Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увод у эксплюатацыю першага блёка БелАЭС афіцыйна адкладзены на год


Беларуская АЭС, ілюстрацыйнае фота

Першы блёк Беларускай АЭС мае запрацаваць у сьнежні 2019 году. Новы тэрмін уводу ў эксплюатацыю набыў статус закону.

Палата прадстаўнікоў 7 чэрвеня ратыфікавала пратакол унясеньня зьменаў у дамову паміж урадамі Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі.

Як патлумачыў намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, расейскі бок зьвярнуўся да Беларусі з просьбай зьмяніць час пачатку работы першага энэргаблёка Беларускай АЭС. Раней меркавалася, што ён запрацуе ў 2018 годзе, аднак расейскі бок папрасіў перанесьці дату запуску на сьнежань 2019-га.

Як адзначыў намесьнік міністра энэргетыкі, другі блёк АЭС увойдзе ў прамысловую эксплюатацыю ў 2020 годзе, тут ніякіх зьменаў няма. Таксама спадар Міхадзюк паведаміў, што расейскі бок ужо ратыфікаваў такое пагадненьне.

За ратыфікацыю прагаласавалі 100 дэпутатаў, супраць — 1 (Алена Анісім).

Для Беларускай АЭС выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200.

Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёка заплянаваны на 2019 год (на 1 год перанесены, плянаваўся ў 2018-м), другога — на 2020 год.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Суседняя зь Беларусьсю Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі, што ўсяго за 50 кілямэтраў ад Вільні. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС, у тым ліку ня верыць у надзейнасьць стрэс-тэстаў станцыі. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС. У гэтым іх падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.

27 красавіка Літва чарговы раз уручыла ноту Беларусі празь меркаваны пажар на БелАЭС, на што ў МЗС Беларусі адказалі, што інфармацыя пра «пажар» на БелАЭС была прыхаваная да гадавіны катастрофы на ЧАЭС і «выкарыстоўваецца ў адкрыта палітычных і прапагандысцкіх мэтах». Літоўскі бок сьцьвярджае, што ведае ўжо пра шэсьць інцыдэнтаў на будоўлі БелАЭС, «якія выклікаюць сур’ёзныя сумневы ў якасьці праекту».

Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС), новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз. У той жа час беларускія чыноўнікі настойліва патрабавалі ад Літвы тлумачэньняў па афіцыйных зьвестках аб здарэньнях на закрыцьці Ігналінскай АЭС.

Намесьнік міністра энэргетыкі патлумачыў, чаму замоўчвалі інцыдэнты на Астравецкай АЭС

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG