Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спакуса ад Лукашэнкі? Літва дакарае Латвію за брак балтыйскай салідарнасьці супраць БелАЭС


Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус, архіўнае фота

Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў 20 ліпеня агенцтву BNS, што Латвія адмаўляецца байкатаваць куплю электраэнэргіі зь БелАЭС праз зацікаўленасьць у праходзе грузаў зь Беларусі праз свой марскі порт у Вэнтсьпілсе, а не празь літоўскі ў Клайпедзе. Але Лінкявічус дапусьціў і іншыя прычыны адмовы Латвіі байкатаваць БелАЭС.

Латвія пра парты не казала

Міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс сапраўды казаў у студзені, што хоць і падтрымлівае пазыцыю Літвы што да заклапочанасьці бясьпекай БелАЭС, але Латвія не разглядала энэргетычнае эмбарга БелАЭС. У нядаўнім інтэрвію Tut.by Рынкевічс паўтарыў пазыцыю наконт байкоту БелАЭС: «Мы падзяляем заклапочанасьць Літвы, але размаўляем наўпрост зь беларускімі калегамі».

Міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс, архіўнае фота
Міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс, архіўнае фота

​Але Рынкевічс не казаў, што адмова падтрымаць літоўскі байкот зьвязаная з партамі, не агучвалі гэтага і іншыя латвійскія палітыкі. Заяву Лінкявічуса пра парты у Вэнтсьпілсе і Клайпедзе ў Латвіі пакуль ніяк не камэнтавалі.

Рынкевічс жа ня толькі паўтарыў пазыцыю па БелАЭС, але і заявіў, што больш ня мае пытаньняў пра вучэньні «Захад-2017», хоць раней падтрымліваў занепакоенасьць суседзяў і казаў: «Мы маем засьцярогі, што расейскія войскі, якія ўвойдуць у Беларусь, могуць не сысьці».

Перш за ўсё лягістыка, а не палітыка, — Манёнак

Асноўная маса беларускіх грузаў у тых портах — нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні. Беларуская эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак мяркуе, што Беларуская калійная кампанія і Белнафтахім ацэньваюць порты з гледзішча эканамічнай мэтазгоднасьці, а не палітычных рашэньняў.

Эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак, архіўнае фота
Эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак, архіўнае фота

«Рэч у тым, што праблема была сапраўды даволі істотнай некалькі год таму, калі беларускі бок вызначаўся, як больш эфэктыўна пастаўляць экспартныя тавары, — кажа Свабодзе Манёнак. — Балтыйскія парты маюць прафіцыт партовых магутнасьцяў, таму кожны порт зацікаўлены, каб як мага больш грузаў пайшло празь іх, у тым ліку беларускіх. Пагатоў Латвія зацікаўленая ў іх, бо Расейская Фэдэрацыя кагадзе заявіла, што будзе перанакіроўваць свае грузы з балтыйскіх краінаў у расейскія порты, і яна гэта робіць, хоць і ня так хутка».

Беларуская калійная кампанія два-тры гады таму канчаткова вызначылася, што галоўным портам для яе будзе бліжэйшая да Салігорску Клайпеда, кампанія ўвайшла ў акцыянэрны капітал порту, дамовілася зь літоўскай чыгункай пра выгадныя ўмовы. Такі «лягістычны калідор» Манёнак называе самым эфэктыўным з магчымых.

Нафтапрадукты жа экспартуюцца найперш праз латвійскі порт у Рызе, кажа Манёнак, хоць Вэнтсьпілскі порт раней быў у прыярытэтах. Але цяпер расейскія кампаніі зьнізілі да мінімуму «давальніцкую» перапрацоўку нафты (на ўмовах толінгу) у выніку падатковай палітыкі, перапрацоўваюць нафту на беларускіх заводах толькі дзеля забесьпячэньня палівам сваіх заправак, таму аб’ёмы «далёкага» экспарту нафтапрадуктаў праз Вэнтсьпілс зьнізіліся.

Порт у Клайпедзе, ілюстрацыйнае фота
Порт у Клайпедзе, ілюстрацыйнае фота

«Зьнізіліся цэны на нафту, і наагул прыярытэт беларускага ўраду — менш экспартаваць праз парты і больш прадаваць нафтапрадуктаў на сумежных рынках, каб зьнізіць выдаткі на лягістыку, паступова перанакіроўваць продаж у Польшчу, Малдову, перадусім ва Ўкраіну», — дадае Манёнак.

Яна дапускае, што калі Вэнтсьпілскі порт створыць больш канкурэнтныя магчымасьці, чым Клайпеда, сытуацыя можа зьмяніцца, але вельмі ў тым сумняецца: давядзецца істотна зьнізіць тарыфы на чыгунцы, партовыя зборы і палепшыць іншыя ўмовы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG