Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў не спаганяць «падатак на дармаедзтва» да канца году. Рэакцыі


Дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» адмяняць ня стануць, але на працягу года даручана ня спаганяць адпаведны збор.

Адпаведнае рашэньне сёння на нарадзе аб актуальных пытаннях разьвіцьця краіны агучыў Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«На працягу сакавіка, калі трэба, нам трэба падкарэкціраваць гэты дэкрэт Але дэкрэт адмяняцца не будзе. Перадайце перш за ўсё чыноўнікам, што ён будзе выконвацца з тымі карэкціроўкамі, пра якія я казаў», — заявіў Лукашэнка.

Грошы тым, хто ўжо сплаціў збор, вяртаць пакуль ня будуць: Лукашэнка заявіў, што тыя грошы «пойдуць у залік» на наступны год, але калі ў 2016 годзе «дармаед» знойдзе працу, тады грошы за 2015 год яму вернуць.

Някляеў: «Чарговыя хітрыкі рэжыму, ён хоча зьбіць пратэстную хвалю»

Уладзімер Някляеў, архіўнае фота
Уладзімер Някляеў, архіўнае фота

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, а цяпер адзін зь лідэраў «Беларускага нацыянальнага кангрэсу Ўладзімер Някляеў кажа Свабодзе, што быў гатовы да такога сцэнару, але ня верыць у «хітрыкі» ўладаў і плянаў па вулічных пратэстах не мяняе:

«Пазыцыя Беларускага нацыянальнага кангрэсу не мяняецца. На мітынгу супраць дэкрэту №3 тысячы прысутных прынялі рашэньне патрабаваць ад улады адмену дэкрэту №3. Менавіта такія даручэньні былі дадзеныя мне, Статкевічу і іншым абраным на мітынгу для кантролю рашэньня ўлады.

Тое, што зрабіў Лукашэнка, не адмяніўшы ўказ, а даўшы загад не займацца паборамі, гэта чарговыя хітрыкі рэжыму. Ён хоча зьбіць пратэстную хвалю, небясьпечную ўжо для самаго існаваньня рэжыму. Гэты ход намі прагназаваўся, і мы не зьбіраемся ісьці на нейкія гульні з рэжымам, прызнаваць, нібы патрабаваньні працоўнага люду выкананыя. Мы намераныя заявіць пра сваю пазыцыю, выказаную 17 лютага — за адмену дэкрэту №3.

І ёсьць шмат пытаньняў, якія датычаць палітычнай і эканамічнай сфэры, рэформаў, а ў рэшце рэшт вольныя і дэмакратычныя выбары, каб вярнуць уладу народу. Рашэньне Лукашэнкі не займацца паборамі ніяк не адмяняе тых важных праблем, што стаяць перад Беларусьсю».

Сасноў: «А потым пра дэкрэт увогуле забудуць»

Аляксандар Сасноў, архіўнае фота
Аляксандар Сасноў, архіўнае фота

Былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў згадвае ў камэнтары Свабодзе, што і раней выказваў меркаваньне, што дэкрэт будуць карэктаваць, «а потым увогуле забудуць»:

«Я думаю, улады паступова вызначылі, што немэтазгодна гэты збор рабіць: грошай няшмат атрымалі, страты вялікія на адміністраваньне. Мяркую, яны самі зразумелі, што немагчыма гэты дэкрэт выконваць».

Сасноў мяркуе, што выказваньні прадстаўнікоў улады аб тым, што пратэсты супраць «падатку на дармаедаў» ўзьніклі празь няправільнае разуменьне дэкрэту, непраўдзівыя:

«Справа ня ў тым, што народ ня так зразумеў, а ў тым, што ўлады напісалі ня тое, што хацелі, можа быць. Бо там прафэсіяналаў амаль няма, засталіся людзі, якія без усялякага разуменьня выконваюць каманду зьверху. Гэта ня мы ня так зразумелі, а яны не змаглі зрабіць як трэба. Мо хацелі адно, а атрымалася іншае — хацелі лепш, а атрымалася як заўжды».

Губарэвіч: «Гэта першая перамога»

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што вулічныя акцыі павінна працягвацца далей — да поўнага скасаваньня дэкрэту «пра дармаедаў».

«Гэта першая маленькая перамога. Сотні тысяч грамадзян, над якімі вісела пагроза судовага спагнаньня, канфіскацыі маёмасьці ці адбыцьця пакараньня ў турме, могуць уздыхнуць спакайней. Але агульная незадаволенасьць дзяржаўная сацыяльна-эканамічнай палітыкай застаецца. Фактычна накладзены мараторый на дзеяньні дэкрэту № 3. Але ўлады лічаць, што ён павінен захаваць сваю сілу і ня быць адмененым. Мы патрабуем поўнай адмены, скасаваньня гэтага дэкрэту. А таксама, каб тым людзям — а гэта больш за 40 тысяч чалавек — якія ўжо пасьпелі выплаціць збор, вярнулі грошы назад.

Натуральна, што гэта палавінчаты крок, ён быў зроблены пад ціскам вялікай хвалі народнага пратэсту. У складанай эканамічнай сытуацыі, калі немагчыма знайсьці добрую працу, людзі былі пастаўленыя ва ўмовы, калі павінны былі выплаціць 360 рублёў дзяржаве. Улады не змаглі не заўважыць хвалю пратэсту і зрабілі прэвэнтыўны крок.

Цяжка прагназаваць, ці гэта моцна паўплывае на людзкія настроі, бо дэкрэт — толькі кропля, якая стала каталізатарам лявіны абурэньня. Насамрэч людзі не задаволеныя сытуацыяй па шматлікіх іншых прычынах — праблемы ў эканоміцы, невыкананьне сацыяльных абавязкаў, адсутнасьць працоўных месцаў. Таму наступны крок, якія павінны зрабіць улады, — гэта больш прынцыповыя эканамічныя рэформы».

Заплянаваныя маршы «Мы не дармаеды» адбудуцца, кажа Губарэвіч. Аргкамітэт па змаганьні супраць дэкрэту № 3 будзе далей змагацца за поўную адмену падатку «на дармаедзтва», а таксама за тое, каб тым, хто яго сплаціў, дзяржава вярнула грошы.

Павал Севярынец: Тое самае было з прадпрымальнікамі

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Сустаршыня БХД Павал Севярынец параўнаў увядзеньне мараторыю на дэкрэт “пра дармаедаў” з тым, як улады карэктавалі ўказ №222, які прадугледжвае абавязковую сэртыфікацыю тавараў для прадпрымальнікаў.

«Гэта не адступленьне, гэта тая ж тактыка, якая выкарыстоўвалася ўладамі падчас пратэстаў прадпрымальнікаў. Адцягнуць да зручных часоў, а там, напрыклад, дамовіўшыся з Расеяй па газе, спаганяць з народу напоўніцу. Я думаю, што людзі за 20 гадоў ужо разабраліся ў такіх хітрыках, таму мараторый ня здыме напружанасьці. Калі Лукашэнка настойвае на захаваньні дэкрэту, людзі будуць выходзіць на вуліцу. Адзіным спосабам зьняць напругу была б адмена дэкрэту №3 і вяртаньне грошай, якія былі ўнесеныя ў дзяржбюджэт. Вось гэта магло б крыху супакоіць, прынамсі, тых, хто пацярпеў. Але вельмі многія выходзяць на акцыі, карыстаючыся дэкрэтам толькі як нагодай. Эканамічная сытуацыя такая, што апошняя кропля ўжо ўпала».

Лябедзька не адмяняе «Марш недармаедаў». «Улады не змаглі вырашыць сытуацыю рэпрэсіямі, а таму спрабуюць пернікам»

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Гэта вынік вашай мужнасьці і годнасьці, – сказаў Лябедзька Свабодзе пра прыпынены Дэкрэт №3. – Я бы хацеў павіншаваць усіх людзей, якія выходзілі на вуліцы, дэманструючы, упершыню за многія гады, што ў іх ёсьць годнасьць, самапавага», — Анатоль Лябедзька лічыць, што ўлады былі вымушаныя пайсьці на такі крок, паколькі сілавым мэтадам спыніць пратэсты не ўдавалася. (чытаць цалкам)

Кабанаў: «Уладу спалохала бура грамадзкага абурэньне і палітычныя лёзунгі»

Актывіст АГП Аляксандар Кабанаў (з мэгафонам) у часе «Маршу недармаедаў» 26 лютага ў Берасьці
Актывіст АГП Аляксандар Кабанаў (з мэгафонам) у часе «Маршу недармаедаў» 26 лютага ў Берасьці

Арганізатар берасьцейскага «маршу недармаедаў» актывіст зь Бярозы Алесь Кабанаў назваў безумоўнай, але не канчатковай перамогай тое, што дэкрэт №3 будзе карэктавацца і да канца году з дармаедаў ня будуць браць «збор на дзяржаўнае фінансаваньне».

«Дзякуй за выдатную навіну. Мы свайго дасягнулі, але яшчэ не ўсяго. Што далей? Далей трэба змагацца за тое, каб, па-першае, дэкрэт адмянілі цалкам. Другое, – каб былі названыя і зьнятыя з пасадаў чыноўнікі, які яго прапанавалі і «праціснулі». А па-трэцяе, трэба патрабаваць зьменаў у выбарчыя законы, каб улада сапраўды была зьмяняльная і залежала ад людзей, а не ад сваіх асабістых мэтаў». (чытаць цалкам)

Блогер Філіповіч пра заплянаваныя акцыі: «Адбудуцца, бо замарожваньне дэкрэту нічога не вырашае прынцыпова»

Максім Філіповіч
Максім Філіповіч

«Для мяне такі ход — чаканы, што на год замарозілі дэкрэт № 3. Гэта зроблена, каб панізіць градус канфлікту, але для іх гэта як у шахматах цугцванг — як ні хадзі, усё роўна дрэнна. Яны думаюць, што калі замарозяць дэкрэт № 3, дык народ супакоіцца? Яны памыляюцца. Справа не ў дэкрэце № 3, ён проста адзін з фактараў», — папулярны блогер з Гомеля Максім Філіповіч пракамэнтаваў рашэньне Аляксандра Лукашэнкі адносна дэкрэту № 3. (чытаць цалкам)

«Гэты дэкрэт ціха зьлілі ва ўнітаз», – адвакат, які выйграў першы суд супраць дэкрэту №3

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

«Улада наўрад ці вернецца да таго, каб ізноў прымяняць гэты дакумэнт, – сказаў Леанід Судаленка Свабодзе. – Яго ціха зьлілі ва ўнітаз пад выглядам мараторыя».

«Я казаў заўжды: людзі не сьпяшайцеся прызнаваць сваю паразу. Не плаціце, усё можа памяняцца. Цяпер, відаць, да мяне прыйдуць тыя, хто заплаціў. Я таксама буду ім дапамагаць якімсьці чынам вярнуць ім грошы». (чытаць цалкам)

Натальля Папкова: альбо адмена дэкрэту, альбо працяг акцыяў

Натальля Папкова
Натальля Папкова

Натальля Папкова, якая ў Берасьці стала лідаркай «Маршу недармаедаў», скептычна ўспрыняла навіну пра прыпыненьне дэкрэту № 3. Паводле яе словаў, сытуацыю абыгралі такім чынам, што вінаватымі апынуліся многія чыноўнікі, акрамя галоўнага аўтара дакумэнту, Аляксандра Лукашэнкі:

«Магу сказаць, што нам не патрэбныя падачкі. Альбо яны цалкам адмяняюць гэты дэкрэт, альбо ўсё будзе працягвацца. Гэта значыць, мы не зьбіраемся прыпыняць акцыі пратэсту супраць рабаваньня людзей».

Натальля кажа, што мае намер і надалей прымаць удзел у акцыях «недармаедаў». Акрамя гэтага, жанчына зьбіраецца выказаць сваю салідарнасьць з тымі, каго перасьледуюць за нібыта арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў. У прыватнасьці яна плянуе прыняць удзел у судовым паседжаньні над Аляксандрам Кабанавым, якога сёньня зьбіраюцца судзіць у Бярозе.

Тацяна Севярынец: З народам трэба лічыцца!

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

Тацяна Севярынец, віцебская актывістка, супраць якой распачалі адміністрацыйную справу за ўдзел у «Маршы недармаедаў» 26-га лютага, заявіла з нагоды прыпыненьня выплат паводле дэкрэту № 3:

«Вось цяпер стала зразумелым, хто насамрэч разгойдвае гэтую «лодку стабільнасьці», выдаючы такія дэкрэты! Сама ўлада разгайдала яе да такой ступені, што ўжо немагчыма трываць. Спыненьне дзеяньня дэкрэту № 3 — гэта не рашэньне уладаў, гэта дасягненьне народу! Людзі дамагліся гэтага, выходзячы на «Маршы недармаедаў», дамагліся сваімі пратэстамі! І што б ні прыдумала гэтая ўлада, яна ўсё адно ідзе супраць народу. Таму кіраўніцтва няхай робіць высновы, што зь людзьмі трэба раіцца, з народам трэба лічыцца. Менавіта з народам, а ня з той яго часткай, якая заўжды кажа «адабрямс», не з парлямэнтам, які абіраюць «са сваіх людзей». Няхай кіраўніцтва думае наперад, ці аднаўляць дзеяньне дэкрэту далей, з 2018-га году. І яшчэ: калі дэкрэт «замарозілі», то гэта адказ толькі на першую частку лёзунгу «Не — дэкрэту № 3». Застаюцца іншыя праблемы: падвышэньне «камуналкі», кантракты, звальненьні па палітычных матывах... Так што надзённай застаецца другая частка лёзунгу : «Лукашэнка, сыходзь!»

Стрыжак: Магчымы адкат назад

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак, прадстаўнік прафсаюзу РЭП, адзін з актывістаў, які дапамагаў людзям у Гомелі самаарганізавацца для пратэсту супраць «дэкрэту пра дармаедзтва»:

«Ня трэба весьціся на абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі. Практыка сьведчыць, што як толькі людзі супакойваюцца, ідзе адкат назад. Трэба працягваць пратэставы рух да моманту, калі „Дэкрэт № 3“ будзе цалкам скасаваны».

Сьвятлана Ботвіч: «Яго варта адмяніць зусім. Цалкам. Бо да людзей трэба ставіцца з павагай!»

Сьвятлана Ботвіч
Сьвятлана Ботвіч

Сьвятлана Ботвіч, «віцебская Жанна Д’арк», якая актыўна выступала на «Маршы недармаедаў» 26-га лютага:

«Я яшчэ ня чула гэтых навінаў. Дзякуй, што сказалі! Я нават уключу гучную сувязь у тэлефоне, каб людзі таксама пачулі і каб таксама даведаліся. Вось, усе кажуць, што гэта добра. Так, так, выдатна, што дзеяньне дэкрэту № 3 прыпынілі. Але гэтага мала, яго варта адмяніць зусім. Цалкам. Бо да людзей трэба ставіцца з павагай!»

Барысаў: «Тым, хто заплаціў, трэба вярнуць грошы»

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

Ігар Барысаў, першы намесьнік старшыні БСДП (Грамада):

«Мы настойваем на не прыпыненьні, а на адмене дэкрэту № 3. Тым, хто заплаціў, трэба вярнуць грошы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG