Прэмʼер Латвіі пацьвердзіў магчымасьць паставак нафты ў Беларусь праз латвійскія парты

абноўлена
Рэзэрвуар з нафтай на прадпрыемстве «Гомельтранснафта» каля Мазыра, студзень 2020
Рэзэрвуар з нафтай на прадпрыемстве «Гомельтранснафта» каля Мазыра, студзень 2020

Прэмʼер-міністар Латвіі Крыш’яніс Карыньш пацьвярджае магчымасьць паставак нафты ў Беларусь праз латвійскія парты. Пра гэта ён заявіў сёньня журналістам пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, піша БелТА.

«З аднаго боку, можна экспартаваць з Беларусі праз латвійскія парты нафтапрадукты. Але можна абмяркоўваць і іншую магчымасьць – імпарт нафты з усяго сьвету праз Латвію ў Беларусь. Мы абмяркоўваем ужо такія магчымасьці. Вядома, кампаніям трэба дасьледаваць гэтае пытаньне, бо бізнэс павінен быць узаемавыгадным. Тут мы бачым вялікія магчымасьці для Латвіі і Беларусі», – заявіў Крышʼяніс Карыньш.

Адказваючы на ўдакладняючае пытаньне аб тым, калі магчыма дасягненьне падобных дамоўленасьцей, прэмʼер-міністар Латвіі сказаў:

«Гэтае пытаньне варта задаваць кампаніям. Што тычыцца ўрада, ён у вышэйшай ступені зацікаўлена ў разьвіцьці бізнэс-магчымасьцяў. Тут пытаньне практычнае. Трэба мець кантакты з тэрміналамі, чыгуначнымі кампаніямі, якія будуць забясьпечваць гэтыя пастаўкі».

«Што тычыцца пазыцыі Латвіі, мы зацікаўлены ў больш доўгатэрміновых адносінах. У такім выпадку магчыма плянаваць бізнэс, і гэта дазваляе паніжаць кошты, а гэта добра для ўсіх уцягнутых бакоў», – дадаў Крышʼяніс Карыньш.

​
XS
SM
MD
LG