Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Энэргетычны шантаж Масквы і Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Пётра Скарабагацька (Лунінская выбарчая акруга № 128): Уважаемые народные депутаты! Вчера в этом зале перед нами выступил заместитель Председателя Совета Министров Костиков Николай Николаевич, который, в общем-то, обнадежил и заверил нас всех, что горюче-смазочные материалы, прежде всего для сельскохозяйственных районов, есть, и они обеспечиваются. Мягко говоря, это не совсем так. Сейчас село живет на горюче-смазочных материалах, которые остались от посевных работ. Это замедлило заготовку кормов. Автобусные маршруты, пассажирские перевозки практически сокращены наполовину. Не всегда даже заправляются машины «Скорой помощи», хлебные машины. Поэтому, уважаемый Николай Николаевич, мне кажется, ваши помощники, ваш аппарат, мягко говоря, не совсем верно вас информируют и не дают правильную, реальную обстановку, которая складывается по районам республики. И прошу помочь в разрешении этой проблемы для сельскохозяйственных районов.

Выступ у "Розным"

Калі ў сакавіку1993-га Пазьняк прасіў мяне ехаць у Беласток на сьвяткаваньне 75-х угодкаў БНР, я супраціўляўся: хацелася быць у Менску на пасяджэньні ў будынку філярмоніі. Апошнім маім аргумэнтам было, як мне здавалася, неабвержнае: няма на чым ехаць, бо «свае» 20 літраў бэнзіну, якія кожны аўтаўладальнік меў на месяц па талёнах, я даўно праезьдзіў. Але аргумэнт не падзейнічаў, і давялося мне тут жа, у Авальнай залі, ісьці на паклон да кіраўніка «нафтавага» ведамства Мардашова — той напісаў запіску на аўтазапраўку, каб мне адлілі 80 літраў бэнзіну. Паехаў я ў Беласток зь дзьвюма запраўленымі каністрамі — каб хапіла на зваротны шлях.

Такая сытуацыя з палівам цягнулася ўвесь 1993 год.

15 ліпеня 1993 году ў Доме літаратара за паўтара дзесяцігодзьдзя яго існаваньня ці не ўпершыню адбыўся форум, дзе пра літаратуру не было сказана ні слова. Тое, пра што гаварылі, з большай верагоднасьцю можна было ўявіць у якім-небудзь энэргетычным ведамстве ці ў праектным інстытуце.

Некалькі дзясяткаў эканамістаў, інжынэраў, праекціроўшчыкаў, навукоўцаў у энэргетычнай і нафтавай сфэры сабраліся на міжнародную канфэрэнцыю краінаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну «Шляхі пераадоленьня паліўна-энэргетычнага крызісу».

Увогуле, канфэрэнцыя складалася зь дзьвюх частак — палітычнай і тэхнічнай. Першая адбылася ў сядзібе БНФ на Варвашэні, 8, у ёй бралі ўдзел палітыкі, а другая — у Доме літаратара. У першай канфэрэнцыі бралі ўдзел пераважна палітыкі Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Ўкраіны, у другой — адмыслоўцы ў энэргетычнай сфэры з вышэйназваных, за выключэньнем Польшчы, краінаў. Абодва мерапрыемствы былі скліканыя на ініцыятыву БНФ.

Гэта былі ня першыя форумы Балта-Чарнаморскага рэгіёну — за два з паловай гады да таго, у лістападзе 1990-га, у Менску на ініцыятыву Зянона Пазьняка пры падтрымцы старшыні Народнага Руху Ўкраіны Вячаслава Чарнавола прайшла нарада дэпутатаў парлямэнтаў Беларусі, Латвіі, Літвы, Украіны і Эстоніі.

Пачалася яна ня дзе-небудзь, а ў залі пасяджэньняў Савету міністраў Дому ўраду, гэтае памяшканьне выдзеліў сам прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч. Аднак ужо пасьля першага званка з Масквы Кебіч сам і запрапанаваў удзельнікам знайсьці іншае памяшканьне. Дэпутаты сабраліся ў пакоі Апазыцыі БНФ у тым самым Доме ўраду, толькі ў іншым крыле. Сярод рашэньняў той нарады быў і намер «распрацаваць агульную энэргетычную праграму, якая б падтрымлівала сувэрэнітэт рэспублік».

Потым быў 1991 год, дэкляраваны сувэрэнітэт зьмяніўся рэальнай незалежнасьцю, а энэргетычная праграма набыла рысы канкрэтнага праекту. Тое быў распрацаваны на чале з намесьнікам старшыні Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Станіславам Гусакам праект нафтавага калектару, які павінен быў злучыць нафтаправоды па лініі Адэса-Броды-Вэнтсьпілс і тым самым істотна зьменшыць паліўную залежнасьць краінаў ад Расеі.

Энэргетычная перавага ўсходняга суседа

У працы канфэрэнцыі бралі ўдзел адмыслоўцы зь Беларусі, Латвіі, Літвы і Ўкраіны, прычым прадстаўніцтва было даволі высокім, выступілі генэральны дырэктар «Латвіянафты», дарадца прэм’ер-міністра Літвы, намесьнік міністра энэргетыкі Ўкраіны. Фраза «Энэргетычны шантаж Расеі» гучала з вуснаў ці ня кожнага ўдзельніка.

Практычна цалкам гэтай тэме быў прысьвечаны і даклад Зянона Пазьняка.

Балта-Чарнаморская канфэрэнцыя ў справе нафтавага калектару, Дом літаратара, ліпень 1993. Выступае Зянон Пазьняк
Балта-Чарнаморская канфэрэнцыя ў справе нафтавага калектару, Дом літаратара, ліпень 1993. Выступае Зянон Пазьняк

Лідэр БНФ зрабіў невялікі экскурс у гісторыю, нагадаўшы, што «ідэя эканамічнай каардынацыі краінаў Балта-Чарнаморскага міжмор’я ня новая. Яна ўзьнікла ў пачатку стагодзьдзя ў асяродку беларускіх палітыкаў нацыянальна-адраджэнскага накірунку і ўпершыню прадэкляраваная на дэмакратычным зьезьдзе ў Лязане». Адзначыўшы, што «ў Савецкім Саюзе імпэрская палітыка прэваліравала над эканомікай», «эканамічныя інтарэсы рэспублік ня ўлічваліся», лідэр БНФ выказаў перакананьне, што галоўнай эканамічнай праблемай для краінаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну зрабілася пытаньне паліўна-энэргетычнага забесьпячэньня. Праблема створаная для нас у значнай ступені штучна і абумоўленая манапольным становішчам Расеі на нафтавым рынку Ўсходняй Эўропы. Для нашых краінаў аднолькава востра паўстала пытаньне стварэньня другіх і трэціх крыніцаў забесьпячэньня нафтай. Праблема не прыняла б нагэтулькі драматычныя формы, калі б наш усходні сусед не выкарыстоўваў сваю часовую энэргетычную перавагу ў палітычных мэтах, галоўны сэнс якіх — стварэньне жорсткай эканамічнай і палітычнай залежнасьці нашых краінаў ад Расеі, забесьпячэньне дамінуючага становішча Расеі ва Ўсходняй Эўропе аж да падаўленьня сувэрэнітэтаў усходнеэўрапейскіх краінаў».

Альтэрнатыву Пазьняк бачыў у каардынацыі намаганьняў у эканамічных і паліўна-энэргетычных пытаньнях усіх краінаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну: «Агульная аўтаномная сыстэма забесьпячэньня і дастаўкі нафты можа карэнным чынам зьмяніць становішча, дасьць магчымасьць усім уздыхнуць вальней, перайсьці ад стану выжываньня да грунтоўнага будаўніцтва сваіх дзяржаў, паскорыць эканамічныя рэформы, зьнізіць палітычны ціск з усходу».

У гэтай сваёй прамове Пазьняк выказаў скептычны погляд на пэрспэктыву дачыненьняў з Расеяй і, калі не памыляюся, упершыню сказаў пра розьніцу паміж постсавецкімі краінамі і краінамі былога сацыялістычнага лягеру.

Прызнаюся, тады гэтая ацэнка падалася мне празьмерна пэсымістычнай: «Гісторыя ўзаемаадносінаў нашых краінаў з усходам і аналіз становішча пераканаўча сьведчаць, што якой бы ні была сыстэма ўлады ў Расеі, якія б мэты яна ні дэкляравала, там заўсёды будуць уплывовыя групы, якія імкнуцца да экспансіі і ціску, да ўзвышэньня ролі палітыкі над эканомікай, да выкарыстаньня эканамічнага шантажу ў імпэрскіх інтарэсах. Палітыка гэтых групаў будзе вызначальнай і тым болей адкрытай, чым больш відавочнай будзе спакуса скарыстацца нашай слабасьцю, разьяднанасьцю і эканамічнай неабароненасьцю».

Цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, паліўна-энэргетычны ціск Крамля, спробы ўплываць нават на вынікі выбараў ня толькі ў былых сацыялістычных краінах, але і ў Заходняй Эўропе, і нават за акіянам, у ЗША — трывіяльныя тэмы заходняй прэсы.

Між іншым, у гэтай самай прамове Пазьняк — калі не памыляюся, таксама ўпершыню — выказаў ацэнку, якую тады скептычна ўспрынялі некаторыя ўдзельнікі канфэрэнцыі з Латвіі, Літвы і асабліва Польшчы:

«Пасьля распаду СССР нашы краіны выпалі з супрацьвагі паміж Усходам і Захадам, якая была склалася, — сказаў старшыня БНФ. — Вырваўшыся з імпэрскіх межаў, кожная з нашых краінаў імкнецца як хутчэй на Захад, імкнецца вярнуцца ў Эўропу, прагне здабыцьця новай стабільнасьці ў сыстэме новых магчымасьцяў. Але Захад існуе ў іншай сыстэме эканамічных каардынатаў. Нават такія краіны, як Польшча, Чэхія, Вугоршчына, выйшлі далёка наперад. Эканамічна раўнапраўныя партнэрскія адносіны зь імі з гэтай прычыны ўскладненыя».

Сапраўды, у 1990 годзе дэпутаты-камуністы, адкідаючы нашу эканамічную праграму, ставілі ў прыклад Польшчу — маўляў, паглядзіце, да чаго давялі гэтыя рынкавыя рэформы, якая там інфляцыя, якія цэны. А ў 1993-ім ужо мы, прычым з поўным правам, казалі пра былых паплечнікаў па «сацыялістычным лягеры» як пра краіны, дзе рэформы пачалі даваць рэальны, станоўчы для насельніцтва, вынік.

Пры гэтым было ў нас шкадаваньне па страчаных магчымасьцях — страчаных, праўда, яшчэ не да канца, як мы тады лічылі.

«У той жа час мы чуем за сьпінай цяжкае дыханьне старой імпэрыі, якая ўсё яшчэ трымае нас за рукі, спрабуючы вярнуць, — працягваў Пазьняк. — Мы апынуліся як бы паміж Усходам і Захадам. У гэтай сытуацыі найбольш плённым рашэньнем, на мой погляд, было б усьведамленьне агульнасьці сваіх інтарэсаў, разуменьне сваёй ролі як стабілізуючай супрацьвагі паміж Усходам і Захадам… Калі мы не пачнем рабіць крокі насустрач адзін аднаму і аб’ядноўваць намаганьні, накіраваныя на самазахаваньне — мы пагоршым сваё становішча. Калі, напрыклад, у Беларусі з-за штучна створаных умоваў адбудзецца эканамічны абвал і наша краіна страціць частку свайго сувэрэнітэту, вынікам гэтага будзе стварэньне тут расейскага стратэгічнага пляцдарму».

Так і адбудзецца — ад канчатковага эканамічнага краху Аляксандар Лукашэнка ўратаваўся коштам здачы Маскве пэўных элемэнтаў сувэрэнітэту, найперш, шчыльна прывязаўшы краіну да ваеннага комплексу Расеі; праз чвэрць стагодзьдзя пасьля цытаванай прамовы лідэра БНФ маскоўскія аналітыкі ня будуць хаваць, што Беларусь — стратэгічны пляцдарм Расеі на заходнім накірунку. Але трэба прызнаць, што пачатак быў пакладзены яшчэ Кебічам у 1993 годзе ўцягваньнем Беларусі ў сыстэму калектыўнай бясьпекі СНД.

Што да ідэі стварэньня стабілізуючай супрацьвагі паміж Усходам і Захадам, дык яна не ўспрымалася нашымі балтыйскімі партнэрамі, літоўцамі і латышамі, ва ўсялякім разе ў той ступені, на якую разьлічваў Пазьняк. Яны былі перакананыя, што ўжо адной нагой стаяць у Эўразьвязе і ў NATO. І ў гэтым яны былі недалёкія ад ісьціны, асабліва з улікам таго, што празь сем гадоў яны зрабіліся правадзейнымі членамі гэтых структураў.

Па цэнах, вышэйшых за сусьветныя

У сваім выступе Станіслаў Гусак абгрунтаваў неабходнасьць стварэньня Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару (БЧНК) найперш энэргетычнай залежнасьцю ад Расеі.

«Аднабаковы арыенцір на пастаўку нафты з Усходу прывёў да таго, што Беларусь цяпер ня мае сродкаў дастаўкі нафты акрамя як зьвязаных з Расеяй», — сказаў ён.

Таксама Гусак прывёў прыклады неадэкватнага, зусім не на карысьць Беларусі, гандлёвага абмену з Расеяй. «За адну тону расейскай нафты Беларусь пастаўляе ў Расею каля трох тонаў калійных соляў, тады як на сусьветным рынку цана адной тоны нафты эквівалентная цане дзьвюх тонаў калійных соляў. За трактар Менскага трактарнага заводу, рэалізаваны, напрыклад, у Кітаі, можна набыць па сусьветных цэнах 110–120 тонаў нафты, за той самы трактар, пастаўлены ў Расею, Беларусь атрымлівае 72 тоны нафты».

Станіслаў Гусак
Станіслаў Гусак

Прыгадаў Станіслаў Гусак і ўнёсак Беларусі ў нафтавую сыстэму Расеі: «Акрамя таго, штогадовыя ўнёскі Беларусі ў разьвіцьцё інфраструктуры Заходняй Сібіры складаюць дзясяткі мільярдаў рублёў. Беларусь штогод у месцах здабычы нафты пракладае 70 кілямэтраў дарог, узводзіць 6 000 квадратных мэтраў жыльля, будуе дзіцячыя садкі, школы, шпіталі, вядзе буравыя работы і гэтак далей. Агульны аб’ём штогадовых выкананых работ бяз кошту матэрыялаў складае 11 мільярдаў рублёў, а з улікам матэрыялаў і іншых расходаў — 65–75 мільярдаў рублёў. Гэта каля 70 мільёнаў даляраў».

Выснова Гусака была сэнсацыйнай: Беларусь набывае расейскую нафту па цэнах удвая вышэйшых за сусьветныя. Мушу сказаць, што такія лічбы (а 70 мільёнаў у 1993 годзе былі вялізнай сумай) Кебіч дэпутатам не называў, калі казаў, што «без Расеі не пражыць».

А ў якасьці выйсьця прапаноўвалася стварэньне краінамі ўласных інжынэрных камунікацый, якія б дазвалялі набываць і транспартаваць нафту па сваіх тэрыторыях зь іншых нафтаздабываючых краінаў.

Існавала некалькі варыянтаў агульнага нафтавага комплексу, найлепшым выглядаў той, пры якім можна было абмінуць расейскую Ўнечу, злучыўшы ўмоўны «паўднёвы» і «паўночны» ўчасткі нафтаправодаў перамычкай. Па тэрыторыі Ўкраіны яна б пралягала на 482 кілямэтры, па Беларусі — на 145 кілямэтраў. Што да Ўкраіны, дык пры такім варыянце патрабавалася б будаўніцтва на яе тэрыторыі дадатковых чатырох памповачных станцыяў. Агулам, стварэньне комплексу, у залежнасьці ад варыянтаў, каштавала б ад 113 да 182 мільёнаў даляраў.

Заўважу, што ў 1993 годзе гэтая лічба ўяўлялася астранамічнай. У параўнаньні з памерамі запазычанасьцяў Расеі, якія Беларусь і Ўкраіна назапасяць за наступныя дзесяцігодзьдзі — гэта хіба што толькі працэнты ад гэтых крэдытаў. Аднак ужо тады, у ліпені 1993-га, агульны настрой удзельнікаў канфэрэнцыі быў такі: трэба ісьці на гэтыя страты, бо яны дазволяць у будучыні зэканоміць значна большыя сродкі.

У выніковым дакумэнце ўдзельнікі канфэрэнцыі зьвярнуліся да парлямэнтаў і ўрадаў Беларусі, Латвіі, Літвы і Ўкраіны з прапановай неадкладна прыступіць да будаўніцтва Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару, даручыць пэўным службам выканаць тэхнічна-эканамічнае абгрунтаваньне. Было таксама прапанавана стварыць рэгіянальны банк разьвіцьця краінаў для фінансаваньня праекту і іншых падобных ініцыятываў у Балта-Чарнаморскім басэйне.

У пачатку ліпеня Вярхоўны Савет РФ выказаў прэтэнзіі на Севастопаль, і ўдзельнікі канфэрэнцыі назвалі гэта парушэньнем Хэльсынскіх пагадненьняў, пагрозай незалежнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны, а таксама стабільнасьці і бясьпецы ва ўсходнім рэгіёне Эўропы.

«Расея свае ўнутраныя праблемы будзе перакладаць на нас, на зьнешні сьвет. Прэтэнзіі Расеі да Ўкраіны — гэта толькі пачатак», — выказаў прагноз кіраўнік Сакратарыяту Народнага Руху Ўкраіны Міхайла Байчышын.

Шмат журналістаў і мала публікацый

Мне давялося весьці выніковую прэсавую канфэрэнцыю, на якую сабралася шмат журналістаў. Але зусім няшмат было публікацый у дзяржаўных газэтах. Затое зьедлівых рэплік хапала — праект калектару, як і сама ідэя Балта-Чарнаморскай садружнасьці, падавалася няслушнай: навошта нешта будаваць з разьлікам на пэрспэктыву, калі ўжо сёньня, цяпер — вось яны, расейская нафта і расейскі газ?

Ідэя Балта-Чарнаморскай садружнасьці, якую Пазьняк і Чарнавол (палітыкі хай і з аўтарытэтам у пэўных колах грамадзтва, але без рэальнай улады) праводзілі пачынаючы з восені 1990 году, не магла быць рэалізаваная ва ўмовах, калі ўладу мелі прыхільнікі арыентацыі ў зусім іншым накірунку.

Аднак дзякуючы сыстэматычнаму нагадваньню пра БЧС, гэтая ідэя ўвайшла ў першай палове 90-х у масавую сьвядомасьць. У тыя дні мне даводзілася адказваць на пытаньні звычайных людзей у Віцебску — «Што гэта вы прыдумалі? Якая труба ад Чорнага да Балтыйскага мора?» Тое быў час абнаўленьня ўсіх сфэраў жыцьця, і зьяўленьне гэткіх праектаў не здавалася нечым фантастычным (людзі прызвычаіліся, што тое, што выглядае цалкам нерэальным, даволі хутка можа ўкараніцца ў жыцьцё; як зьнікненьне СССР, напрыклад).

Пры іншым стаўленьні афіцыйнай прапаганды, з правядзеньнем «круглых сталоў» па тэлебачаньні, пры іншым падыходзе Станіслава Шушкевіча і Вячаслава Кебіча — грамадзкая думка ўхваліла б такі праект.

Але адбылося інакш.

Тым ня менш, нават на тым этапе ідэя будаўніцтва Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару адыграла станоўчую ролю, і менавіта ў сфэры грамадзкай сьвядомасьці: людзі ўпершыню даведаліся, што можна і не залежаць ад Расеі. Ва ўсялякім разе, не залежаць у той ступені, зь якой фактычна пагаджаўся і якую падтрымліваў урад Вячаслава Кебіча.

У чым быў перакананы Пазьняк

Што да Пазьняка, які выступіў арганізатарам мерапрыемства, дык сам факт правядзеньня такой прадстаўнічай канфэрэнцыі ў Менску і стварэньня такога сур’ёзнага праекту сьведчыць, што лідэр БНФ быў перакананы, што праз адносна кароткі час (два-тры гады) ён даб’ецца рэальнай ўлады.

Пазьняк пазыцыянаваў сябе так, нібыта ў хуткім часе БНФ прыйдзе да ўлады, а ён — да кіраваньня краінай. Думаю, што ён ні на сэкунду не сумняваўся ў гэтым. Сапраўды, без такога перакананьня гэткія ідэі не фармулююцца і такія праекты не ствараюцца.

Той, хто выкажа папрок ініцыятарам у пражэкцёрстве, мусіць, аднак, прызнаць, што ў нашых апанэнтаў (у дадзеным выпадку, ва ўрадзе Кебіча) — не было роўна нічога, што можна было б супрацьпаставіць паліўнаму шантажу Масквы.

Валянцін Голубеў, Юры Хадыка, Ігар Гермянчук, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Уладзімер Заблоцкі
Валянцін Голубеў, Юры Хадыка, Ігар Гермянчук, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Уладзімер Заблоцкі

Увогуле, у 1993 годзе адной з галоўных тэмаў выступаў Пазьняка (а магчыма, і галоўнай) была пагроза імпэрскага рэваншу Расеі. Але толькі зусім невялікая частка грамадзтва ўспрыняла гэты тэзіс. Міжволі прыгадваецца рэакцыя брытанскага насельніцтва ў 1930-я гады на папярэджаньні Чэрчыля пра небясьпеку з боку Гітлера і нацысцкай Нямеччыны (я параўноўваю не рэжымы і не краіны, а рэакцыю людзей). Над Чэрчылем, у лепшым выпадку, сьмяяліся — да моманту, пакуль ня ўзьнікла рэальная верагоднасьць захопу Вялікай Брытаніі.

Праз гады прэзыдэнты краінаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну (але без кіраўніка Беларусі) правядуць некалькі самітаў з абмеркаваньнем розных аспэктаў шчыльнага палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва. Канфэрэнцыі рэгіёну будуць адбывацца ў розных фарматах, у розных сталіцах, ад Беларусі будуць запрашаць розных апазыцыйных палітыкаў, але ніколі ня будзе запрошаны адзін з ініцыятараў стварэньня садружнасьці — Зянон Пазьняк (другі ініцыятар, Вячаслаў Чарнавол, будзе ўжо ў магіле). Гэта — стыль сучаснай генэрацыі палітычнага істэблішмэнту, «людзей на хвіліну».

Адносна ж праекту калектару ў 2007 годзе ў часе онлайн-канфэрэнцыі на Радыё Свабода Станіслаў Гусак заўважыў, што «быў страчаны час, які мог пайсьці на карысьць Беларусі... Не хапала палітычнай волі, не хапала проста розуму для таго, каб гэтым займацца зь першага дня, і калі б мы гэта зрабілі, то сёньня можна было б гаварыць пра тое, што Беларусь сапраўды незалежная дзяржава ў паліўна-энэргетычным пляне».

Зьнікненьне Міхайлы Байчышына

Скончыць гэты сюжэт даводзіцца на трагічнай ноце, днём, які надышоў праз два тыдні пасьля пачатку наступнага, 1994 году — 15 студзеня. Дзень увогуле для найноўшай гісторыі Беларусі прыкметны. Менавіта ў гэты дзень адбыўся візыт у Менск прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, выйшаў артыкул Зянона Пазьняка «О русском империализме и его опасности», літоўскія спэцслужбы вывезьлі зь Беларусі лідэраў кампартыі, якія абвінавачваліся ў антыдзяржаўных дзеяньнях (што было нагодай для закрытага пасяджэньня Вярхоўнага Савету Беларусі, на якім Лукашэнка паставіў пытаньне пра адстаўку Станіслава Шушкевіча — гэтым разам вынікова).

А ў Кіеве ў гэты самы дзень, 15 студзеня 1994 году, зьнік Міхайла Байчышын — каардынатар праекту Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару, кіраўнік Сакратарыяту Народнага Руху Ўкраіны, «правая рука Вячаслава Чарнавола» (ацэнка колішняга прэсавага сакратара Руху Дзьмітра Панамарчука), вылучаны ў народныя дэпутаты Ўкраіны.

Паводле Станіслава Гусака, «канфэрэнцыю (у справе Балта-Чарнаморскага калектару — С. Н.) плянавалася правесьці ў Кіеве ў 1994 годзе. Тады ўсе дакумэнты я сам рыхтаваў і адправіў у Кіеў, у Народны рух. Там былі дакумэнты, зьвязаныя і зь Міжнародным валютным фондам, які быў гатовы прафінансаваць праектныя работы, і шмат іншых дакумэнтаў, зь якіх было ясна, што ёсьць прадпрымальнікі, гатовыя выдаць сур’ёзныя грошы на пабудову гэтага калектару, і інжынэрныя распрацоўкі — усё гэта было вывезена зь Менску ў Кіеў. І калі ўжо да канфэрэнцыі заставалася дзесяць дзён, на штаб Народнага руху Ўкраіны быў зроблены напад».

Як прыгадвае Дзьмітро Панамарчук, нападнікі прайшлі ў кабінэт Байчышына, але гаспадара ў гэты момант не было, яны ўдарылі аднаго з ахоўнікаў па галаве і пакінулі будынак. Хто яны былі — засталося невядомым. І ў той самы дзень Міхайла Байчышын зьнік. Зьніклі і ўсе дакумэнты, якія, паводле Гусака, меркавалася разглядаць праз два тыдні.

Пошукі не далі вынікаў, хоць, паводле тагачаснага генэральнага пракурора, была праведзеная маштабная апэрацыя — абсьледавалі тры тысячы пустых кіеўскіх будынкаў, апыталі 30 тысяч чалавек.

Лёс Міхайла Байчышына застаецца невядомы і да сёньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG