Былы гендырэктар з Самары, якога вінавацяць у забруджваньні нафтаправоду «Дружба», затрыманы ў Літве

Ілюстрацыйнае фота. Завод «Палімір», які належыць таварыству «Нафтан»
Ілюстрацыйнае фота. Завод «Палімір», які належыць таварыству «Нафтан»

Фігурант справы аб забруджваньні нафтаправода Дружба, былы генэральны дырэктар кампаніі «Самаратранснефть-терминал» Раман Ружачко затрыманы ў Літве.

«17 ліпеня ў Вільні Інтэрполам затрыманы Ружачко Раман Уладзіміравіч, які нарадзіўся 19 ліпеня 1977 году, і які знаходзіцца ў міжнародным вышуку», — паведаміла агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на сваю крыніцу.

У красавіку Беларусь выявіла ў нафтаправодзе «Дружба» забруджаную нафту з Расеі. Праз форс-мажор парушыліся пастаўкі ў Беларусь, Польшчу, Вугоршчыну, Нямеччыну, ва Ўкраіну і ў Прыбалтыку. Міністэрства энэргетыкі Расеі заявіла, што нафту наўмысна забруджвалі ў Самарскай вобласьці, каб схаваць крадзяжы.

Няякасная расейская нафта, якая вывела са строю нафтаправод «Дружба», прывяла да спыненьня экспарту беларускай нафты. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка вельмі рэзка пракамэнтаваў здарэньне: «Расхлябанасьць і бязладнасьць на тэрыторыі Расеі (а гэта тысячы кілямэтраў) — і велізарная труба была забруджаная атрутнай нафтай».

У крымінальнай справе аб забруджваньні нафтаправоду праходзяць 13 чалавек, зь іх чацьвёра ўзятыя пад варту, пяцёра знаходзяцца пад хатнім арыштам, двое — пад падпіскай пра нявыезд. Яшчэ двое — Ружачко і былы бэнэфіцыяр ГК «Петронефть» Раман Трушаў — былі абвешчаныя ў міжнародны вышук. Суд вынес рашэньне аб іх завочным арышце.

​
XS
SM
MD
LG