Ілюстрацыйнае фота. Комплекс «Нафтан-Палімір» у Наваполацку
Латвія мае тэхнічную магчымасьць і неабходную інфраструктуру для таго, каб перапампоўваць нафту праз свае парты ў Беларусь. Пра гэта паведаміў міністар зносін (транспарту) Латвіі Таліс Лінкайтс у інтэрвію тэлеканалу АНТ.
«Тэхнічна мы маем усю неабходную інфраструктуру, для таго каб перапампоўваць нафту праз Латвію ў Беларусь і назад — у абодвух кірунках, — кажа Лінкайтс. — Нашы прадпрыемствы працуюць над тым, як зрабіць Беларусі прапанову самым лепшым чынам».
Паводле яго, калі ў Беларусі ёсьць такая неабходнасьць, латвійскі бок «заўсёды рады прапанаваць свае паслугі».
Паводле зьвестак АНТ, «ужо цяпер Рыга цалкам адкрыта кажа, што гатовая зрабіць Менску цікавыя прапановы па транзыце. І тычацца яны перагляду тарыфаў».
16 студзеня прэм’ер-міністар Латвіі Крышʼяніс Карыньш пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску заявіў, што латвійскі ўрад зацікаўлены ў арганізацыі транспартаваньня нафты праз латвійскія парты ў Беларусь.
У канцы сьнежня амбасадар Латвіі ў Беларусі наведаў наваполацкі «Нафтан» і абмеркаваў з кіраўніцтвам мэханізм альтэрнатыўнага імпарту нафты праз латвійскія парты.