У Беларусі зацьвердзілі правілы бясьпекі для атамнай электрастанцыі, да пуску якой застаюцца тыдні 

Вучэньні на Беларускай АЭС, 2019 год
Вучэньні на Беларускай АЭС, 2019 год

Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі зацьвердзіла нормы і правілы ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі.

У дакумэнце вызначаны асноўныя крытэрыі і прынцыпы бясьпекі, якія рэалізуюцца ў праекце АЭС і яе сыстэмаў, патрабаваньні да канструкцыі і актыўнай зоны станцыі.

Так, сыстэма фізычных бар’ераў блёка АЭС павінна ўключаць: мяжу контуру цепланосьбіта рэактара, гермэтычную агароджу, паліўную матрыцу, абалонку цеплавыдзяляльных элемэнтаў. А сыстэма тэхнічных захадаў павінна ўтвараць пяць узроўняў глыбокаэшалянаванай абароны.

Вызначалі таксама мэтавыя арыентыры бясьпекі АЭС у выглядзе велічынь неперавышэньня сумарнай імавернасьці аварый для кожнага блёка АЭС, значнага аварыйнага выкіду, цяжкіх аварый для сховішчаў ядзернага паліва.

Карпарацыя «Росатом» плянуе цягам наступных тыдняў атрымаць ліцэнзію на эксплюатацыю першага энэргаблёка БелАЭС і ажыцьцявіць яго фізычны пуск.

Інжынірынгавы дывізіён «Росатома» пацьвердзіў завяршэньне прыёмкі ядзернага паліва для пачатковай загрузкі ў рэактар.

Беларусь вядзе будаўніцтва АЭС побач з Астраўцом на Горадзеншчыне паводле расейскаму праекту ВВЭР-1200. Яна будзе складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны. Першы плянуецца здаць сёлета ўлетку, другі — у 2021-м.

​
XS
SM
MD
LG