раз на год адну базавую велічыню падатку і заявіць сябе рамесьнікам.

На мой погляд, больш сур’ёзная праблема зь іншай катэгорыяй, якая патрапляе пад дэкрэт. Тут практычна будуць пазбаўляць свабоды людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця — іх будуць накіроўваць у так званыя працоўныя прафілякторыі. У мяне, як у спэцыяліста ў галіне права, узьнікае пытаньне — як гэта будзе адбывацца практычна. Ці дастаткова будзе рашэньня «дармаедзкай» камісіі ці гэта ўсё ж будзе адбывацца праз суд. У дэкрэце гэта не прапісана.

Дракахруст: Аляксандра, Леанід сказаў, што адноўлены дэкрэт закране не такую ўжо і вялікую колькасьць людзей. Хіба? Незанятыя ў эканоміцы — гэта ж і тыя, хто працуе ў Расеі. А гэта сотні тысячаў людзей.

Летась падатковая разаслала 400 тысячаў «лістоў шчасьця». Зараз гэтае «шчасьце» наканаванае меншай колькасьці людзей?

Дынько: Ня так ужо і шмат засталося ў Беларусі такіх «шчасьлівых». Да вашага пытаньня, чаго будзе тычыцца дэкрэт, то пакуль гэта сапраўды будзе тычыцца толькі аплаты некаторых камунальных паслугаў.

Са сьпісу тых, хто лічыцца занятым у эканоміцы, чамусьці выключылі людзей, якія сплачваюць падаходны падатак. Мы, Радыё Свабода, пакуль ня маем адказу ні ад міністэрства падаткаў, ні ад адміністрацыі прэзыдэнта. Так што колькасьць «дармаедаў» можа стаць значна большай.

Да таго ж для таго, каб даказаць, што ты насамрэч заняты ў эканоміцы, трэба сабраць шмат дакумэнтаў. Нашае радыё апублікавала сьпіс дакумэнтаў, якія трэба сабраць студэнтам, якія вучацца за мяжой, тым, хто працуе за мяжой. І гэта трэба адносіць асабіста, уласнаручна заносіць у адпаведныя камісіі. Тут нельга проста адсканаваць і даслаць па электроннай пошце.

Я мяркую, што тут будзе вялікая прынамсі бюракратычная вайна.

Дракахруст: Якія настроі ўладаў — яны будуць спаганяць па поўнай, вырашаць спрэчныя сытуацыі на карысьць дзяржавы, ці імпэт зьнік (калі і быў) і ўлады хутчэй настроеныя ісьці людзям насустрач? Ці можна аспрэчыць сваё знаходжаньне ў сьпісе непрацуючых?

Судаленка: Гэты дэкрэт тычыцца толькі ўласьнікаў жытла. Студэнты, тыя, хто працуе ў Расеі, нічога па дэкрэце плаціць ня будуць, бо яны ня маюць уласнасьці.

Дракахруст: Я не зусім зразумеў. Скажам, мужчына працуе ў Расеі, жонка жыве ў Гомелі ў іх супольнай кватэры. Плата за кватэру будзе вышэй за кошт таго, што ён — незаняты ў эканоміцы Беларусі?

Судаленка: Не. Ніхто гэтыя рахункі ня будзе дзяліць. Калі жонка — уласьніца кватэры і калі яна працуе, то праблема для гэтага працуючага ў Расеі мужчыны зьнікае.

Што тычыцца настрояў ва ўладзе — сёлета летам, калі фармаваліся «дармаедзкія» камісіі, маю кандыдатуру, як праўнага інспэктара прафсаюзу РЭП, вылучалі ў склад Гомельскай гарадзкой камісіі. Зразумела, я туды не патрапіў. Гэта дае падставу меркаваць, што гэтыя камісіі будуць працаваць непразрыста. А паўнамоцтвы дэкрэт ім дае шчодрыя. Менавіта яны на месцах будуць вырашаць лёс людзей, у тым ліку і прымаць рашэньні аб абмежаваньні свабоды.

«Дармаедзкім» камісіям няма з чым ісьці да людзей, асабліва ў рэгіёнах. У райцэнтрах, у вёсках працоўная вакансія на 300-400 рублёў адна на ўвесь раён. Што гэтыя камісіі могуць прапанаваць незанятаму ў эканоміцы, скажам, у Лоеве ці Брагіне? У працоўны прафілякторый накіраваць?

Ці можна прадказаць, дзе, калі і з чаго выбухне?

Дракахруст: Паводле апытаньня, якое правяла Беларуская аналітычная майстэрня, гатоўнасьць беларусаў адстойваць свае правы ня надта высокая. Паводле адказаў самая папулярная «бакханалія» для іх — гэта рахманы ўдзел у выбарах. Гэта пацьвярджаецца вашым досьведам, вашымі адчуваньнямі?

Зь іншага боку, напрыканцы 2016 году ніхто не прадказваў, што празь некалькі месяцаў Беларусь літаральна выбухне. Дык можа і зараз можа выбухнуць з самай нечаканай нагоды, нягледзячы на дадзеныя апытаньняў?

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

Нікалюк: Я мяркую, што імавернасьць масавых пратэстаў вельмі нізкая. Грамадзтва, як сыстэмы, заснаванай на агульных каштоўнасьцях, у Беларусі няма. Мы маем атамізаваных грамадзянаў.

Дракахруст: А ў лютым-сакавіку летась, калі былі пратэсты па ўсёй краіне, ў Беларусі грамадзтва было?

Нікалюк: Я не лічу, што летась былі такія ўжо масавыя пратэсты. Апроч гэтага, людзі тады выйшлі, а ўлада зь незразумелых прычынаў ня стала адразу ж рэагаваць на пратэсты ў звыклай ёй манеры.

І гэта вельмі важны момант. Сёньня выходзяць 50 чалавек, улада не рэагуе, і заўтра выходзіць 200 чалавек.

Я тады сказаў — як толькі ўлада ўжыве сілу, усё скончыцца. І так яно і адбылося. У нас грамадзтва рэагуе на слабую ўладу. У перабудову і пазьней людзі, якія выказвалі сваё меркаваньне, запаўнялі плошчы і стадыёны. Што — тады было грамадзтва? Ды не, не было і тады. Людзі былі ўзбуджаныя і не было фактычна дзяржавы. Як казаў Лукашэнка ў 1994 годзе, улада літаральна валялася ў гразі.

Дракахруст: Сяргей, вы забыліся, што летась перад ужываньнем сілы ўлада пайшла на саступкі, дзеяньне дэкрэту аб «дармаедах» было прыпыненае, чаго і дамагаліся людзі на плошчах.

Нікалюк: Што да цяперашняга моманту, то мой прагноз — нічога не адбудзецца. Праблемы, якія будуць узьнікаць у людзей, вельмі індывідуальныя. Розныя людзі будуць сутыкацца зь імі ў розны час. І хто і як зможа абʼяднацца?

Дынько: Я нядаўна вярнулася з Ерэвану, я там я размаўляла зь людзьмі, якія ўдзельнічалі ў сёлетняй рэвалюцыі. І чарговы раз я пачула — за пару тыдняў да таго, як усё здарылася, ніхто не меркаваў, што такое будзе. І тое самае мне казалі людзі і ва Ўкраіне, і ў Малдове. Я з усяго свайго журналісцкага досьведу ведаю, што вялікі пратэст непрадказальны, што б ні казалі паважаныя аналітыкі.

І таксама цяжка прадказаць, ці будзе пратэст пасьпяховым.

Паводле маіх назіраньняў, у Беларусі ўсё больш людзей расчараваныя сытуацыяй, і ў іх усё менш магчымасьцяў знаходзіць вырашэньне сваіх праблемаў. Найперш я кажу пра людзей у вёсках, у невялікіх гарадах. Калі раней яны маглі ехаць у большыя гарады, каб знайсьці працу, цяпер і ў вялікіх гарадах працы няма. Калісьці яны маглі езьдзіць на заробкі ў Расею, але некалькі гадоў яны і туды ня езьдзяць.

І слабасьць улады ня ў тым, што яна выводзіць на вуліцу міліцыю ці АМАП, якія бʼюць людзей дубінкамі, а ў тым, што яна ня можа задаволіць патрэбы людзей. Важна, каб дзяржаўныя інстытуты ўзяліся за вырашэньне гэтых праблемаў людзей, а не чакалі выбуху.

А вось гэтая электронная база «дармаедаў», сам факт знаходжаньня ў ёй, можа быць для людзей балючым. Даверу да ўлады няма. Сёньня дэкрэт тычыцца толькі «камуналкі», але што будзе заўтра? Заўтра цябе ня будуць абслугоўваць у беларускай паліклініцы. Людзей гэта будзе турбаваць і падаграваць грамадзкія настроі.

Судаленка: Што тычыцца гатоўнасьці адстойваць свае правы — яе звычайна дэманструюць тыя, каму няма чаго губляць. Сярэдні беларус сёньня цалкам залежны ад улады — гэта і працоўныя кантракты, і крэдыты, і дзеці дзесьці вучацца. Гэтая залежнасьць не дазваляе яму бараніць сябе і сваіх родных. Пакуль улада не залезе кожнаму ў кішэню, выбуху ня будзе. Нават падвышэньне пэнсійнага ўзросту яго не выклікала. Моладзь гэта не зачапіла, яе гэта будзе тычыцца няхутка. А людзі сярэдняга ўзросту падумалі — а можа так і трэба?

Мы ў Гомелі, дарэчы, спрабавалі дамагчыся для аднаго рабочага пэнсіі па старых правілах. Але гэтую нашую ініцыятыву народ не падтрымаў, не закідаў такімі пазовамі суды па ўсёй краіне.

Каб людзі выйшлі на пратэст, павінная здарыцца нейкая падзея, якая закране кожную сямʼю, што было, калі дзейнічала старая рэдакцыя дэкрэту № 3.

На што штурхае беларусаў чужы досьвед?

Дракахруст: Апошнім часам сацыяльныя пратэсты віруюць ня толькі ў далёкай Францыі, але і ў суседніх з Беларусьсю, блізкіх ёй краінах. У Расеі тысячы людзей пратэставалі супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту, ва Ўкраіне людзі пратэстуюць супраць мыта на патрыманыя аўтамабілі, пратэстуюць супраць адсутнасьці ацяпленьня. Дарэчы, і ў Беларусі ў свой час (у 2011 годзе) мыта на машыны ўзьнімалі, а пэнсійны ўзрост — летась. А вось зараз — ці можа досьвед блізкіх суседзяў падштурхнуць беларусаў да пратэстаў?

Судаленка: З пратэстаў у суседзяў заслугоўвае ўвагі толькі ўкраінская рэвалюцыя годнасьці. Пратэсты ў Расеі, асабліва з увагі колькасьці яе насельніцтва, не такія і значныя. І рэакцыя ў Беларусі будзе адпаведная — «канапная», папішуць у сацыяльных сетках ды і супакояцца.

Вось была гісторыя з гібельлю ў Печах салдата Коржыча. Людзі ж ня выйшлі з пратэстам.

Аляксандра Дынько
Аляксандра Дынько

Дынько: Мы за апошнія дзесяцігодзьдзі бачылі вакол Беларусі столькі пратэстаў і рэвалюцыяў. Здаецца, нават Лукашэнка пераканаўся, што экспартаваць у Беларусь рэвалюцыю звонку немагчыма. Я прапаную наагул не рэвалюцыямі вымяраць здольнасьць да пратэсту. У Берасьці кожную нядзелю сотні людзей выходзяць на пратэст супраць акумулятарнага заводу.

Гэта шматмесячны пратэст. І падобных прыкладаў нямала. Недзе людзі не далі звольніць дырэктарку школы. Настаўніцу музыкі звольнілі, калі яна апублікавала фота, як дзеці вучацца безь сьвятла, але людзі яе абаранілі. Ці гісторыя, як людзі высьмеялі МУС, якое прымусіла падлетка выбачыцца перад помнікам гарадавому. І з падлетка зьнялі абвінавачваньне.

Такія зьявы зьмяняюць нашмат больш у нашым грамадзтве, чым вялікія пратэсты.

Нікалюк: Цяпер улада павялічвае даходы насельніцтва. І вынік адразу фіксуе статыстыка. За студзень-верасень 2018 году колькасьць імпартаваных легкавых аўтамабіляў павялічылася амаль на 66%.

І каньяк беларусы сталі піць больш актыўна, нягледзячы на тое, што спажываньне алькаголю ў цэлым зьменшылася.

Наконт уплыву ўкраінскіх і расейскіх пратэстаў — у Беларусі кансалідаваны аўтарытарызм. Ва Ўкраіне такога рэжыму няма. Там узьнікла своеасаблівая культура Майдану. Беларусы ёсьць розныя, але большасьць іх да гэтай культуры Майдану ставіцца адмоўна.

І з Расеяй цяжка параўноўваць. У Расеі чацьверты год зьніжаюцца даходы насельніцтва. І рашэньне аб падвышэньні пэнсійнага ўзросту — гэта не прычына пратэстаў, а нагода для іх. Там ужо скончылася дзеяньне «крымскага» эфэкту.

Да таго ж варта ўлічваць, што ў Расеі зусім іншы ўзровень сацыяльнай няроўнасьці. Ёсьць такі паказьнік — дэцыльны каэфіцыент. Гэта паказьнік, у колькі раз даходы самых багатых 10% насельніцтва больш, чым даходы самых бедных 10% насельніцтва. У Беларусі гэты паказьнік — на сярэднеэўрапейскім узроўні, каля 6. А ў Расеі ён афіцыйна — каля 20.

Грамадзтвы розныя. Некаторыя чакаюць, што нас некуды падштурхне досьвед Украіны. А чаму не падштурхнуў досьвед Польшчы, Літвы, Латвіі, якія з намі мяжуюць і куды беларусы часта езьдзяць?

«Паўстаньне ў Аднаклясьніках будзе бязьлітасным»

Дракахруст: Яшчэ адзін «падарунак» ад улады беларусам з 1 сьнежня — рэгістрацыя наведнікаў інтэрнэт-форумаў. Гэта ж грошы з кішэні не выцягвае. Але наколькі моцнае незадавальненьне можа гэта спарадзіць?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Нікалюк: Мне падабаецца афрыканская прымаўка — хамэлеон паўзе павольна, але дапаўзае да вяршыні баабаба. Мы чакаем, што адбудзецца нейкая падзея і тут нешта зьменіцца. Як рашэньне па інтэрнэту, гэтак і аднаўленьне дзеяньня дэкрэту аб «дармаедах», безумоўна пакрысе, часам незаўважальна, назапашваюць раздражненьне ў грамадзтве. У рэшце рэшт крытычная маса сасьпее. Калі гэта будзе, цяжка сказаць. Але кірунак гэтага назапашваньня такія рашэньні задаюць.

«Залаты час» беларускай мадэлі ў мінулым. На працягу 15 гадоў ВУП рос у сярэднім па 7% у год. У Расеі адбываецца тое самае. Аляксей Кудрын, кіраўнік Падліковай палаты РФ, паведаміў, што за 10 гадоў у Расеі сярэднія тэмпы росту ВУП склалі 1%.

Дынько: Увядзеньне рэгістрацыі на інтэрнэт-форумах — такое ж непрадуманае рашэньне, як і ўтварэньне электроннай базы дадзеных пра «дармаедаў».

Для таго, каб даведацца, ці ёсьць ты ў гэтай базе, трэба самому прыйсьці ў адміністрацыю і атрымаць там пароль і лагін. Цікава, колькі людзей пойдуць іх атрымліваць, каб даведацца, ці ёсьць яны ў гэтай базе.

Цяжка прадказаць, як будзе працаваць і база, і рэгістрацыя на інтэрнэт форумах. Людзей злуе, калі іх прымушаюць рабіць дзеяньні, бессэнсоўныя на іх думку. Што да форумаў, то пакуль будуць магчымасьці камэнтаваць у іншых месцах, будуць туды хадзіць. Дыскусіі перасунуцца у Фэйсбук ці ў Аднаклясьнікі. Для ўлады гэта больш небясьпечна. У сацсетках людзям нашмат прасьцей саарганізоўвацца, чым на форумах. Паўстаньне, арганізаванае ў Аднаклясьніках, будзе бязьлітасным.

Судаленка: Летась я, па вэрсіі ўладаў, быў адвакатам «дармаедаў». Я хачу і сёлета зьвярнуцца да пытаньня аспрэчваньня знаходжаньня людзей у гэтай базе «дармаедаў». Я гатовы ўзяцца за любую такую справу і дайсьці з ёй да Вярхоўнага суду. І цікава паглядзець, як будзе сябе паводзіць у гэтай сытуацыі беларуская Фэміда.

Памятаеце, першую і апошнюю справу «дармаеда» Аляксандра Сямёнава ў Гомелі? Лічу, што мы тады той справай забілі вялікі цьвік ў труну гэтага дэкрэту. Трэба гэтак жа і зараз зрабіць. Да мяне ўжо зьвярнуўся адзін незаняты ў эканоміцы праграміст-фрылансэр, якога «дармаедзкая» камісія ўжо выклікала на размову.

Ён уласьнік трохпакаёўкі ў Гомелі. І магчыма гэты другі «дармаедзкі» суд будзе таксама ў нас у Гомелі. Пачакаем жыроўку, якую яму дашлюць у лютым 2019 году. Наконт пытаньня аб рэгістрацыі на інтэрнэт-форумах — гэта таксама ня выкліча пратэстную хвалю. Ізноў жа будуць пісаць у інтэрнэце «канапныя» блогеры. Паабмяркоўваюць і на гэтым, на жаль, усё і скончыцца.

Каго залічылі ў «дармаеды» і чым гэта пагражае. Сьцісла

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG