Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даручыў Сямашку кампэнсаваць расейскую нафту альтэрнатыўнай


Скарачэньне паставак расейскай нафты ў Беларусь павінна быць кампэнсавана альтэрнатыўнымі варыянтамі.

Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 20 студзеня, прымаючы з дакладам віцэ-прэмʼера Ўладзімера Сямашку.

Даклад пра сытуацыю ў нафтагазавай галіне Сямашка рабіў, як сказаў Лукашэнка, «у сувязі з паводзінамі Расеі». Ён папрасіў расказаць, як прасоўваецца перамоўны працэс з Расеяй і якая сытуацыя па раней заключаных дамоўленасьцях і пагадненьнях:

«Мы нічога не хаваем ад людзей. Хаваць, я думаю, ня трэба. Катастрофы няма, але скарачэньне паставак нафты ад Расейскай Фэдэрацыі павінна быць замешчана альтэрнатыўнымі варыянтамі», — цытуе прэзыдэнцкая прэс-служба кіраўніка краіны.

Нафтагазавыя пытаньні абмяркоўваліся яшчэ напрыканцы мінулага году.

«І мы гэтыя альтэрнатыўныя варыянты ня проста прапрацоўвалі. Мы некаторыя выпрабавалі, выпрабавалі ўжо на практыцы, дастаўляючы нафту з Чорнага і Міжземнага мораў на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, каб на практыцы паглядзець, як гэта будзе выглядаць эканамічна», — сказаў Лукашэнка.

Летась у кастрычніку на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод паступіла каля 85 тысяч тон нафты. Морам яна прыбыла ў Адэсу, а адтуль чыгункай у Беларусь.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая супрацоўнічаць з Азэрбайджанам у нафтавай сфэры на доўгую пэрспэктыву.

Таксама Лукашэнка паведаміў, што перамовы пра пастаўкі нафты Беларусь вядзе з Іранам.

Глядзець камэнтары (2)

XS
SM
MD
LG