Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менск паказвае, што сьвет клінам на расейскай нафце не сышоўся», — экспэрты пра закуп іранскай нафты


16 лютага стала вядома, што Беларусь упершыню закупіла іранскую нафту. Экспэрты ўхваляюць жаданьне знайсьці альтэрнатыву расейскай нафце, але сумняюцца ў эканамічнай рэнтабэльнасьці такіх угодаў.

Як паведамляе Reuters, Беларусь закупіла 80 тысяч т нафты з Ірану ў Нацыянальнай іранскай кампаніі NIOC (адна з найбуйнейшых нафтавых кампаніяў у сьвеце, цалкам у дзяржаўнай уласнасьці). Нафта з Ірану, паводле СМІ, была прададзеная польскай «дачцэ» «Беларуснафты» — кампаніі Beloil Polska. Нафта прыбудзе ў Адэсу альбо ў латвійскі Вэнтспілс, адкуль чыгункай рушыць у Беларусь.

Беларускі афіцыйны бок яшчэ не выступаў з заявамі наконт угоды з Іранам, яе дэталі таксама застаюцца невядомымі.

Інфармацыя пра закуп іранскай нафты зьявілася на фоне «нафтагазавай вайны» між Беларусьсю і Расеяй, якая цягнецца ад сярэдзіны 2016 году. Расея запатрабавала ад Беларусі больш як 200 млн даляраў запазычанасьці за газ (цяпер Расея заяўляе пра запазычанасьць ужо ў 550 млн), а Беларусь, не прызнаўшы запазычанасьці, вырашыла падвысіць тарыфы на транзыт расейскай нафты аднабаковым чынам. У выніку Расея скараціла даставы нафты з 24 млн т на год да 18 млн т, зьбіраецца скарачаць яшчэ больш.

3 лютага падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што зможа абысьціся без расейскай нафты. «Без расейскай нафты мы абыдземся. Нам будзе вельмі цяжка. Але свабода, незалежнасьць не ацэньваецца ніякімі грашыма. Незалежнасьць, прыстойнасьць, наша гістарычнае мінулае даражэйшыя, чым нафта», — заявіў тады ён.

80 тысяч тонаў — на два дні працы Мазырскага НПЗ

Экспэрт у нафтагазавай галіне Тацяна Манёнак у інтэрвію Свабодзе адзначыла, што пакуль даставы іранскай нафты несыстэматычныя, таму гэтую ўгоду трэба разглядаць як тэставую — зараз спэцыялісты будуць пралічваць, наколькі гэтая схема эканамічна мэтазгодная. Манёнак вельмі сумняецца, што даставы іранскай нафты набудуць сыстэмны характар:

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

«Беларускі бок хоча прадэманстраваць што сьвет клінам на расейскай нафте не сышоўся. Гэта добра, гэта пошук альтэрнатывы. Але пакуль гэта тэставая дастава. Разумееце, 80 тысяч тонаў — гэта зусім няшмат. Я нагадаю, што сёньня Мазырскі НПЗ у содні можа перапрацоўваць да 42 тысяч тонаў. То бок патэнцыйна гэта на двое содняў працы.

Калі наладжваць сыстэмныя даставы, то трэба прынамсі транспартаваць нафту не чыгункай, бо вельмі кепская, дарагая лягістыка атрымліваецца, гэта значна павялічвае кошт альтэрнатыўнай нафты. Калі Беларусь сапраўды ўсурʼёз зоймецца альтэрнатыўнымі даставамі, то лепш за ўсё было б скарыстаць украінскую трубу Адэса-Броды, пагатоў гэты маршрут ужо выкарыстоўвалі раней», — кажа яна.

Манёнак падкрэсьлівае, што рэнтабэльнасьць даставаў нафты з Ірану наагул пад вялікім пытаньнем. Прынамсі закупы азэрбайджанскай нафты летась аказаліся ня надта выгаднымі — Беларусь згандлявала «ў нуль».

«Сёньня для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, якія ў выніку скарачэньня даставаў нафты перажываюць сурʼёзныя фінансавыя праблемы, працаваць „у нуль“ немэтазгодна. Таму трэба глядзець, якая будзе эфэктыўнасьць перапрацоўкі іранскай нафты», — кажа экспэрт.

«Сумняюся, што пастаўкі іранскай нафты будуць сыстэмнымі»

Паводле Манёнак, адказ, ці будзе Беларусь усурʼёз займацца пошукам альтэрнатывы расейскай нафты, будзе залежаць ад вынікаў перамоваў Менску і Масквы ў нафтагазавым пытаньні.

«У разе, калі бакі дамовяцца, то Расея адновіць даставы ў Беларусь да 24 тонаў у год. Калі расейская нафта будзе паступаць у Беларусь у поўным абʼёме, то альтэрнатыва не спатрэбіцца. Мы бачылі ўжо некалькі гадоў таму, калі бакі таргаваліся наконт больш спрыяльных умоваў даставаў нафты, але калі дамовы дасягнулі, то Беларусь адразу адмовілася ад альтэрнатывы, хаця на той момант ужо былі пэўныя пагадненьні, дадзеныя гарантыі і г.д. Таму вельмі сумняюся што даставы іранскай нафты будуць сыстэмнымі. Ці зможа Беларусь такім чынам трошкі націснуць на расейскіх партнэраў пры перамовах? Складана сказаць. Ня думаю, што Масква не разумее, што сёньня самыя танныя даставы нафты — гэта расейская нафта, з увагі прынамсі на лягістыку», — мяркуе экспэрт.

Цана на іранскую нафту памяркоўная

Эканаміст Яраслаў Раманчук таксама лічыць, што пакуль эканамічная мэтазгоднасьць закупу іранскай нафты не зразумелая, хаця самі па сабе цэны на іранскую нафту павінны быць даволі спрыяльныя.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Іран сёньня трымае добрую цану на нафту, бо хоча заняць тую нішу, якую займаў да ўвядзеньня санкцыяў супраць сябе. Калі беларускія ўлады рашуча задумаюцца, як пазбавіцца „нафтагавага пракляцьця“, то трэба вітаць даставы і з Ірану, і з Азэрбайджану, і зь іншых краінаў. Калі мы на 100% залежым ад Расеі, то, безумоўна, ствараецца пагроза, што Масква можа ня даць нафты і проста закруціць кран», — канстатуе ён у камэнтары Свабодзе.

«Газпром» нікуды не сыходзіць

Учора Рада дырэктараў расейскай кампаніі «Газпром» абвясьціла пра намер разгледзець спыненьне ўдзелу ў зарэгістраваным у Менску прадпрыемстве «Газпром трансгаз Захад». Расейцам належыць 100% у яго статутным капітале.

Тацяна Манёнак кажа, што гэтае рашэньне нічога не мяняе — пра дзейнасьць «Газпром трансгаз Захад» і так ужо даўно ніхто не чуў.

«Сёньня любая інфармацыя, якая тычыцца адносінаў Беларусі і Расеі, атрымлівае насьцярожаную афарбоўку. Але пра гэтае прадпрыемства насамрэч ужо даўно ніхто не згадваў.

„Газпром трансгаз Захад“ ствараўся ў 2010 годзе для таго, каб нейкім чынам расейскі бок мог застрахаваць транзыт расейскага газу па тэрыторыі Беларусі ў кірунку Эўропы. У той час зноў жа Масква і Менск канфліктавалі, ішлі сурʼёзныя спрэчкі наконт даставаў энэрганосьбітаў. Транспартаваў расейскі газ тады „Белтрансгаз“ — на той момант беларуская дзяржаўная кампанія. У 2011 годзе „Белтрансгаз“ быў прададзены Расеі, і праблемаў з транспартам расейскага газу ў Эўропу з таго часу ўжо не ўзьнікала.

Відаць, зараз адбываецца нейкая арганізацыйная аптымізацыя ў «Газпроме», але гэта ня мае істотнага значэньня, бо цяпер транзытам газу праз тэрыторыю Беларусі займаецца „дачка“ „Газпрому“.

Падкрэсьлю: сёньня ў Беларусі няма сваёй магістральнай газатранспартнай сыстэмы — усё належыць „Газпрому“».

XS
SM
MD
LG