Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея дамовіліся аб кампэнсацыі за брудную нафту

абноўлена

Нафтаперапрацоўчы завод каля Мазыра на адгалінаваньні нафтаправоду «Дружба»
Нафтаперапрацоўчы завод каля Мазыра на адгалінаваньні нафтаправоду «Дружба»

Беларусь 20 студзеня дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную увесну 2019-га нафту ў трубаправодзе «Дружба». Пра гэта піша БелТА са спасылкай на прэс-службу беларускага ўраду. Перамовы працягваліся больш за 8 месяцаў.

Перамовы аб кампэнсацыі завяршыліся сустрэчай намесьніка прэмʼер-міністра Беларусі Ігара Ляшэнкі і выканаўцы абавязкаў расейскага віцэ-прэмʼера Дзьмітрыя Козака. Дэталі дамоўленасьцяў не паведамляюцца.​

На момант публікацыі Беларусь не дамовілася з Расеяй аб пастаўках нафты ў 2020 годзе. Кантракты на пастаўку ў Беларусь расейскіх вуглевадародаў скончыліся 31 сьнежня 2019 году. Паводле БелТА, цяпер перамовы вядуцца рэгулярна на ўзроўні спэцыялістаў.

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба» (апэратар — ААТ «Гомельтранснафта Дружба»), па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт харчоў зь Беларусі.
  • 19 красавіка 2019 году дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра істотнае пагаршэньне (узровень хлярыдаў вырас у 20 разоў) якасьці расейскай нафты, якая паступае транзытам на ўчастак магістральнага нафтаправоду «Гомельтранснафта Дружба».
  • 21 красавіка Беларусь прыпыніла экспарт расейскіх нафтапрадуктаў. Расейскі бок прызнаў, што паставіў няякасную нафту. Паводле беларускага боку, яна пашкодзіла абсталяваньне на Мазырскім НПЗ, а агульныя страты маглі скласьці сотні мільёнаў даляраў. Чыстая нафта пачала паступаць на мяжу Беларусі па нафтаправодзе «Дружба» 2 траўня. Украіна ўзнавіла транзыт нафты ў Эўропу 11 траўня 2019 году.

  • У ліпені 2019 году ў Вільні затрымалі расейскага прадпрымальніка, былога гендырэктара «Самаратранснефть-Терминал» Рамана Ружачку, абвешчанага ў міжнародны вышук як абвінавачанага ў справе аб забруджваньні нафтаправоду «Дружба». Пазьней стала вядома, што ён папрасіў у Літве палітычнага прыстанішча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG