Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ абвінаваціла расейскія спэцслужбы ў арганізацыі пратэстаў «жоўтых камізэлек» у Францыі


Сьцяг групоўкі «ДНР» падчас пратэстаў у сталіцы Францыі. Паводле дадзеных СБУ, яго трымаюць Сарлін Фабры і Ксаўе Мара
Сьцяг групоўкі «ДНР» падчас пратэстаў у сталіцы Францыі. Паводле дадзеных СБУ, яго трымаюць Сарлін Фабры і Ксаўе Мара

Служба бясьпекі Ўкраіны абвінаваціла Расею ў арганізацыі акцый пратэсту ў Францыі. У якасьці доказу СБУ прыводзіць фота, на якім, як мяркуецца, у Парыжы два мужчыны ў жоўтых камізэльках трымаюць сьцяг так званай «ДНР». СБУ сьцьвярджае, што расейскія спэцслужбы рыхтуюць правакацыі і ў іншых краінах Эўропы.

​У паведамленьнях Службы бясьпекі Ўкраіны ў «Фэйсбуку» сьцьвярджаецца, што людзі на фота — гэта Сарлін Фабры, чалец аналітычнага цэнтру Katehon, і Ксаўе Мара.

Katehon — «супольнасьць экспэртаў з розных краін», якія займаюцца «геапалітычным, геастратэгічным і палітычным аналізам міжнародных падзей». У яго назіральную раду ўваходзяць, сярод іншых, заснавальнік тэлеканалу «Царград», блізкі да Крамля расейскі бізнэсовец Канстанцін Малафееў, а таксама Сяргей Глазьеў, дарадца прэзыдэнта Расеі.

Мара з 2000 году жыве ў Расеі і аказвае «шматлікім французскім і эўрапейскім кампаніям кансультацыйныя паслугі ў працы на постсавецкай прасторы». Акрамя таго, як сьцьвярджае СБУ, ён удзельнічае ў грамадзкай арганізацыі «Ўсход Францыя — Салідарнасьць Данбас», падкантрольнай расейскім спэцслужбам.

У паведамленьнях СБУ гаворыцца, што «радыкалы» дзейнічаюць пад сьцягамі так званае «ДНР» і пад куратарствам супрацоўнікаў ФСБ і ГРУ. «За сьпінай мірных мітынгоўцаў яны зьвяртаюцца да арганізацыі беспарадкаў і актаў гвалту ў Францыі».

«Міжнародныя межы не зьяўляюцца перашкодай для расейскай гібрыднай агрэсіі. Бруднымі мэтадамі Крэмль разбурае эўрапейскую стабільнасьць, бачачы ў ёй пагрозу для сябе», — напісаў у «Фэйсбуку» кіраўнік СБУ Васіль Грыцак.

У СБУ сьцьвярджаюць, што «расейскія спэцслужбы могуць арганізаваць падобныя правакацыі ў Бэльгіі, Нямеччыне, Гішпаніі, Баўгарыі ды іншых эўрапейскіх краінах».

У Францыі з сярэдзіны лістапада праходзяць акцыі пратэсту так званых «жоўтых камізэлек». Першапачаткова гэта быў народны рух правінцыйных уладальнікаў малога бізнэсу, фэрмэраў і рабочых у галіне перавозак. Яны патрабавалі ад ураду адмовіцца ад павышэньня у 2019 годзе падаткаў на аўтамабільнае паліва, у першую чаргу на дызэльнае.

Урад Францыі пайшоў на саступкі і абвясьцілі, што павышэньня акцызаў на бэнзін і дызэльнае паліва у 2019 годзе ня будзе.

Аднак да пратэстуючых «камізэлек» далучыліся і іншыя незадаволеныя палітыкай ураду Эманюэля Макрона, у тым ліку правыя і левыя радыкалы. І цяпер іхныя патрабаваньні выходзяць далёка за рамкі паліўных акцызаў.

Афіцыйны прадстаўнік ураду Францыі Бэнжамэн Грыво заявіў у інтэрвію газэце Le Parisien, што радыкалы спрабуюць з дапамогай «жоўтых камізэлек» «скінуць уладу ў Францыі».

На нядзелю, 9 сьнежня, колькасьць затрыманых на акцыях пратэсту «жоўтых камізэлек» у Францыі дасягнула 1726 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG