«Белнафтахім»: Беларусь мае амаль гатовыя кантракты на пастаўку нафты з альтэрнатыўных крыніц

Ілюстрацыйнае фота. Комплекс «Нафтан-Палімір» у Наваполацку
Ілюстрацыйнае фота. Комплекс «Нафтан-Палімір» у Наваполацку

Беларусь мае практычна гатовыя кантракты на пастаўку нафты з альтэрнатыўных Расеі крыніц, заявіў журналістам старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў 21 студзеня па выніках нарады ў Лукашэнкі, паведамляе БелаПАН.

«Альтэрнатыўныя пастаўкі прапрацоўваюцца. Ня буду анансаваць, але ёсьць ужо практычна гатовыя кантракты. Гэта тычыцца ня толькі самой нафты, але і лягістычных каналаў яе паступленьня. Гэта ўжо будзе не па партах ці чыгунцы, гэта будуць ужо іншыя кірункі. Гэта значыць, мы цяпер працуем у розных напрамках і адпрацоўваем розныя гатункі (нафты. — БелаПАН.)», — сказаў кіраўнік «Белнафтахіму».

Ён удакладніў тэрміны паступленьня 80 тысяч тон нарвэскай нафты ў Беларусь, якая павінна прыбыць у літоўскі порт Кляйпэда, а потым чыгункай — на наваполацкі «Нафтан»: паводле яго, у Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня.

Што тычыцца экспарту нафтапрадуктаў, Рыбакоў патлумачыў, што для любой нафтаперапрацоўкі, у тым ліку для беларускіх НПЗ, ёсьць пэўная найбольш эфэктыўная адлегласьць рэалізацыі прадукцыі, таму «бліжэйшыя рынкі будуць самыя патрэбныя, далейшая рэалізацыя праз парты і далёкі пэрымэтар будзе зыходзіць ужо з той каньюнктуры, на які рынак мы будзем пастаўляць, і наогул з каньюнктуры сусьветных цэн на нафтапрадукты».

21 студзеня стала вядома, што Беларусь аднавіла экспарт нафтапрадуктаў, перарваны ў пачатку 2020 году на фоне спыненьня паставак нафты з Расеі.

На нарадзе ў пытаньнях павышэньня эфэктыўнасьці рэалізацыі нафтапрадуктаў на экспарт Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што самае важнае пытаньне — гэта наступны продаж нафтапрадуктаў зь перапрацаванай нафты, бо «гэта вялікі рэсурс». Таксама на гэтай нарадзе Лукашэнка паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў.

​
XS
SM
MD
LG