Намесьнік міністра замежных спраў Літвы Альбінас Зананавічус 27 траўня выступіў на паседжаньні камісіі па ўстойлівым разьвіцьці Сэйму Літвы і расказаў, што Вільня будзе патрабаваць ад Менску пераносу пачатку працы Беларускай АЭС, перадае агенцтва BNS.
Зананавічус заявіў, што дастаўка ядзернага паліва на БелАЭС вымушае Літву «больш актыўна дамагацца максымальнай бясьпекі станцыі, якая будуецца», і заключэньня пагадненьняў з суседнімі дзяржавамі аб тым, што «вырабленая на ёй электраэнэргія ня будзе закупляцца».
Паводле слоў дыплямата, зьнешнепалітычнае ведамства будзе дамагацца таго, каб Эўразьвяз пастаянна ўзмацняў націск на Менск у пытаньні выкананьня рэкамэндацый, дадзеных па выніках стрэс-тэстаў, яшчэ да запуску станцыі. Дамагчыся пераносу тэрміну запуску БелАЭС Літва будзе спрабаваць у межах двухбаковых перамоваў зь Беларусьсю.
Зананавічус падкрэсьліў, што МЗС Літвы спрабуе заручыцца «большай падтрымкай ЗША ў пытаньнях бясьпекі БелАЭС».
«Мы будзем імкнуцца да таго, каб у двухбаковым парадку дня ЗША і Беларусі паўстала гэтае пытаньне. Мы просім большай падтрымкі ЗША ў фарматах МАГАТЭ», — растлумачыў ён.
Беларусь будуе АЭС побач з Астраўцом на Горадзеншчыне паводле расейскага праекту ВВЭР-1200. Станцыя будзе складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны. Першы плянуецца здаць сёлета ўлетку, другі — у 2021-м.
Карпарацыя «Росатом» плянуе цягам наступных тыдняў атрымаць ліцэнзію на эксплюатацыю першага энэргаблёка БелАЭС і ажыцьцявіць яго фізычны пуск.