Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стрэс-тэсты на БелАЭС не гарантуюць бясьпекі, — МЗС Літвы


Другі корпус рэактара («стукнуты аб слуп»), які прывезьлі на БелАЭС пасьля падзеньня першага корпусу рэактара. Ілюстрацыйнае фота

Беларусь больш за год таму праводзіла стрэс-тэсты на Беларускай АЭС, атрымала вынікі ў мінулым сьнежні, але апублікавала іх і перадала ў Эўракамісію толькі 8 лістапада бягучага году. Літва, да межаў якой ад Астравецкай АЭС нямногім больш за 20 км, па-ранейшаму сумняецца ў бясьпецы беларускага праекту.

Міністэрства замежных справаў Літвы апублікавала афіцыйную рэакцыю на выдадзеныя вынікі стрэс-тэстаў на БелАЭС. Там лічаць, што высновы пра бясьпеку станцыі можна будзе рабіць толькі пасьля ацэнкі стрэс-тэстаў экспэртамі Эўразьвязу, чакаць якой можна не раней за сярэдзіну 2018 году, ды й самі стрэс-тэсты — толькі адзін са шматлікіх элемэнтаў бясьпекі.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Стрэс-тэсты, сьцьвярджае МЗС Літвы, ацэньваюць устойлівасьць да зьнешніх фактараў кшталту землятрусаў і збояў у энэргазабесьпячэньні, але не даюць адказаў на больш важныя пытаньні ва ўстойлівасьці да сэйсьмічных, геалягічных і іншых пагрозаў.

«Беларусь пастаянна спрабуе ўзаконіць праект, які нельга зрабіць, — піша міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус. — Пакуль няма падставаў казаць, што электрастанцыя бясьпечная. Справаздачнасьць гэта толькі пачатак доўгага працэсу, за якім сьледуе ўсебаковая ацэнка інфармацыі, прадстаўленай Беларусьсю ў адпаведнасьці з узгодненымі стандартамі Эўразьвязу».

Літва назвала 10 прычынаў не будаваць БелАЭС

***

Беларускую атамную электрастанцыю плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю летам 2020 году. Для Беларускай АЭС абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Указ «Аб збудаваньні Беларускай атамнай электрастанцыі» Аляксандар Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе, а будаўніцтва пачалося значна раней, калі не было яшчэ праектнай дакумэнтацыі. Беларуская АЭС узводзіцца коштам крэдыту ад Расеі. Кошт будаўніцтва — прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Улады Літвы хочуць, каб краіны Балтыі, а магчыма, і іншыя краіны Эўразьвязу не куплялі прадукцыю астравецкай станцыі, крытыкуе суседзяў за пасіўнасьць у «байкоце» БелАЭС.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG