Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва абвінаваціла Беларусь ва ўтойваньні інфармацыі пра АЭС у Астраўцы 


Вучэньні на Беларускай АЭС, 2019 год
Вучэньні на Беларускай АЭС, 2019 год

Міністэрства энэргетыкі Літвы выступіла з крытыкай недастатковай празрыстасьці інфармацыі пра Беларускую АЭС. Публікацыя з заўвагамі зьмешчаная на сайце ведамства.

У тэксьце гаворыцца, што Беларусь дэманструе «выбарачны падыход» да празрыстасьці праекту атамнай электрастанцыі, хоць павінна публікаваць поўныя справаздачы аб місіях МАГАТЭ і выконваць рэкамэндацыі міжнародных экспэртаў падчас стрэс-тэстаў.

Паводле літоўскага боку, Беларусь не апублікавала гэтых справаздач, пра што быў інфармаваны гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.

«На сёньняшні дзень няма інфармацыі, каб ацаніць маштабы бягучых праблемаў Беларускай АЭС. З 11 рэкамэндацый, складзеных экспэртамі МАГАТЭ, апублікавалі толькі 3, што выклікае дадатковыя сумневы ў празрыстасьці», — гаворыцца ў паведамленьні.

Рашэньні не публікаваць справаздачы толькі ўзмацняюць падазрэньне ў тым, што недахопы, выяўленыя ў справаздачы аб місіі, не зьяўляюцца нязначнымі. З гэтай прычыны Літва выказвае занепакоенасьць заявамі экспэртаў МАГАТЭ, якая заклікае ўзмацніць кантроль і нагляд за праграмай запуску станцыі.

«Выбарнае і прадузятае стаўленьне Беларусі да раскрыцьця толькі карыснай для праекту АЭС інфармацыі назіраецца пастаянна, асабліва ў выпадку супрацоўніцтва Беларусі з МАГАТЭ», — заяўляе літоўскі бок.

Раней Літва зьвярнулася да МАГАТЭ з просьбай адрэагаваць на «непрымальную сытуацыю» вакол БелАЭС. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа неаднаразова заклікаў Эўразьвяз выкарыстаць усе рычагі для выканання Беларусьсю патрабаваньняў паводле вынікаў стрэс-тэстаў.

Ён таксама заяўляў, што электраэнэргія, вырабленая на небясьпечных электрастанцыях, не павiнна трапляць на агульнаэўрапейскі рынак.

Ядзернае паліва на БелАЭС даставілі ў пачатку траўня. Фізычны пуск першага энергаблёку заплянаваны на ліпень гэтага году.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG