Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя дэталі гучнай справы аб гібелі маладэчанскай школьніцы на бульбе


Настаўніцы Вольга Завадзкая і Ірына Апанасевіч атрымалі па два гады «хатняй хіміі» і фактычную забарону цягам двух гадоў працаваць у школе. Наш карэспандэнт пагаварыў пра абставіны справы з адвакаткай і праваабаронцам Валерам Шчукіным.

Вольга Завадзкая плакала пасьля суду. Маладую настаўніцу францускай мовы маладэчанскай школы, дзе вучылася Віка Папчэня, што загінула пад коламі самазвала, можна зразумець. Шкада дзяўчынку, шкада і свайго лёсу настаўніка. Вольга Завадзкая, як і Ірына Апанасевіч, паводле суду, мусілі, але ня здолелі «забясьпечыць бясьпеку дзяцей». Наперадзе ў настаўніц ня толькі два гады «хатняй хіміі», але і фактычная забарона цягам двух гадоў працаваць у школе. А што будзе далей? Ці возьмуць яшчэ на працу ў школу? Дый куды ўладкоўвацца на час «хіміі»?

Вольга выцірае чырвоныя ад сьлёз вочы і нічога ня кажа пра тое, ці будзе падаваць скаргу на прысуд. «Мы яшчэ ня вызначыліся», — тлумачыць за яе адвакат. Натальля (прозьвішча абаронца прасіла ў друку не называць) кажа, што на сьледзтве асуджаныя настаўніцы не прызнавалі віны і толькі на судзе зьмянілі пазыцыю. Чаму?

Адвакат: Не прызнавалі, бо нікому не было зразумела, што і як, у чым іх віна. Яшчэ трэба было сабраць усе службовыя дакумэнты, зь якімі іх не знаёмілі. Тады нават службовыя асобы не разумелі, наколькі іх абавязкі мелі службовы характар. Таму і Вольга на сьледзтве не прызнавала сябе вінаватай. А на судзе — так, прызнала віну цалкам.

Карэспандэнт: Вы прасілі суд Вольгу Завадзкую апраўдаць. На што спасылаліся?

Адвакат: Я ня бачыла складу нават неасьцярожнага злачынства ў яе дзеяньнях. Абгрунтавала гэта падрабязна, не хачу цяпер паўтараць, я гэта пісьмова выклала і прадставіла суду яшчэ да вынясеньня прысуду.

Карэспандэнт: А калі б яны не прызналі віны і на судзе, прысуд мог быць мякчэйшы?

Адвакат: Ня ведаю. А тое, што на судзе яны прызналі віну, гэтак яны выказалі сваё стаўленьне да выстаўленага ім абвінавачаньня. Але пры гэтым на судзе яны давалі тыя самыя паказаньні, як і падчас сьледзтва. Усё цалкам ідэнтычна, і паміж сабой паказаньні настаўніц не супярэчлівыя. То бок было відавочна, што яны адразу садзейнічалі пошуку праўды ў гэтай справе, як на сьледзтве, гэтак і на судзе.

Карэспандэнт: Што можаце сказаць адносна паказаньняў сьведак-школьнікаў, якія працавалі на полі разам з загінулай Вікай Папчэняй? Усё ж пацьвердзілася тое, што настаўніцы былі далей ад Вікі, чым казалі на допыце? Што далей за 5–6 мэтраў? Нагадаю, гэтак казаў кіроўца самазвала, але тое былі ягоныя меркаваньні.

Адвакат: Увогуле большасьць школьнікаў, як вынікае зь іх словаў, самі не пасьпелі заўважыць, хто на якой адлегласьці знаходзіўся. Толькі адзін хлопчык казаў, што настаўнікі знаходзіліся на адлегласьці каля 30 мэтраў, але большасьць, фактычна ўсе дзеці, казалі іншае — што настаўнікі заўсёды былі зь імі побач. Размаўлялі, казалі пра тое, што можна, чаго нельга, што рабіць. А мая падабаронная Вольга Завадзкая не казала пра 5–6 мэтраў. Яна не называла дакладнай адлегласьці, проста казала, што ішла зь дзецьмі, якія крыху адсталі ад іншых. Каб тыя не засталіся на полі.

Карэспандэнт: А самі настаўніцы зьбіралі бульбу, тыя «прызавыя кожнаму па вядры», якія дазволіў брыгадзір пасьля ўборкі?

Адвакат: Не, яны гэтага не рабілі. У іх вёдзер не было, гэта суд дакладна высьветліў. Яны выконвалі свае функцыі па наглядзе за дзецьмі, але — вось так атрымалася. Бульбу зьбіралі дзеці, у тым ліку тыя «прызавыя» вёдры. І як тут забароніш, як вызначыш, на якім квадратным мэтры хто мусіць зьбіраць ці не зьбіраць?

Карэспандэнт: Віка Папчэня таксама зьбірала?

На жаль, мог здарыцца такі трагічны зьбег абставін, калі ў адзін момант выключылася ўвага ва ўсіх, у тым ліку і ў гэтай дзяўчынкі

Адвакат: Так. Але, паводле матэрыялаў справы, яна сваё вядро як сабрала, дык перадала хлопчыку, каб паднёс. А сама вырашыла скараціць шлях, пайшла па дыяганалі да рэчаў, што ляжалі на ўскраіне поля. Магчыма, гэтак яна і трапіла ў гэтак званую «мёртвую зону» агляду за аўтамабілем. Бо кіроўца кажа, што сыгналіў ды пытаўся ў тых, хто стаяў побач, ці ёсьць хто ззаду. Сказалі, што няма, на сыгнал ніхто не адгукнуўся, ён і паехаў. На жаль, мог здарыцца такі трагічны зьбег абставін, калі ў адзін момант выключылася ўвага ва ўсіх, у тым ліку і ў гэтай дзяўчынкі.

Карэспандэнт: Як мяркуеце, прыватнае вызначэньне на адрас Маладэчанскага аддзелу адукацыі — гэта дастатковая мера рэагаваньня суду што да ролі ўладаў у гэтай гісторыі?

Адвакат: Суд абавязаны быў адрэагаваць на парушэньні з боку органу дзяржаўнай улады, якія высьветліліся пры разглядзе справы, і ён на іх адрэагаваў. Наколькі ведаю, цягам месяца аддзел адукацыі мусіць даць суду пісьмовы адказ, як парушэньні выпраўленыя. А што да дастатковасьці такога вызначэньня... Наколькі мусяць несьці адказнасьць іншыя асобы, у тым ліку кіроўныя, гэта мусіць вырашаць Сьледчы камітэт. Ягоная кампэтэнцыя.

Праваабаронца Валер Шчукін: Настаўніц трэба было апраўдаць

Валеры Шчукін
Валеры Шчукін

Вядомы праваабаронца, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Валер Шчукін ад пачатку прысутнічаў на працэсе над настаўніцамі Ірынай Апанасевіч і Вольгай Завадзкай, сустракаўся з бацькамі загінулай школьніцы, вывучаў абставіны трагічнага здарэньня. Валер Шчукін мяркуе, што замест настаўніц трэба было прыцягваць да адказнасьці за сьмерць школьніцы сама меней трох адказных асобаў са школы, РАНА і гаспадаркі.

«Настаўніц трэба было апраўдаць, але судзьдзя струсіў і даў акурат тое, што прасіла пракурор — па 2 гады абмежаваньня волі са штрафам і забаронай на 2 гады працаваць зь дзецьмі. Мяркую, ім трэба падаваць касацыйную скаргу, але не перакананы, што яны на гэта пойдуць. Выглядае, што яны вельмі напалоханыя. Між тым, калі не пададуць скаргу, дык на ўсё жыцьцё застануцца вінаватымі, потым ужо нічога не дакажаш.

Чаму лічу іх невінаватымі? Бо гэтыя настаўніцы не працавалі з той 8-й клясай, зь іх ніхто ня быў там клясным кіраўніком, яны маглі сапраўды ня ведаць узросту школьнікаў, што Віцы не было 14 гадоў, што ў яе праблемы са слыхам.

Судзіць па гэтай справе трэба найперш намесьніка дырэктара школы, начальніка аддзелу адукацыі і брыгадзіра

А судзіць па гэтай справе трэба найперш намесьніка дырэктара школы, начальніка аддзелу адукацыі і брыгадзіра, які арганізоўваў працы на полі.

Намесьніка дырэктара школы — за тое, што замест дзесяціклясьнікаў накіраваў на бульбу васьміклясьнікаў, хоць Віцы Папчэні не было нават і 14 гадоў. Ён камплектаваў групу, таму мусіў ведаць узрост усіх падлеткаў.

Загадчыцу аддзелу адукацыі — за тое, што дазволіла школьнікаў выкарыстоўваць на ўборцы бульбы. Аказваецца, загад аб адпраўцы людзей на бульбу з выканкаму быў, але пра школьнікаў там гаворкі не ішло. Але да чыноўніцы асабіста зьвярнуўся кіраўнік гаспадаркі, тая паабяцала, а вольных настаўнікаў няма — вось і рашэньне пра дзесяціклясьнікаў. А ўжо намесьнік дырэктара школы замяніў дзесяціклясьнікаў на васьміклясьнікаў ды ў судзе сказаў, што ня ведаў, па колькі ім гадоў.

І трэці — брыгадзір, які таксама даваў у судзе паказаньні як сьведка. Ён сапраўды мог ня ведаць узросту школьнікаў, якіх яму прыслалі для ўборкі бульбы. Сапраўды, на полі было шмат людзей. Але ён мусіў у любым выпадку забясьпечыць бясьпеку. Вы бачылі, як машына са сьмецьцем заднім ходам выяжджае з двара? Ідзе супрацоўнік камунальнай службы і рукой паказвае, што ехаць можна. Вось гэтак мусілі выяжджаць самазвалы з бульбай з поля, дзе адначасова працуюць дзясяткі людзей. А брыгадзір такой працы не забясьпечыў, хоць мог і быў абавязаны», — мяркуе Валер Шчукін.

Паводле праваабаронцы, завесьці новую крымінальную справу па факце сьмерці Вікторыі Папчэні на бульбе мусіць Сьледчы камітэт.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG