Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі другі раз за месяц зьнізілі мыта на нафту


Ілюстрацыйнае фота

Беларусь ад 1 студзеня 2019 году зьнізіла экспартнае мыта на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца па-за межы мытнай тэрыторыі Эўразійскага эканамічнага саюзу. Такую пастанову 28 сьнежня прыняў Савет Міністраў.

Стаўку экспартнай мыта на сырую нафту зьнізілі з $135,1 да $89 за 1 т. Мыта на бэнзін прамой гонкі зьнізіцца з $74,3 да $48,9 за 1 т, на таварныя бэнзіны з $74,3 да $48,9 за 1 т. Мыта на лёгкія і сярэднія дыстыляты зьнізілася да $26,7 за 1 т. Такое ж мыта ўсталявалі для дызэльнага паліва, бэнзола, толуола, ксілолаў, змазачных і іншых аліваў.

Апошні раз мыта на нафтапрадукты ўрад Беларусі зьмяншаў 1 сьнежня. Традыцыйна, Беларусь зьмяншае мыта на нафтапрадукты пасьля аналягічных зьменаў у Расеі. Памер новага мыта таксама традыцыйна супадае.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG