Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні чалавек падпісалі пэтыцыю супраць захоўваньня ядзерных адходаў у Беларусі


Чарнобыльская зона, ілюстрацыйнае фота
Чарнобыльская зона, ілюстрацыйнае фота

«Мы супраць захоўваньня ядзерных адходаў у Беларусі»,— ​пэтэцыя з такой назвай зьявілася на пляцоўцы petitions.by.

За першыя суткі пад ёй падпісаліся больш за 700 чалавек. Зварот будзе накіраваны ў міністэрствы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя ды энэргетыкі, Палату прадстаўнікоў.

Ініцыятары нагадваюць, што адпрацаванае ядзернае паліва з БелАЭС будзе захоўвацца ў Беларусі — гэта прапісана ў дамове паміж беларускім і расейскім урадамі.

«Уся стратэгія ў любым выпадку зводзіцца да таго, што адпрацаванае ядзернае паліва ў тым ці іншым выглядзе будзе вернута ў Беларусь», — адзначаецца ў пэтыцыі.

Паводле ініцыятараў пэтыцыі, варыянты рэалізацыі выглядаюць наступным чынам.

  • № 1. Накіраваньне апрамяненай цеплавыводнай зборкі (адпрацаванага ядзернага паліва) зь Беларускай АЭС на перапрацоўку ў Расею для працяглага захоўваньня, але зь вяртаннем высокаактыўных адходаў і іх пахаваньнем ў Беларусі.
  • № 2. Накіраваньне апрамяненай цеплавыводнай зборкі зь Беларускай АЭС на перапрацоўку ў Расею з улікам працяглага «сухога» захоўваньня адпрацаванага ядзернага паліва на тэрыторыі Беларусі.
  • № 3. Працяглае захоўваньне апрамяненай цеплавыводнай зборкі на тэрыторыі Беларусі без адпраўкі ў Расею.

Як адзначаюць ініцыятары пэтыцыі, ніводзін з прапанаваных варыянтаў ня можа засьцерагчы ад трагічных наступстваў узьдзеяньня «мірнага атаму».

«Мы катэгарычна супраць захоўваньня адпрацаваных ядзерных адходаў на тэрыторыі нашай краіны. Беларусь — ня сьметніца радыёактыўных адходаў», — гаворыцца ў звароце.

Азнаёміцца са зьместам экалягічнага дакладу, падрыхтаванага Дзяржаўнай навуковай установай «Сосны» сумесна з зацікаўленымі органамі і арганізацыямі можна на сайце Міністэрства энергетыкі Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG