Беларусь будзе імкнуцца пастаўляць з расейскага рынку 30-40% ад неабходных абʼёмаў нафты, заявіў Аляксандар Лукашэнка 21 студзеня на нарадзе аб павышэньні эфэктыўнасьці рэалізацыі нафтапрадуктаў на экспарт, паведамляе БелТА.
Лукашэнка пацікавіўся, як выконваецца ягонае патрабаваньне аб арганізацыі паставак нафты, альтэрнатыўных расейскім:
«Сапраўды, цяпер у поўным абʼёме альтэрнатывы няма пастаўкам расейскай нафты. Але, як мы дамаўляліся, дывэрсыфікавацца нам трэба. Трэба ісьці да таго, што 30-40% мы будзем купляць нафты ў Расейскай Фэдэрацыі. Працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну — правераны ўжо шлях. Магчыма, Казахстан зможа паставіць нам нафту, калі Расея пагодзіцца з гэтым. Дзіўна: наш саюзьнік не дае згоды на пастаўку нафты ад нашага другога саюзьніка», — адзначыў Лукашэнка.
Ён падкрэсьліў, што ў сувязі расейскім падатковым манэўрам даходы беларускага бюджэту «непазьбежна зьніжаюцца», а эфэктыўнасьць працы беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў пагаршаецца, яны сутыкнуліся з праблемай фінансаваньня бягучай дзейнасьці і сваіх інвэстыцыйных праграм.