Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Што гэта значыць


Праблемы з адпрацаваным палівам зь БелАЭС

Існуюць тры варыянты абыходжаньня з адпрацаваным ядзерным палівам з Астравецкай АЭС. Усе яны пералічаныя ў дакладзе, апублікаваным на сайце Беларускай атамнай электрастанцыі. Свабода разабралася, што ўсё гэта значыць для Беларусі.

Чым шкоднае адпрацаванае паліва з АЭС

Адпрацаванае ядзернае паліва (АЯП) — вялікая колькасьць асколачных радыянуклідаў, прадуктаў дзяленьня ўрану. Найбольш вядомыя — гэта ёд-131, цэзій, стронцый. Гэта тыя радыянукліды, якія стварылі экалягічныя праблемы для Беларусі пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пэрыяд паўраспаду многіх радыянуклідаў складае ад сотняў да тысячаў гадоў, кажа фізык-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.

«З гэтымі элемэнтамі давядзецца мучыцца на працягу тысячагодзьдзяў. І ніхто ў сьвеце пакуль у доўгатэрміновай пэрспэктыве ня вырашыў праблему адпрацаванага паліва з АЭС», — кажа Свабодзе навуковец.

Што прапануюць рабіць з палівам

Па ўсіх трох прапанаваных уладамі варыянтах абыходжаньня з адкідамі яны так ці інакш застануцца ў Беларусі. Вось што прапануецца ў дакумэнце(PDF):​

  1. Накіроўваць апрамененае цеплавыдзяляючае адпрацаванае паліва на перапрацоўку ў Расею, «з улікам працяглага захоўваньня адпрацаванага ядзернага паліва ў Расеі», з наступным вяртаньнем высокаактыўных адкідаў і іх захаваньнем у Беларусі.
  2. Гэтаксама накіроўваць апрамененае цеплавыдзяляючае адпрацаванае паліва зь БелАЭС на перапрацоўку ў Расею, але «з улікам працяглага „сухога“ захоўваньня АЯП на тэрыторыі Беларусі» і зноў жа з наступным вяртаньнем і захаваньнем высокаактыўных адкідаў у Беларусі.
  3. Захоўваць апрамененае цеплавыдзяляючае адпрацаванае паліва ў Беларусі (без адпраўкі ў Расею).

Ці пагодзіцца Расея перапрацоўваць адкіды

Расея на сёньняшні момант не аказвае паслугі перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва іншым краінам. З дакумэнту не вынікае, колькі будуць каштаваць паслугі па перапрацоўцы, кажа Андрэй Ажароўскі.

«Я б хацеў пабачыць у гэтым дакумэнце цану кожнага з пытаньняў. У дакумэнце нават напісана, што каб адправіць паліва на перапрацоўку ў Расею, няма інфраструктуры, у Расеі няма прадпрыемстваў, каб перапрацаваць паліва такога тыпу, яна сваё паліва перапрацоўвае ў нязначных аб’ёмах. Гэта шкодная і брудная вытворчасьць, пры перапрацоўцы 1 тоны паліва ўтвараецца 2000 тон вадкіх нізкаактыўных адкідаў, якія могуць проста скідацца ў рэкі».

Да таго ж, каб пераправіць адпрацаванае паліва ў Расею, патрэбны адмысловы транспарт.

Што робяць з адпрацаваным палівам у іншых краінах

Пры ўсіх трох варыянтах паліва або вернецца ў Беларусь пасьля перапрацоўкі, або проста будзе захоўвацца ў Беларусі. На сёньня ў сьвеце існуюць толькі два варыянты такога захоўваньня, кажа Ажароўскі.

  1. Падземныя магільнікі. Іх будуюць, напрыклад, у Швэцыі і Фінляндыі. Кошт такога магільніку можа даходзіць да 3 мільярдаў эўра. І нават гэты варыянт ня цалкам засьцерагае ад наступстваў для экалёгіі.
  2. Паліва проста пакідаюць у адмысловых ёмістасьцях на пляцоўцы АЭС. Такі варыянт выкарыстоўваюць у ЗША. Але гэта часовае захоўваньне.

«Нават у ЗША не змаглі вырашыць цяпер гэтую праблему. Рашэньня гэтай праблемы проста няма, у ніводнай краіны. Швэцыя і Фінляндыя вырашылі закопваць гэтыя адкіды ў граніт, але там знайшліся праблемы ў гэтай тэхналёгіі. У Нямеччыне адпрацаванае паліва спрабавалі захоўваць у саляных шахтах — і гэта не атрымалася», — прыводзіць прыклады Андрэй Ажароўскі.

У Францыі адпрацаванае паліва з АЭС сьпярша перапрацоўваецца, а пасьля захоўваецца на глыбіні. За гэтым працэсам сочыць Нацыянальнае агенцтва па абыходжаньні зь ядзернымі адкідамі. Апроч таго, у гэтай краіне выкарыстоўваюць часткова замкнёны цыкль перапрацоўкі адпрацаванага паліва, якое пасьля зноў выкарыстоўваюць на АЭС. Такая схема працуе на 20 рэактарах з 58, якія дзейнічаюць у краіне.

Адпрацаванае паліва з закрытай Ігналінскай АЭС у Літве, якое цяпер захоўваецца на двух блёках станцыі, плянуецца цалкам вывезьці да 2022 году. Яно будзе захоўвацца на вышыні 4,5 мэтра ў мэталабэтонных кантэйнэрах. Але такое сховішча можа існаваць толькі 50 гадоў, пазьней плянуецца пабудаваць падземнае сховішча, паведамляе delfi.lt.

Ігналінская АЭС, архіўнае фота
Ігналінская АЭС, архіўнае фота

У Беларусі ўжо захоўвалі ядзерныя адкіды, праект быў закрыты

З 1985 году на пляцоўцы Аб’яднанага інстытуту стратэгічных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» праводзіліся выпрабаваньні перасоўнай АЭС «Памір-630Д». У інтэрвію газэце «Беларусь сегодня» адзін з загадчыкаў лябараторыі «Сосны» Міхаіл Жэмжураў распавядае, што касэты з адпрацаваным палівам захоўваліся на тэрыторыі інстытуту з 1990 па 2010 год, хоць выпрабаваньні было вырашана спыніць у 1987-м. Адпрацаванае паліва вывезьлі ў Расею ў 2010 годзе, а пляцоўку, дзе яно захоўвалася, зьнялі з эксплюатацыі.

Пры гэтым Міхаіл Жэмжураў запэўнівае, што нарматыўная база і досьвед для захоўваньня адпрацаванага паліва ў Беларусі ёсьць.

«Прыведзены ў парадак усе пункты пахаваньня адкідаў дэзактывацыі чарнобыльскага паходжаньня — іх больш за 80, распрацавана нарматыўная база. МАГАТЭ і іншыя міжнародныя арганізацыі пацьвярджаюць, што тут у нас поўны парадак. У краіне правялі карэнную рэканструкцыю рэспубліканскага пункту доўгачасовага захоўваньня радыяактыўных адкідаў прадпрыемства „Экарэс“, навялі парадак у пляне пунктаў захоўваньня радыяактыўных адкідаў у месцах былога разьмяшчэньня войскаў СССР», — кажа Жэмжураў.

А што абяцалі зрабіць зь ядзернымі адкідамі перад будаўніцтвам АЭС

2013 год. Галоўны інжынэр Дырэкцыі па будаўніцтве АЭС Анатоль Бондар абяцае, што паліва будзе вывозіцца ў Расею. Дамоўленасьці нібыта ўжо былі зафіксаваныя ў пагадненьні з Расеяй.

2016 год. Намесьнік галоўнага інжынэра Дырэкцыі па будаўніцтве Ўладзімер Горын яшчэ раз упэўнівае, што адпрацаванае паліва ня будзе захоўвацца ў Беларусі. Усе кантракты з Расеяй нібыта ўжо былі падпісаныя.

2017 год. Намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк чарговым разам кажа пра вываз адпрацаванага паліва ў Расею. За гэта Беларусь нават атрымае зьніжку на будучае паліва.

2018 год. З дакладу па стратэгічнай экалягічнай ацэнцы праекту стратэгіі абыходжаньня з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС высьвятляецца, што пагадненьні пра вываз паліва ў Расею не падпісаныя і яно можа застацца ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG