Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі рэалістычная для Беларусі нерасейская нафта?


Аляксандар Лукашэнка патрабуе, каб скарачэньне паставак расейскай нафты было кампэнсавана альтэрнатыўнымі варыянтамі. Ці існуе для Беларусі эканамічна абгрунтаваная альтэрнатыва пастаўкам расейскай нафты? Ці загад шукаць іншыя варыянты — сапраўдная стратэгія, ці гэта проста спроба тактычнага палітычнага ціску на Маскву?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамічныя аглядальнікі Тацяна Манёнак і Барыс Жаліба. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Размовы пра альтэрнатыўную расейскай нафту ідуць ужо шмат гадоў. Беларускае кіраўніцтва рабіла пэўныя крокі на гэты конт. Але ці зьмяніла гэта сытуацыю? Ці эканамічна мэтазгодна для Беларусі шукаць альтэрнатыўную нафту?

Манёнак: У 2011 годзе, калі быў канфлікт з Расеяй па нафтавых пытаньнях, Беларусь арганізавала пастаўкі альтэрнатыўнай нафты па трубе Адэса — Броды. Таму гэта ня першая спроба. Каля мільёна тон тады было пастаўлена менавіта такім шляхам.

Што тычыцца сёньняшняй сытуацыі. Альтэрнатыва — гэта, вядома, добра, але кошт пытаньня вельмі высокі. Любая альтэрнатыўная нафта азначае, што паводле пагадненьняў з Расеяй мыта за продаж нафтапрадуктаў, вырабленых з нафты з трэціх краін, павінна быць накіравана ў расейскі бюджэт. Зыходзячы з гэтага можна казаць, што любая альтэрнатыўная нафта для Беларусі будзе каштаваць даражэй за расейскую.

Цыганкоў: А Беларусь можа неяк патрабаваць зьмяніць гэтае пагадненьне, каб гэтае мыта не ішло ў расейскі бюджэт?

Манёнак: Пакуль ідуць перамовы, і я так разумею, што беларускі бок спадзяецца на выгадныя ўмовы ў пастаўках нафты. Нафта ж прывязаная да газу, і паколькі там не ўдалося дамовіцца, то Расея націснула на нафтавы рычаг. Але калі ўдасца дамовіцца, то ніякіх праблемаў з пастаўкай расейскай нафты ня будзе.

Беларусі па-ранейшаму выгадна купляць як мага больш расейскай нафты, бо, па-першае, зьнізіліся сусьветныя кошты на нафту. А па-другое, маржа паміж нафтай і нафтапрадуктамі дазваляе Беларусі добра зарабляць. Пры гэтым Беларусь экспартуе і ўсю сваю нафту, якую здабывае на сваёй тэрыторыі. Я так разумею, эканамічныя падлікі паказалі, што Беларусі выгадна экспартаваць уласную нафту, нават пры тым, што перапрацоўка нафты на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах за год зьнізілася даволі істотна — з 24 мільёнаў тон да 18 мільёнаў.

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

Цыганкоў: Расея сапраўды ў якасьці пакараньня зьнізіла пастаўкі сваёй нафты на беларускія заводы. Але ўсё роўна перапрацоўка расейскай нафты і продаж нафтапрадуктаў для Беларусі максымальна выгадныя. І як толькі Беларусь пачынае купляць іншую нафту, тут ужо гэтыя спрыяльныя ўмовы ня дзейнічаюць. Ці ня так?

Жаліба: Так, Расея фактычна дае нам энэргетычныя субсыдыі. Калі цэны былі высокія, то і маржа паміж нафтай і нафтапрадуктамі была вельмі высокая. Таму і ўзьнік такі выраз, што Беларусь — гэта пэўны нафтавы афшор. І для расейцаў, і для беларусаў. Але ўмовы зьмяніліся, цэны на нафту ўпалі, і гэты энэргетычны грант ужо не выглядае такім, як раней.

Беларусі трэба шукаць альтэрнатыву пастаўкам расейскай нафты

Я лічу, Беларусі трэба шукаць альтэрнатыву пастаўкам расейскай нафты. Так, была эканамічна няўдалая спроба паставак вэнэсуэльскай нафты праз Адэсу трубой да Мазыра. Былі спробы паставак і праз балтыйскія парты. Так, гэтая нафта выходзіць даражэйшая.

Але ж ня можа быць на векі вечныя гэтая залежнасьць ад расейскай нафты, якая і дае Маскве выкарыстоўваць палітычныя і эканамічныя рычагі. Ад гэтай залежнасьці трэба пазбаўляцца. Можа, дзеля гэтага варта і пайсьці на пэўныя ахвяры, плаціць даражэй. Чаму б не купляць нафту праз Чорнае мора з Пэрсыдзкай затокі, чаму б не купляць нарвэскую нафту?

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Цыганкоў: Бо беларускае кіраўніцтва выкарыстоўвае нафтавую тэму выключна дзеля ціску ў перамовах з Расеяй. Як ёсьць канфлікт, дык яны нібыта шукаюць альтэрнатыву па ўсім сьвеце. Але як дамовяцца з Масквой — то забываюць пра ўсе альтэрнатывы і зноў залежаць на сто працэнтаў ад расейскай нафты.

Манёнак: Але ж гэта проста прагматыка. Вось вы казалі, што гэта нейкі афшор. Які ж гэта афшор? Беларусь з Расеяй знаходзяцца ў Мытным зьвязе, таму Беларусь імпартуе расейскую нафту бяз мыта. Але ў Расеі ёсьць розьніца паміж мытам на нафту і на нафтапрадукты. У рамках ЭўрАзЭС краіны дамовіліся, што будуць адыходзіць ад гэтага мыта. Аднак эканоміка Расеі да гэтага не падрыхтаваная, як ні цісьне расейскі Мінфін адмовіцца ад гэтага мыта — гэта не ўдаецца, бо там ледзь не палова расейскага бюджэту. Калі Расея адмовіцца ад гэтага мыта — заробак Беларусі ад расейскай нафты зьменшыцца, гэта будуць амаль сусьветныя кошты. Тады Беларусь і пачне думаць пра альтэрнатыву расейскай нафце.

Расейскія пастаўкі танныя яшчэ і таму, што тут самая кароткая лягістыка. Ёсьць гатовыя трубы, іх ня трэба будаваць.

Цыганкоў: Але ж словы Лукашэнкі паказваюць, што ён разумее, што гэта, акрамя ўсяго, яшчэ і эканамічная і палітычная залежнасьць.

Манёнак: Так, і трэба, каб беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы маглі перапрацоўваць з эканамічнай выгадай альтэрнатыўную нафту. Бо сёньня каля 80 працэнтаў перапрацаваных нафтапрадуктаў ідзе на сусьветныя рынкі. Дзеля гэтага беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы павінны быць на ўзроўні эўрапейскіх.

Некалькі гадоў таму назад Беларусь зьнізіла перапрацоўку нафты, бо было нявыгадна. Урад цісьне на заводы, каб яны хутчэй мадэрнізаваліся. «Нафтану» ўрад вымушаны быў перанесьці тэрміны мадэрнізацыі на два гады, бо яны адстаюць ад плянаў.

Трэба адпрацоўваць эфэктыўную лягістыку і праводзіць мадэрнізацыю — толькі ў гэтым выпадку ёсьць шанцы рэнтабэльна перапрацоўваць нафту па сусьветных коштах.

Эўрапейскія заводы стаяць каля мора, портаў, а ў нас лягістычнае плячо даволі вялікае. Таму стратэгія беларускай нафтавай кампаніі — больш прадаваць побач, на сумежных рынках, у Польшчу, Літву, Украіну. Трэба адпрацоўваць эфэктыўную лягістыку і праводзіць мадэрнізацыю — толькі ў гэтым выпадку ёсьць шанцы рэнтабэльна перапрацоўваць нафту па сусьветных коштах.

Была пілётная апрацоўка праекту паставак азэрбайджанскай нафты. Пэўна, яна не паказала, што гэта эканамічна мэтазгодна. Вось таму беларускія перапрацоўчыя заводы сёньня на галодным пайку.

Жаліба: Тое, што ўлады Беларусі не займаліся альтэрнатыўнымі варыянтамі паставак нафты — я лічу гэта стратэгічнай памылкай. Калі цяпер зьнізіліся сусьветныя цэны на нафту — то сам бог казаў выкарыстоўваць альтэрнатыўныя варыянты. А так мы прывучылі нашы нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы да расейскай нафты, яны не займаюцца зьніжэньнем сабекошту, марудна праводзяць рэканструкцыю. Таму і кажуць, што мы селі на нафтагазавую іглу, як на наркотык.

Расея ўжо некалькі гадоў робіць так званы «падатковы манэўр». Мыта будзе замяшчацца падаткам на прыродныя рэсурсы. Таму выгада, якая была раней ад таннай расейскай нафты, сыходзіць у нуль. Трэба распрацоўваць альтэрнатыўныя пастаўкі, каб нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы куплялі нафту па сусьветных цэнах, распрацоўвалі іншую лягістыку.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Глядзець камэнтары (6)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG