Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін адмовіў Лукашэнку: Расея ня будзе зьніжаць тарыфы на транспартаваньне газу


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Адзіны тарыф на транзыт газу ў Эўразійскім эканамічным саюзе можа быць уведзены толькі пры адзіным бюджэце і падаткаабкладаньні.

Пра гэта заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на пасяджэньні Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету.

«Што тычыцца прапанаванага нашымі армянскімі і беларускімі сябрамі адзінага тарыфу на паслугі транспартаваньня і транзыту газу, то гэта можа быць рэалізавана толькі на адзіным рынку з адзіным бюджэтам і адзінай сыстэмай падаткаабкладаньня. Такі глыбокі ўзровень інтэграцыі ў ЭАЭС пакуль яшчэ не дасягнуты. Таму цэны на газ павінны фармавацца на падставе рынкавай каньюнктуры, улічваць выдаткі і інвэстыцыі пастаўнікоў, а таксама забясьпечваць абгрунтаваную норму прыбытку на ўкладзены ў здабычу капітал. Гэта сусьветная практыка».

Аляксандар Лукашэнка сёньня на відэаканфэрэнцыі лідэраў краін ЭАЭС узняў пытаньне тарыфаўтварэньня на транспартаваньне газу па тэрыторыі краін – удзельніц аб'яднаньня:

«Неўрэгуляваным застаецца пытаньне цэнаўтварэньня на паслугі транспартаваньня газу на агульным рынку ЭАЭС. З канчатковым ўзаемапрымальным рашэньнем мы ня можам вызначыцца ўжо некалькі гадоў. Прытым што актуальнасць праблемы пастаянна ўзрастае. Сёньня мы павінны знайсьці патрэбны нам усім кансэнсус»,— заявіў Лукашэнка.

Менск прапануе Маскве зьнізіць тарыф на транспартаваньне газу, бо ў канчатковай цане газу для Беларусі на долю транспартных выдаткаў прыпадае больш за 70%.

Краіны ЭАЭС падрыхтавалі праект стратэгічных кірункаў разьвіцьця эўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 году. Падпісаць дакумэнт замінае толькі разыходжаньне поглядаў на тарыфы на транспартаваньне газу, піша БелТА.

«Маецца формула, якую падтрымліваюць тры краіны — Расея, Казахстан і Кіргізстан. Яе сутнасьць у тым, што падыходы да цэнаўтварэньня на газ можна было б вызначыць пазьней, на перамовах аб фармаваньні рынку ЭАЭС. Гэтую формулу пакуль не прымаюць нашы армянскія і беларускія калегі, у іх свая пазыцыя. Калі б яны маглі пагадзіцца зь ёй, іншых перашкод на шляху ўхваленьня стратэгіі не засталося б наогул», — адзначыў Уладзімір Пуцін.

Ён дадаў, што, калі пазыцыя Менску і Ерэвану застанецца нязьменнай, было б лягічна наогул выключыць газавы пункт з праекту стратэгіі. А размовы падыходаў да цэнаўтварэньня на газ можна працягнуць па лініі экспэртаў дзяржаў – чальцоў Эўразійскай эканамічнай камісіі.

Раней Аляксандар Лукашэнка абураўся, што Расея прадае газ Нямеччыне па прыкладна 70 даляраў за 1000 кубамэтраў, а для «найбліжэйшага саюзьніка» гэтая лічба траха не ўдвая большая — 127 даляраў. Пры тым, што лягістычныя выдаткі на дастаўку ў Беларусь на парадак меншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG