Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пазбавіў семʼі «дармаедаў» дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла


Аляксандар Лукашэнка 10 сьнежня падпісаў указ, згодна зь якім семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», пазбаўляюцца права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла, піша interfax.by са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі.

«Дармаеды» змогуць паўторна зьвярнуцца па дзяржаўную дапамогу, «калі адпалі падставы адносіць іх да грамадзянаў, не занятых у эканоміцы», — адзначылі ў прэс-службе Лукашэнкі.

Разам з тым указ Лукашэнкі павялічыў да 50% памер субсыдыі для сплаты асноўнай пазыкі па камэрцыйных крэдытах для:

  • дзяцей-сірот;
  • грамадзянаў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Паводле ўказу, шматдзетныя семʼі, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасьцю, могуць атрымаць дзяржпадтрымку для будаўніцтва жытла ў першую чаргу.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG